Учора 70-годдзе з дня свайго ўтварэння адзначыў 210 авіяцыйны палігон Ваенна-Паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, які знаходзіцца побач з г.п.Ружаны.
Пра дзень сённяшні вайсковай часці расказвае начальнік палігона падпалкоўнік В.А.Жамайдук.

— Размешчаны на тэрыторыі адразу трох раёнаў: Пружанскага, Івацэвіцкага і Бярозаўскага, — удакладняе Валянцін Аляксандравіч, — палігон па-ранейшаму адказна вырашае сваё галоўнае прызначэнне. Тут удасканальваюць свой баявы ўзровень падраздзяленні Ваенна-Паветраных сіл і войскаў СПА, асвойваюцца новыя віды баявога прымянення авіяцыйных комплексаў, праводзяцца вучэнні. Практычна кожны тыдзень на нашым палігоне беларускія авіятары свае тэарэтычныя веды замацоўваюць на практыцы.

— Вядома, няпроста сказаць пра змяненні, якія адбываліся на палігоне за гады існавання… І ўсё ж, што галоўнае Вы адзначыце?

Адчуваючы добрыя адносіны да сябе, салдаты з задавальненнем дапамагаюць работнікам сталоўкі. А малодшы сяржант Аляксей Масленнікаў (родам з в.Мурава) проста зазначае: “У нас цудоўны калектыў”.
— Сваю гісторыю наша вайсковая часць пачынае з пасляваеннага 1946 года, калі 1 студзеня і быў сфарміраваны 40 акруговы авіяцыйны палігон. За гады існавання палігон неаднаразова мяняў сваю назву. Але ва ўсе часы асабовы састаў палігона заўсёды вызначала высокае пачуццё адказнасці пры рашэнні складаных задач па забеспячэнні баявой вучобы авіяцыйных часцей. З часам мяняліся не толькі людзі, якія неслі тут сваю службу, але і інфраструктура. Захаваліся ўспаміны аб тым, што ў год стварэння палігона салдаты і афіцэры наогул жылі ў зямлянках. А першым транспартным сродкам была конная павозка. Паступова было пабудавана памяшканне штаба, затым казарма, кацельня, пункт кіравання… Цяпер жыццё ў ваенным гарадку ідзе сваім чынам: ваеннаслужачыя забяспечаны жыллём, у нас працуе магазін, арганізаваны падвоз дзяцей у школу, створаны пры часці жаночы савет праводзіць культурныя мерапрыемствы. А вось галоўнае прызначэнне па абслугоўванні палігона плошчай каля васьмі тысяч гектараў і забеспячэнні авіяцыйных палётаў засталося ранейшым.

— Аб напружанасці паўсядзённага жыцця часці сведчаць вынікі вучэнняў?
— 210 авіяцыйны палігон “Ружаны” з’яўляецца неад’емнай часткай Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Тут вядзецца баявое прымяненне авіяцыйных сродкаў паражэння, забяспечваюць якое вайскоўцы і цывільны персанал палігона. У гісторыі палігона — удзел ва ўсіх буйных вучэннях, якія праводзіліся на тэрыторыі Беларускай ваеннай акругі. За высокія паказчыкі ў баявой падрыхтоўцы ў 1989 годзе 210 авіяцыйны палігон быў занесены ў Кнігу гонару ВПС СССР.

Слаўныя традыцыі часці асабовы састаў палігона працягвае і зараз. З высокай якасцю забяспечана выкананне задач вучэнняў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь “Нёман-2001”, “Бярэзіна-2002”, “Чыстае неба-2003”, “Шчыт Айчыны-2004”, “Шчыт Саюза- 2006”, “Восень-2008”, “Захад- 2009” і “Захад-2013”. У хо-дзе планавых палётаў авіяцыі на базе палігона вялося выпрабаванне баявых магчымасцей мадэрнізаваных самалётаў і верталётаў. Тут пастаянна ўдасканальваюць майстэрства баявога прымянення авіяцыйных сродкаў паражэння лётчыкі ўсіх відаў авіяцыі.

— Але ж у многім гэта залежыць ад прафесіяналізму асабовага саставу палігона. Валянцін Аляксандравіч, каго Вы хацелі б адзначыць асобна?

— З высокай якасцю вырашаюць пастаўленыя задачы падпалкоўнікі Ц.С.Стома, Г.І.Сакалачка, П.В.Кудака, капітан С.А.Філіновіч, старшы лейтэнант К.П.Праўдзін, старшы прапаршчык А.М.Ракуць і іншыя. Як камандзір магу з поўнай адказнасцю заявіць, што асабовы састаў 210 авіяцыйнага палігона і далей будзе з высокай якасцю вырашаць задачы па забеспячэнні баявой вучобы вартавых мірнага неба нашай Радзімы.
Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч (фота).