Нягледзячы на маштабнае развіццё мабільнай сувязі, традыцыйная стацыянарная тэлефанізацыя захоўвае сваю папулярнасць у абанентаў. І гэта, як сцвярджае начальнік раённага вузла электрасувязі М.Я.Валынскі, заканамерна.
— Справа ў тым, што цяперашняя стацыянарная сувязь амаль поўнасцю змяніла сваю сутнасць,— тлумачыць Мікалай Яўгенавіч.— І мабільнікі па некаторых паказчыках нават не змогуць параўнацца з хатнімі тэлефонамі. Гэта тычыцца і якасці паслуг, і іх асартыменту. Па-другое, мы імкнемся нароўні канкурыраваць з бесправадной сувяззю: хутка задавальняюцца заяўкі на тэлефанізацыю, вядзецца пастаянная мадэрнізацыя абсталявання.
На працягу мінулага і часткі бягучага года пружанскія сувязісты замянілі былыя лініі сувязі на новыя оптавалаконныя кабелі ў вёсках Клятное, Мурава, Стараволя, Слабудка, Харава, Мокрае, Клепачы, Белавусаўшчына, Сланімцы і Шчарчова. Такім чынам дзве трэці АТС на Пружаншчыне цяпер маюць больш якасную сувязь. Там, дзе было неабходна, павялічвалі нумарную ёмістасць. У бягучым годзе запланавана мадэрнізацыя ліній сувязі ў вёсках Зеляне-вічы, Магілёўцы, Калазубы, Кавалі, Лыскава, Шані, Гара-дзечна.
Трэба сказаць, што ў маі бягучага года сацыяльныя стандарты ў галіне сувязі папоўніліся новымі параметрамі. Напрыклад, з’явіліся нарматывы, якія рэгламентуюць тэрмін выканання заказу на правядзенне тэлефона, доступ да хуткаснага інтэрнэту ў залежнасці ад колькасці жыхароў, наяўнасць сувязі ў аграгарадках і многае іншае. Шчыра кажучы, мы загадзя рыхтаваліся да такіх змен і сёння можам сказаць, што поўнасцю выканалі патрабаванні сацыяльнага стандарту.
— Раней таксама без праблем можна было патэлефанаваць сябрам і знаёмым у любы куток свету. Навошта выдаткоўваць вялікія грошы на мадэрнізацыю?
— Па-першае, як я ўжо казаў, гэта звязана з якасцю сувязі. Оптавалакно мала залежыць ад умоў надвор’я. Раней падчас навальніцы лініі сувязі, якія траплялі ў зону цыклона, маглі выйсці са строю. Цяпер жа ад гэтага вяскоўцы застрахаваны. Па-другое, гэтую мадэрнізацыю з нецярпеннем чакалі многія жыхары раёна. Сёння паслугай byfly карыстаюцца каля чатырох тысяч пружанцаў, а інтэрактыўнае тэлебачанне маюць амаль дзве тысячы абанентаў. Зараз папулярнасцю карыстаюцца так званыя пакеты паслуг, у якія адразу ўваходзяць сувязь, тэлебачанне і інтэрнэт. З пачатку мая можна, напрыклад, стаць абанентам пакета «Універсал», які дае магчымасць кругласутачна карыстацца шырокапалосным інтэрнэтам, глядзець інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA, сюды таксама ўключана 1000 мінут мясцовых размоў, 300 мінут — па вобласці і 200 — па рэспубліцы.
Па-трэцяе, новыя лініі сувязі даюць магчымасць карыстацца шырокім спектрам паслуг. Мы ўвогуле амаль поўнасцю сцерлі межы паміж вёскай і горадам для сваіх абанентаў.
— Памятаю, падчас адной з прэзентацый некалькі гадоў назад Вы расказвалі пра тое, што хутка з’явіцца «тэлебачанне па тэлефоне». Навінка выдатна прыжылася на Пружаншчыне і цяпер мае шмат абанентаў. Магчыма, ёсць яшчэ якія-небудзь сюрпрызы ад сувязістаў?
— Увесь свет адыходзіць ад устаноўкі тэлефонных станцый і ідзе па шляху больш таннай тэлефанізацыі. Мы таксама хутка будзем без будаўніцтва АТС весці оптавалаконны кабель у кожны дом або кватэру. Што гэта дасць абанентам? Мяркуйце самі: тыя, хто звяртаўся да нас з просьбай падключыцца да высокахуткаснага інтэрнэту, сутыкаўся з праблемай адлегласці ад вузла перадачы дадзеных. У выніку ўкаранення новай тэхналогіі пытанне адлегласці знікне, а хуткасць значна вырасце.
Сёння «Белтэлекам» будуе новую xPON сетку на базе платформы IMS. Навінка дае магчымасць пашырыць асартымент аказваемых паслуг і даць абанентам тыя, якія прадастаўляе мабільнік. Гэта і музыка замест гудка падчас чакання выкліку, перадача паведамленняў накшталт SMS і іншыя.
— Вузел электрасувязі заўсёды вызначаўся зла-джаным калектывам. Напэўна, таго яднання наўрад ці можна дасягнуць без захавання традыцый мінулых пакаленняў сувязістаў?
— Безумоўна, мы заўсёды памятаем пра сваіх ветэранаў, аказваем ім пастаянную маральную і матэрыяльную падтрымку. Нягледзячы на рознасць эпох, нам вельмі неабходны іх вопыт, бо па-ранейшаму працуем з людзьмі, вучымся на іх гісторыі будаваць свае адносіны з абанентамі. Таму, карыстаючыся момантам, віншую ўсіх, асабліва ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ветэранаў сувязі з надыходзячым святам Вялікай Перамогі. Хочацца, каб вы пажылі даўжэй і сваім прыкладам навучылі сумленна жыць яшчэ не адно пакаленне беларусаў. «Белтэлекам» робіць нашым абаронцам, дзядам і бабулям традыцыйны перадсвяточны падарунак: бясплатныя тэлефонныя размовы з сябрамі ў любой краіне.
З нагоды прафесійнага свята словы падзякі выказваю ўсім работнікам сувязі. Асабліва хачу адзначыць як лепшых інжынера Ю.Б.Бялецкага, аператара сувязі Л.Г.Мацаюк, электрамеханіка В.А.Рабцава, электраманцёраў Б.І.Панасюка і В.М.Сайчука, кабельшчыка-спайшчыка П.У.Апанасевіча. Жадаю, каб кожны дзень вы з ахвотай ішлі на працу, а дахаты вярталіся з добрым настроем.
Гутарыў Алег Сідарэнка.