Воскресенье, 19 января 2025

85 фактаў з жыцця раёна

432

15 студзеня 2025 года Пружанскаму раёну споўніцца 85 гадоў. За мінулы час на пружанскай зямлі адбылося нямала падзей, якія істотна змянілі аблічча рэгіёна, жыццё людзей. Працягваем успамінаць самыя значныя з іх.

Безумоўна, шмат пружанцаў памятаюць гэты перыяд. Нехта толькі нарадзіўся, іншыя ўжо працавалі на народных будоўлях ці на зямлі. Пры гэтым другія дакладна ведалі, што ствараюць краіну для першых. Каб потым ужо дзеці працягвалі пачэсную справу сваіх бацькоў. Сёння можна сказаць, што тыя спадзяванні цалкам здзейсніліся.

1975—1980 гады:
41 факт.
У гэтыя гады чарговым «трэндам» стала энергаэфектыўнасць, у рамках якой перад усімі вытворцамі была пастаўлена задача павысіць выпуск прадукцыі і пры гэтым знізіць карыстанне энергарэсурсамі. Ад пружанскіх прамысловікаў патрабавалася знізіць на 4-6% расход кацельна-пячнога паліва, электра- і цеплаэнергіі, а таксама металу і стальных труб. Апошняе, напэўна, было выклікана тым, што ў многіх населеных пунктах сталі пракладваць цэнтральнае ацяпленне, каналізацыю, водаправод.

42 факт. У раёне прыступілі да ўзвядзення першага свінагадоўчага комплексу на 24 тысячы галоў у саўгасе «Савецкі». Менавіта пасля запуску ў эксплуатацыю гэтага аб’екта гаспадарка стала называцца «саўгас-камбінат». Дарэчы, «грамадскім назіральнікам» за гэтай будоўляй стала… «раёнка».

43 факт. У Пружанах з’явілася ўласнае меліярацыйнае прадпрыемства, якое нарадзілася пасля раздрабнення вялікай меліярацыйнай арганізацыі, што абслугоўвала некалькі раёнаў. Спачатку ўстанова называлася МУААС, але пасля некалькіх перайменаванняў яна стала вядома сучаснікам пад назвай Пружан-скае ПМС.

44 факт. У названы перыяд у раёне на працягу двух гадоў рэалізоўвалася вялікая праграма дарожнага будаўніцтва. Нават з’явілася ўласная асфальтавая ўстаноўка. Здадзены ў эксплуатацыю дарогі з удасканаленым пакрыццём Шані-Шубічы, Харава-Росахі і іншыя.

45 факт. На аўтадарозе Пружаны-Ружаны аўтамабілістаў стаў сустракаць сімвал Палесся — «жураўлік», які мы зараз клічам «буслом».

46 факт. Вынікам ураджайнасці збожжавых гэтай пяцігодкі стала мяжа ў 22,6 цэнтнераў з гектара, хаця гаспадаркі бралі на сябе абавязацельствы дасягнуць 35-39 ц/га. Толькі калгасы «Рассвет» і «Ленінскі шлях» здолелі выйсці па ячмені на 35 цэнтнера «на круг».

47 факт. Працягваецца будаўніцтва розных вытворчых і жылых аб’ектаў, многія з якіх эксплуатуюцца і зараз. У прыватнасці, у сельскай мясцовасці было здадзена 128 жылых дамоў, а ў Пружанах — 75. Таксама пабудаваны база камбіната камунальных прадпрыемстваў, санстанцыя, прыбудова да паліклінікі, аптэка і ашчадкаса на Кастрычніцкай.

48 факт. У жніўні 1980 года праз Пружаншчыну ўпершыню прайшоў моцны ўраган, які пакінуў без святла 500 вытворчых аб’ектаў і дамоў. Толькі праз тыдзень пружанскія энергетыкі аднавілі электразабеспячэнне поўнасцю.