Мерапрыемства, прысвечанае ўручэнню павестак прызыўнікам на ваенную службу, прайшло на гэтым тыдні ў вялікай зале Палаца культуры.

Ужо не першы год у нашым раёне стала добрай традыцыяй ва ўрачыстай абстаноўцы, праводзіць на службу ва Узброеныя Сілы маладых землякоў.
Акрамя саміх навабранцаў, якім былі ўручаны павесткі, удзел у мерапрыемстве прынялі ваенны камісар Пружанскага раёна, падпалкоўнік Кірыл Шаўчэнка, камандзір узвода міліцыі раённага аддзела Дэпартамента аховы, лейтэнант міліцыі Дзмітрый Мышкевіч і старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Уладзімір Яцкевіч. Кожны з іх пажадаў хлопцам добрай і ўдалай службы. Таксама айцец Дыянісій блаславіў прызыўнікоў і пажадаў ім добрых камандзіраў і надзейных саслужыўцаў.

У восеньскую прызыўную кампанію гэтага года з Пружанскага раёна на тэрміновую службу адправяцца 70 чалавек, якія пройдуць яе ў розных кутках нашай краіны, у такіх гарадах, як Бяроза, Баранавічы, Брэст, Гродна, Мінск і іншыя. На жаль, ёсць і выпадкі ўхілення ад службы ў войску. У гэтым прызыўным сезоне іх два, кожны будзе разгледжаны асобна пасля заканчэння мерапрыемстваў па прызыве. Ёсць верагоднасць таго, што абодва выпадкі патрапяць пад крымінальны артыкул, і маладым людзям будзе неабходна панесці за гэта адказнасць.
Мы ж, у сваю чаргу, жадаем усім нашым будучым салдатам упэўнена несці службу, годна праявіць сябе і вярнуцца дадому здаровымі.
Руслан Басак.
Фота Кацярыны Масік
Глядзець фотаальбомы: https://vk.com/album-23306785_304457687 і https://ok.ru/budni/album/984058503560
