Пятница, 14 февраля 2025

83% избирателей по Пружанскому избирательному округу №9 приняли участие в выборах

1 042

Вынікі асноўнай палітычнай падзеі краіны гэтай восені падведзены: прозвішчы кандыдатаў, якія былі абраны ў склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання, абнародаваны.
Выбары ў Беларусі адбыліся па ўсіх выбарчых акругах краіны, у тым ліку і па Пружанскай №9. Варта адзначыць, што яе выбаршчыкі паказалі высокую грамадзянскую актыўнасць: з 58714 выбаршчыкаў, зарэгістраваных на тэрыторыі акругі, на выбарчыя ўчасткі прыйшло 48738 чалавек. А гэта значыць, што 83% выбаршчыкаў прыняло ўдзел у парламенцкіх выбарах.

Віталь і Юлія Селівонцы прыйшлі на Пружанскі-Ленінскі выбарчы ўчастак №2 з сынамі. Як лічаць бацькі, Арцём і Аляксандр павінны змалку далучацца да важных падзей у краіне.


Варта адзначыць, што многія землякі тлумачылі сваю пазіцыю так: удзел у галасаванні — грамадзянскі абавязак кожнага беларуса, які ні ў якім разе нельга ігнараваць. Таму значная частка тых, каму справы не дазволілі наведаць выбарчы ўчастак у нядзелю, аддавала свае галасы загадзя, у дні датэрміновага галасавання.


Як паведамілі ў акруговай выбарчай камісіі Пружанскай выбарчай акругі №9, маніторынг парламенцкіх выбараў у раёне вяло 176 назіральнікаў, акрэдытаваных у розных выбарчых камісіях. Пераважная большасць назіральнікаў — гэта прадстаўнікі ФПБ і такіх грамадскіх аб’яднанняў, як БРСМ, «Белая Русь», «Беларускі саюз жанчын». Акрамя таго, акругу наведалі міжнародныя назіральнікі — ад АБСЕ і СНД.
На гэты раз на дэпутацкае месца ў ніжняй палаце парламента ад нашай акругі прэтэндавала шэсць вылучэнцаў. Але свой давер электарат аказаў Аляксандру Леўчуку. Менавіта ён з вялікім адрывам апярэдзіў сваіх канкурэнтаў.
Высокую электаральную актыўнасць паказалі выбаршчыкі Пружанскага-Палявога ўчастка №13. Тут панавала добразычлівая святочная абстаноўка, працаваў буфет, выступалі артысты. Як расказала старшыня камісіі Святлана Мацвяйчук, правам датэрміновага галасавання тут скарысталася каля 31% выбаршчыкаў. У асноўны дзень выбараў на 11.00 гадзін раніцы бюлетэні ўжо атрымала каля 700 чалавек з больш як паўтары тысячы, унесеных у спісы. У параўнанні з мінулымі выбарамі гэта дастаткова высокі працэнт.
«Работа нашай участковай камісіі арганізавана ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам краіны. Тут створаны ўсе неабходныя ўмовы, у тым ліку і для выбаршчыкаў з абмежаванымі магчымасцямі: абсталявана месца, дзе можна прагаласаваць седзячы, ёсць трафарэты для тых, хто слаба бачыць. На ўчастку ўстаноўлена паўпразрыстая урна. Каля трох дзясяткаў чалавек пажадала прагаласаваць на даму», — патлумачыла С.С.Мацвяйчук.
Паводле слоў членаў камісіі, на гэтым участку выбаршчыкі заўсёды даволі актыўныя. Магчыма, на гэта ўплывае і тое, што на ўчастку пражывае шмат маладых сем‘яў, нераўнадушных да будучыні сваіх дзяцей, якая залежыць ад дабрабыту і ста-більнасці краіны ў цэлым.
Свой голас за аднаго з кандыдатаў на гэтым участку аддаў і старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун.


«Удзел у выбарах — абавязак кожнага грамадзяніна сваёй краіны. Выбары ў парламент — выбар палітыкі дзяржавы: бо дэпутаты прымаюць законы. Перш чым паставіць пазнаку побач з прозвішчам кагосьці з вылучэнцаў, я ўважліва азнаёміўся з праграмамі кожнага з іх і з іх пазіцыяй падчас тэледэбатаў, выступленняў, вывучыў жыццёвую пазіцыю кандыдатаў. На маю думку, дэпутатам у рэгіёне павінен быць той чалавек, які ведае яго і перажывае за яго, знаходзіцца ў курсе праблемаў не толькі калектыву, у якім працуе, але і наогул рэгіёна ў цэлым. Прадстаўляючы сваю акругу ў парламенце, прымаючы законы, такі чалавек будзе кіравацца інтарэсамі і патрэбамі сваёй малой радзімы. Я аддаў свой голас за дастойнага, на мой погляд кандыдата, які годна будзе прадстаўляць інтарэсы Пружаншчыны ў парламенце», — падзяліўся з карэспандэнтам сваім меркаваннем Юрый Юр’евіч.

Член участковай выбарчай камісіі В.А.Анташок і пацыентка В.Ф.Кульба.

Карэспандэнты пацікавіліся тым, як праходзіла галасаванне на Пружанскім-Прыбальнічным выбарчым участку №10. Людзі, якія знаходзіліся ў асноўны дзень выбараў на лячэнні ў стацыянары бальніцы, таксама мелі магчымасць выканаць свой грамадзянскі абавязак.

Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіч.

Паведамленне акруговай выбарчай камісіі Пружанскай выбарчай акругі № 9 па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання
18 лістапада 2019 года адбылося чарговае пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Пружанскай выбарчай акругі № 9, на якім у адпаведнасці з артыкулам 82 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь былі ўстаноўлены вынікі выбараў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання па Пружанскай выбарчай акрузе № 9.
Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Пружанскай выбарчай акрузе № 9 абраны Ляўчук Аляксандр Георгіевіч, 9 мая 1985 года нараджэння, галоўны ветэрынарны ўрач ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка», які пражывае ў в. Быстрыца Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці, беспартыйны.
Агульная колькасць выбаршчыкаў па акрузе — 58714 чалавек,
колькасць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні, — 48738,
колькасць галасоў, пададзеных за кожнага кандыдата ў дэпутаты:
ЗІНЧАНКА Аляксандр Мікалаевіч — 1771,
ЛЕВАШЭВІЧ Вадзім Аляксандравіч — 6412,
ЛЯЎЧУК Аляксандр Георгіевіч — 28298,
МАЙСЯЁНАК Вадзім Уладзіміравіч — 1670,
НОВІК Міхаіл Аляксеевіч — 1756,
ТАРАСЕВІЧ Таццяна Міхайлаўна — 2344,
колькасць галасоў, пададзеных супраць усіх кандыдатаў, — 5799,
колькасць бюлетэняў, прызнаных несапраўднымі, — 688.

Старшыня камісіі С.В.Бабрук.