70-годдзе з дня свайго ўтварэння адзначыў Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж. Гэтую ўстанову па праве можна назваць кузняй кадраў не толькі для сельскагаспадарчых арганізацый раёна, але і вобласці, і нават рэспублікі.
А сапраўды, чаго яшчэ пажадаць з нагоды юбілею навучальнай установе? Канечне, можна пажадаць яшчэ ўдзячных навучэнцаў, шматлікіх перамог на розных узроўнях. Каб з дня ў дзень хацелася ісці на працу і ўжо там перадаваць свае веды юнакам і дзяўчатам, бачыць іх светлыя вочы, разам з імі радавацца дасягненням і перажываць, калі нешта не атрымалася з першага разу. Вось такія шчырыя словы і гучалі ў адрас Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, які на мінулым тыдні адзначыў сваё 70-годдзе.
Святкавалі, танцавалі і спявалі цудоўныя песні ў вялікай зале Пружанскага Палаца культуры, дзе сабраліся і ветэраны навучальнай установы, і шматлікія госці, і навучэнцы каледжа. Вось ужо сапраўды яблыку не было дзе ўпасці!
Цікавым па задуме было з’яўленне на сцэне трох пар вядучых, якія сімвалізавалі сабой пераемнасць пакаленняў: старэйшага, сярэдняга і маладога. І не толькі ў перадачы працоўнага вопыту справа, традыцыі таксама павінны шанавацца, каб помнілася гісторыя каледжа, мацавалася новымі перамогамі.
Старэйшыя вядучыя — Сяргей Барылюк і Святлана Грышкевіч нагадалі прысутным пра станаўленне навучальнай установы, якая сваю дзейнасць распачала 5 кастрычніка 1953 года. За семдзесят гадоў каледж падрыхтаваў і выпусціў больш за 26 тысяч спецыялістаў! Высокакваліфікаваных, адказных, сумленных прафесіяналаў сваёй справы. Не шкадавалі цёплых слоў і для тых людзей, хто ў свой час кіраваў установай. Букет кветак быў уручаны Уладзіміру Міхайлавічу Туру, які 27 гадоў займаў пасаду дырэктара. Пры ім значна пашырыўся пералік спецыяльнасцей, па якіх рыхтавалі спецыялістаў: былі адкрыты аддзяленні аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў і арганізацыі работы сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, кіравання ў аграпрамысловым комплексе.
Юбілей каледжа — гэта не толькі старонкі яго гісторыі, а яшчэ і памяць пра тых, хто ў розныя гады сеяў разумнае, добрае, вечнае. Бурнымі апладысментамі віталі ветэранаў, дзякавалі ім за адданасць агульнай справе. Большую частку свайго жыцця прысвяціў навучанню і выхаванню маладога пакалення Мікалай Сцяпанавіч Пілюцік, які ў вершаванай форме віншаваў альма-матар з юбілеем.
Узгадалі і тых былых работнікаў, што ўжо пайшлі з жыцця. Мінутай маўчання ўшанавалі іх памяць.
У каледжы, як адзначыла наступная пара вядучых — Аляксандр Саковіч і Таццяна Жогал, вялікая ўвага ўдзяляецца працоўнаму і патрыятычнаму выхаванню, установа славіцца працоўнымі дынастыямі і дасягненнямі не толькі ў вучэбнай дзейнасці, але і ў спорце. Не забываюць тут і пра культурны вольны час. Каб вы толькі бачылі, як на свяце вытанцоўвалі навучэнцы і выкладчыкі каледжа, чулі, якія шчымлівыя песні спявалі. Адно замілаванне!
Твар навучальнай установы — гэта не яго карпусы, вокны, дзверы, а людзі, якія і ўвасабляюць сабой Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж. Дзякуй работнікам усіх структур за сумленную працу, адказныя адносіны да сваёй справы.
І, канечне, будзем згодны з трэцяй парай вядучых — Ягорам Кашубам і Ганнай Зімневай, што гонар каледжа — гэта яго выпускнікі. Яны раз’ехаліся па розных кутках нашай Радзімы. І вельмі прыемна, што многія знайшлі свой шлях у жыцці і працягваюць развіваць і ўдасканальваць сябе, сваю душу і талент. Адным з такіх, дарэчы, з’яўляецца і цяперашні дырэктар каледжа Дзмітрый Чайкоўскі.
У сваёй прывітальнай прамове Дзмітрый Уладзіміравіч адзначыў, што 70 гадоў — гэта быццам бы і шмат, але ж ёсць яшчэ нямала вяршынь, якія абавязкова патрэбна пакарыць. Пажадаў усім мэтанакіраванасці, быць заўсёды адкрытымі для новага і ніколі не сумнявацца ў сваіх здольнасцях. Пасля ўручыў узнагароды ад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Дырэктар ДУ «Рэгіянальны цэнтр метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці» Андрэй Кавалеўскі прывёз не толькі Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, але і сертыфікат на набыццё грузавога аўтамабіля! Вось сапраўды каштоўны падарунак, які вельмі дарэчы для каледжа.
Жадалі поспехаў на педагагічнай ніве старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец і намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч. І падарункі ўручылі, а як жа без іх падчас юбілею! Калі заслужыў, то і атрымай узнагароду ў знак удзячнасці за шматгадовую добрасумленную працу, актыўную грамадскую дзейнасць.
Прафсаюзы ў нашай краіне не застаюцца ўбаку ад жыцця як кожнага грамадзяніна, так і цэлага калектыву. Жадала здароўя, усяго самага найлепшага каледжу старшыня Пружанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Зубкова.
Многія навучэнцы каледжа праходзяць практыку ў гаспадарках раёна і тут жа знаходзяць сваё першае працоўнае месца. А яшчэ з цягам часу самі становяцца кіраўнікамі падраздзяленняў, узначальваюць сельгаставарыствы. Як, напрыклад, Дзяніс Кулеша, які з нядаўняга часу займае пасаду дырэктара ААТ «Радзіма». Як заўважыў Дзяніс Антонавіч, у навучальнай установе даюцца грунтоўныя веды па спецыяльнасцях, толькі бяры іх, не лянуйся, усё ў тваіх руках.
Гаспадаркі раёна падумалі — і падарылі каледжу сертыфікат на легкавы аўтамабіль! Вось і другая нечаканасць! Вельмі прыемная!
А дырэктар УП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя НАН Беларусі» Уладзімір Цімошчанка ўручыў Дзмітрыю Чайкоўскаму ноўтбук з прынтарам. З аргтэхнікай на свята прыехаў і загадчык кафедры тэхнічнага сэрвісу і агульнаінжынерных дысцыплін УА «Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія» Віктар Кацуба. Калега — калегу. Дырэктар УА «Кобрынскі дзяржаўны палітэхнічны каледж» Аляксандр Юшчук уручыў Дзмітрыю Чайкоўскаму сертыфікат на мыйку высокага ціску для навядзення парадку і чысціні ў аўтапарку каледжа.
Колькі яшчэ было выступленняў і падарункаў — не пералічыць! Кожны выступоўца жадаў упэўненасці ў заўтрашнім дні, даўгалецця, каб заўсёды былі побач поспех, удача і шанцаванне.
І напрыканцы мерапрыемства дырэктар каледжа Дзмітрый Чайкоўскі ўзнагародзіў граматамі і падзякамі работнікаў і навучэнцаў установы адукацыі. Кожны з іх стараецца дзеля агульнай справы, значыць, заслугоўвае ўвагі і падзякі за працу.
Вось і 70 гадоў прамільгнулі, быццам кадры ў кіно. Але будзем спадзявацца, што самае цікавае ў каледжа яшчэ наперадзе. Няхай будучае будзе светлым і паспяховым. Натхнення вам на доўгія гады, сіл фізічных і маральных!
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярына МАСІК