15 студзеня 2025 года Пружанскаму раёну споўніцца 85 гадоў.
За мінулы час на пружанскай зямлі адбылося нямала падзей, якія істотна змянілі аблічча рэгіёна, жыццё людзей. Успомнім самыя значныя з іх.
Першая пасляваенная пяцігодка прынесла адчувальныя вынікі ў развіцці народнай гаспадаркі Пружаншчыны. Усё-такі беларусы больш любяць працаваць, будаваць і ствараць, чым ваяваць.
1950 год:
6 факт. Амаль поўнасцю адноўлены сельскагаспадарчыя ўгоддзі раёна, значная частка якіх у ваенныя часы прыйшла ў заняпад. І гэта адбілася на паляпшэнні ўраджайнасці. У 1950 годзе быў дасягнуты чарговы рэкорд — 14 цэнтнераў з гектара збожжа, а ў некаторых калгасах і таго больш. У прыватнасці, лідарамі сталі калгасы — імя Кірава (15 ц/га), імя Леніна (16 ц/га), імя Жданава (17 ц/га).
7 факт. Упершыню 3 ліпеня 1950 года на Пружаншчыне адзначалася знакавая дата для цяперашняй Беларусі. Але тады яна называлася не Дзень Незалежнасці, а Дзень вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
8 факт. Амаль закончыўся перавод дробных аднаасобных сялянскіх гаспадарак у калгасы. У выніку на тэрыторыі раёна былі створаны 87 калектыўных сельгасарганізацый.
9 факт. Было праведзена ўшанаванне шматдзетных маці з адпаведнымі ўзнагародамі: 6 жанчын атрымалі званне «Маці-гераіня», 734 адзначаны ордэнам «Мацярынская слава» і «Медалямі мацярынства».
10 факт. Пачалася маштабная радыёфікацыя сельскіх населеных пунктаў. Радыё становіцца даступным не толькі ў грамадскіх пунктах, але і ў дамах вяскоўцаў. Першымі такую паслугу атрымалі жыхары вёсак Лінова і Аранчыцы.
11 факт. Поўнасцю адноўлена школьная сетка, працуе педвучылішча, сельгасшкола, пашыраецца сістэма аховы здароўя.
12 факт. У Пружанскім раёне пачаў працаваць першы ў Беларусі вінаградны саўгас. Дзе знаходзілася гэта ўстанова і які працоўны шлях яна прайшла, газетныя старонкі «раёнкі», на жаль, не расказваюць. Магчыма, яшчэ ёсць сведкі дзейнасці гэтага саўгаса, якія дапамогуць запоўніць «белыя плямы» гісторыі.