15 студзеня 2025 года Пружанскаму раёну споўніцца 85 гадоў. За мінулы час на пружанскай зямлі адбылося нямала падзей, якія істотна змянілі аблічча рэгіёна, жыццё людзей. Працягваем успамінаць самыя значныя з іх.
Мінула яшчэ пяць гадоў, кожны з якіх пакінуў на Пружаншчыне свой плён. Было шмат дробных падзей, пераважная большасць якіх аб’ядноўвалася ў вялікія, знакавыя дасягненні. Гэта было бачна па абліччы нашых населеных пунктаў, па тым, як змянялася жыццё радавых пружанцаў. А яшчэ па тым, што нарадзілася ўжо мірнае пакаленне беларусаў, з улікам чаго ў 1970 годзе быў распачаты перапіс насельніцтва. А яшчэ з якімі здзяйсненнямі сустракаў Пружанскі раён свой чвэрцьвекавы юбілей?
1965-1970 гады:
30 факт. Штогод на працягу гэтай «пяцігодкі» пружанскія аграрыі нарошчвалі прадукцыйнасць сваёй працы. І ў 1969 годзе вынікі працы на зямлі дасягнулі ўражваючых на той час вышынь. У прыватнасці, валавы ўраджай збожжа склаў па раёне 5800 тон, бульбы — 14700 т, цукровых буракоў — 32200 т, а малака надаілі 34050 тон.
31 факт. У пружанскіх школах пачалі адкрывацца ваенна-патрыятычныя клубы. «Першай ластаўкай» стаў ВПК «Гвардзеец» СШ №1, які пачаў дзейнічаць у школе з 1968 года.
32 факт. Да 25-гадовага юбілею Пружаншчыны ў райцэнтры здадзены ў эксплуатацыю Дом саветаў на Камуністычнай вуліцы (цяпер Р. Шырмы), дзе размясціліся райкам КПБ, райвыканкам і райкам камсамолу.
33 факт. Для падтрымання ініцыятыў па ўпрыгожанні населеных пунктаў сталі праводзіцца спаборніцтвы-агляды санітарнага стану гарадоў, гарадскіх пасёлкаў. Па выніках добраўпарадкавання за 1969 год лепшым быў названы дом № 5 па вул. Свабоды ў г. Пружаны.
34 факт. Пружанскія калгаснікі абавязаліся да чарговага юбілею роднага краю дасягнуць на жніве ўраджайнасці ў 18 цэнтнераў збожжа з гектара. З 31 сельгасарганізацыі не ўсе змаглі стрымаць слова. Крыху не хапіла да вызначанай планкі саўгасу «Ліноўскі» і калгасу «Іскра». А вось пераадолелі абяцаны рубеж калгасы «Зара» (18,5 ц/га), «Радзіма» (18,6 ц/га), саўгас «Зеляневічы» (19 ц/га), калгас «Рассвет» (20,9 ц/га). А безумоўным лідарам жніва-1970 стала гаспадарка «Шлях Леніна», дзе здолелі на круг атрымаць ажно 23,6 цэнтнера зерня.
