Імкліва бягуць цягнікі, адна за адной мяняюцца станцыі, манатонна пастукваюць колы… І так штодзень, без выхадных і перапынкаў на адпачынак. Але ці многія з нас, з’яўляючыся пасажырамі цягніка, задумваюцца, што камфорт і бесперабойную работу чыгункі забяспечвае цэлая армія людзей? Гэта не толькі машыністы, праваднікі, касіры, работа якіх навідавоку, але і інжынерна-тэхнічныя работнікі, пуцейцы, дзяжурныя па станцыях і многія іншыя, каго аб’ядноўвае слова «чыгуначнік».
— Акрамя таго, што мы абслугоўваем пасажыраў, яшчэ займаемся і пагрузкай-выгрузкай грузаў, — расказвае начальнік станцыі Аранчыцы С.І.Бысюк. — Намнога пабольшала работы з будаўніцтвам аб’язной дарогі ўздоўж Белавежскай пушчы. Нашы супрацоўнікі нават забылі, што такое выхадныя.
Аб’ём работ, ускладзены на Аранчыцкі ўчастак «Брэст-грузтранслагістык» і сёлета сапраўды ўнушальны: 180% да ўзроўню мінулага года. Калі ў 2010 годзе чыгуначнікі выгружалі за суткі каля 20 вагонаў сыпучых грузаў, якія развозіліся на будоўлі раёна, дык цяпер іншы раз — нават сотню вагонаў. Пры тым, што штат застаўся ранейшым. Але ў сувязі з павелічэннем аб’ёмаў работ клас станцыі ўзрос да другога, і па выніках паўгоддзя калектыў заняў першае месца ў вобласці ў сваёй катэгорыі.
— А наперадзе — яшчэ і пагрузка зерня, якая толькі набірае абароты, — удакладняе Сяргей Іванавіч. — Адным словам, без работы не застанемся.
Як сведчаць білетныя касіры, значна павялічыўся і пасажырапаток. Яны тлумачаць гэта тым, што свабодную часавую нішу занялі дадатковыя цягнікі, а кошт білетаў на праезд у чыгуначным транспарце, які курсіруе ў межах краіны, асабліва не павялічыўся і застаецца адносна танным. У іншы дзень на адзін толькі цягнік касір абілечвае каля 200 чалавек.
— Чыгунка сёння крочыць у ногу з часам, — запэўнівае старшы білетны касір Л.П.Баліцкая. — Акрамя таго, што за білет па Беларусі сёння мы прымаем разлік пластыкавай карткай, пасажыры могуць скарыстацца і паслугамі сайта Беларускай чыгункі: не выходзячы з дому, заказаць і аплаціць білет праз інтэрнэт і забраць яго ў касе непасрэдна перад паездкай.
Усё гэта сведчыць пра тое, што, нягледзячы на сцвярджэнні скептыкаў, што чыгунка аджыве свой век, яна па-ранейшаму застаецца запатрабаванай і ў наступным годзе адзначыць 150-гадовы юбілей з дня свайго стварэння.
Марына Вакульская, Аляксандр Мелеш (фота).
На здымку: Лідзія Піліпаўна Баліцкая — адзін з самых вопытных касіраў на станцыі Аранчыцы. Яе працоўны стаж — больш 30 гадоў. Гэтую жанчыну і яе калег заўсёды адрозніваюць ветлівае стаўленне да кліентаў, якое і з’яўляецца закладам паспяховай працы, звязанай са зносінамі з людзьмі.