Краіна адсвяткавала Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. 80 гадоў таму, 3 ліпеня 1944 года, сталіца нашай Радзімы горад Мінск, быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Гэта важна і знакава, што Дзень Незалежнасці ў нашай Беларусі святкуецца не з той даты, як развалілі Савецкі Саюз і 15 рэспублік-сясцёр разышліся па сваіх «кватэрах» і пачалі самастойна існаваць, а іменна з даты вызвалення Мінска ад карычневай чумы фашызму. Яшчэ ішлі баі на тэрыторыі краіны, яшчэ гінулі воіны і мірныя грамадзяне, але вызваленчая хваля набірала моц і гнала ворага да яго логава.
Святочны дзень пачаўся з малебна на гарадскіх могілках і ўскладання вянкоў і кветак да ўсіх месцаў пахавання воінаў і мірных жыхароў.

Пра гады ваеннага ліхалецця і вызваленне гаварылася на мітынгу, які прайшоў традыцыйна на плошчы каля Пружанскага райвыканкама. Узгадалі і пра тое, як пачыналася адраджэнне зруйнаванай краіны, адбудоўваліся гарады, узводзілася жыллё, аднаўляліся прадпрыемствы, як жыццё пакрысе наладжвалася.

І зараз Беларусь з’яўляецца не проста прыгожай і квітнеючай, але і вядучай прамысловай краінай. Мы вырабляем якасную прадукцыю, якая карыстаецца значным попытам ва ўсім свеце.
Да прысутных з прывітальнымі словамі, віншаваннямі звярталіся старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, ваенны камісар Пружанскага раёна Кірыл Шаўчэнка, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч, старшыня праўлення раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля Чарэшка, першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук.
Музычныя нумары дарылі народны хор «Чырвоны гваздзік» і Ангеліна Шумская.
Адсюль свята перамясцілася на плошчу каля Палаца культуры, стадыён і ў гарадскі парк. Да позняга вечара гучала музыка, працягваліся канцэрты і спартыўныя спаборніцтвы, вясёлыя гульні і танцы.
А завяршыўся святочны дзень на высокай ноце — агульным выкананнем Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
Віктар Ільюшчанка.
Фота Кацярыны Масік
Вялікія фотаальбомы са святочных мерапрыемстваў глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_303269118 і https://ok.ru/budni/album/980710938504
