Суббота, 8 ноября 2025
184

Пацяруха Сцяпан Піліпавіч (1904−1982)

Нарадзіўся 27 жніўня 1904 года ў в. Калядзічы Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. З дзяцінства зведаў цяжкую сялянскую працу. У час Першай сусветнай вайны сям’я была ў эвакуацыі, Пацярухі аселі ў Самарскай губерні. На радзіму вярнуліся ў 1920 годзе.

Працяглы час Сцяпан Пацяруха працаваў лесарубам у Ружанскай і Белавежскай пушчах. Ведаў цяжкасці і турботы рабочага люду, таму без ваганняў пачаў выконваць даручэнні рэвалюцыянераў-падпольшчыкаў Заходняй Беларусі. Па рэкамендацыі Веры Харужай, якая знаходзілася ў 1924 годзе на Пружаншчыне, Сцяпан Пацяруха ўступіў у рады КПЗБ. Разам з паплечнікамі па КПЗБ і КСМЗБ праводзіў вялікую работу на Пружаншчыне за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне Заходняй Беларусі і за ўз’яднанне з БССР.

У 1920-я гады ствараў арганізацыі КПЗБ у Палескім ваяводстве, за што ў 1925–1927 гадах быў заключаны ў турму ў Брэсце-над-Бугам. У 1928 годзе Сцяпан Пацяруха ўзначальваў Пружанскі падпольны райкам КПЗБ.

У 1932 годзе арганізаваў забастоўку рабочых лясных промыслаў у Белавежскай і Ружанскай пушчах, у якой прынялі ўдзел больш за 4000 лесарубаў з 56 вёсак пушчанскага краю. Забастоўка закончылася частковай перамогай лесарубаў. У памяць аб гэтых падзеях у в. Крыніца на будынку школы ўсталявана мемарыяльная дошка. У 1932–1939 гадах С. П. Пацяруха зноў знаходзіўся ў турме, паўгода – у польскім канцлагеры Бяроза-Картузская.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годзе Сцяпан Піліпавіч становіцца намеснікам старшыні Пружанскага, старшынёй Поразаўскага райвыканкамаў. С. П. Пацяруха – першы дэпутат Вярхоўнага Савета СССР ад Пружаншчыны (1940–1946).

У гады Вялікай Айчыннай вайны быў арганізатарам падпольнага і партызанскага руху ў Белавежскай і Ружанскай пушчах. Разам з Міронам Крыштафовічам, Іосіфам Урбановічам, Мікалаем Клімцом, Аляксеем Дурэйка, Аляксандрам Самуйлікам і іншымі былымі членамі КПЗБ ІКСМЗБ арганізаваў антыфашысцкае падполле ў Пружанскім, Шарашоўскім і Ружанскім раёнах.

З 1943 года – памочнік упаўнаважанага ЦК КПБ па Брэсцкай вобласці, затым – член Брэсцкага падпольнага абкама КПБ, сакратар Пружанскага падпольнага райкама КПБ, камісар партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі.

Пасля вайны С. П. Пацяруха доўгі час працаваў сакратаром Шарашоўскага і Пружанскага райкама партыі. Закончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1953). З’яўляўся старшынёй Савета ветэранаў – былых членаў КПЗБ і КСМЗБ Пружанскага раёна. Ганаровы грамадзянін г. Пружаны з 1978 года.

Свае ўспаміны аб падзеях 1920–1930-х гадоў Сцяпан Піліпавіч пакінуў у кнізе «У суровыя гады падполля» (1958) – нарыс “У Пружанскім павеце” (суаўтар М. Е. Крыштафовіч).

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны І ступені, Чырвонага Сцяга, Знак Пашаны, пятнаццацю медалямі, ордэнам Польскай Народнай Рэспублікі.

Сцяпан Піліпавіч Пацяруха памёр 7 сакавiка 1982 года.