15 студзеня 2025 года Пружанскаму раёну споўніцца 85 гадоў. За мінулы час на пружанскай зямлі адбылося нямала падзей, якія істотна змянілі аблічча рэгіёна, жыццё людзей. Працягваем успамінаць самыя значныя з іх.
Паступова нарошчваецца эканамічны патэнцыял нашага раёна. Адпаведна, паляпшаецца дабрабыт пружанцаў, мяняецца аблічча райцэнтра, гарадскіх пасёлкаў і сельскіх населеных пунктаў. Безумоўна, не абыходзіцца без клопатаў і вырашэння праблемных пытанняў. Вось толькі цяжкасці пераадольваюцца разам, а чарговыя дасягненні кладуцца ў скарбонку гонару Пружаншчыны.
1970—1975 гады:
35 факт. У гэты перыяд было вырашана гандлёвым аб’ектам прысвойваць званне «Магазін высокай культуры абслугоўвання». Чаму ўзнікла такое новаўвядзенне, засталося «гістарычнай тайнай». Але, як бы там не было, першым у Пружанскім раёне такую ўзнагароду атрымаў смаляніцкі магазін (загадчыца Л.С. Барадоўская).
36 факт. Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Пружаншчыны настолькі ўнушальныя, што за дасягненне лепшых паказчыкаў у рабоце прамысловасці, транспарту і сувязі быў уручаны пераходны Чырвоны сцяг у абласным спаборніцтве. А неўзабаве Пружаншчына выйшла і на першае месца па рэспубліцы, за што атрымала пераходны Чырвоны сцяг ЦК КПБ, Саўміна БССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ.
37 факт. За гэты перыяд у рэгіёне быў пабудаваны шэраг новых прадпрыемстваў. У прыватнасці, створана ПМК-29, на рахунку якой нямала ўзведзеных аб’ектаў вытворчага і жыллёвага прызначэння, сваю першую прадукцыю выпусціў Пружанскі льнозавод. У 1972 годзе створаны саўгас «Савецкі», праект забудовы цэнтральнай сядзібы якога быў распрацаваны Беларускім навукова-даследчым інстытутам сельскага будаўніцтва. А яшчэ — пабудавана база дыслакацыі 181-й верталётнай базы ў в. Новыя Засімавічы.
38 факт. 19 красавіка 1975 года на Пружаншчыне ўпершыню прайшоў камуністычны суботнік, удзел у якім прыняло 43 тысячы чалавек. На праведзеных работах было зароблена 40 тысяч рублёў, якія накіраваны на ўзвядзенне аб’ектаў медыцынскага і сацыяльнага прызначэння.
39 факт. Была праведзена рэканструкцыя плошчы па вул. Савецкай у райцэнтры. Дарэчы, у наступную пяцігодку меркавалася зрабіць гэту вуліцу бульварам, па баках якога планавалася ўзвесці 9-павярховыя дамы.
40 факт. 23 красавіка 1975 года ў абодвух гарадскіх кінатэатрах і на сяле адбылася прэм’ера кінастужкі «Памятай імя сваё», знятай кінастудыямі «Масфільм» і «Ілюзіён» (Польшча). Для пружанцаў гэты фільм уяўляе асаблівую цікавасць, бо яго дзеянне пачынаецца з падзей у нашым горадзе летам 1941 года.