Пятница, 23 мая 2025

Як у Шаняўскім дзіцячым садку выхоўваюць у дзетак пачуццё патрыятызму

268

Калі гаворка заходзіць пра Дзень Перамогі, мне чамусьці ўспамінаецца дзяцінства: святочнае шэсце, мітынг, канцэрты і, канечне, ветэраны. Дакладней, адна з іх, жанчына, якой я, яшчэ зусім маленькі хлопчык, уручыў галінку бэзу, акуратна зрэзаную для гэтага мамай. А ў адказ пачуў: «Дзякуй! Ты — нібыта анёлак з таго далёкага 45-га…» І гэтыя словы захаваліся ў сэрцы на ўсё жыццё.

Ідзе час, сёлета мы адзначылі 79-ю гадавіну Вялікай Перамогі і рыхтуемся сустрэць 80-годдзе вызвалення Беларусі. Атрыбуты свята, нягледзячы на гады, застаюцца з намі, але тых, хто падарыў перамогу, застаецца ўсё менш. Ці жывая тая жанчына? Не ведаю. Але памятаю.

Думаю, што абавязкова запомняць сведку ваенных падзей, стагадовую жыхарку вёскі Шубічы Марыю Аляксандраўну Бабрук, і цяперашнія выхаванцы Шаняўскога дзіцячага садка. Дванаццаць дзетак былі гасцямі ў доме гэтага адзінага ў Шаняўскім сельсавеце ветэрана. Прыходзілі сюды разам з выхавацелямі, каб паслухаць цікавыя гісторыі, убачыць узнагароды і, канечне, павіншаваць са святам.

Тут і нарадзілася ідэя запісаць памятнае відэа, каб праз гады хлопчыкі і дзяўчынкі маглі паказаць яго сваім дзецям і расказаць пра тое, што ведалі і віншавалі сапраўднага ветэрана. Амаль прыступілі да рэалізацыі, як выхавацель Наталля Кульбяда ўбачыла аб’яву аб правядзенні раённага конкурсу відэавіншаванняў «Дзякуй, Вам, ветэраны!». Параіўшыся з калегамі і бацькамі, вырашылі прыняць у ім удзел.

— Нашы выхаванцы вельмі таленавітыя. І хоць у садку сёння няма музычнага кіраўніка, гэты накірунак развіцця малых не застаецца па-за ўвагай, — расказвае выхавацель рознаўзроставай інтэграванай групы і па сумяшчальніцтве дэфектолаг Шаняўскога садка Вольга Казбяровіч.

Яна расказвае, што, акрамя відэавіншавання, сталі рыхтаваць і музычныя нумары ваеннай тэматыкі. Каб дзейства было яшчэ больш пранікнёным, бацькі вырашылі дапамагчы выхавацелям і заказалі стылізаваную ваенную форму тых часоў для хлопчыкаў і сукеначкі для дзяўчынак.

Развучвалі песні і вершы, рэпетыравалі харэаграфічныя пастаноўкі, наведвалі Марыю Аляксандраўну… У выніку атрымаўся цудоўны і душэўны відэаролік, які ацанілі і адзначылі другім месцам на конкурсе «Дзякуй Вам, ветэраны!».

Уручэнне дыплома адбылося ў Дзень Перамогі ў Пружанах, падчас святочнай праграмы ў амфітэатры. Тут жа, на сцэне, можна было ўбачыць і пастаноўкі ад шаняўскіх дзетак. Найбольш кранальнай стала кампазіцыя пад назвай «Дзеці вайны». Удзел у ёй прынялі як малыя, так і Вольга Казбяровіч.

«Дети войны хоронили игрушки убитые…» — гучала са сцэны. Многія гледачы здымалі выступленне на відэа, а некаторыя з пружанцаў і гасцей горада не змаглі стрымаць слёз.

Вечарам у Дзень Перамогі хлопчыкі і дзяўчынкі з тэматычнымі нумарамі прымалі ўдзел у святочным канцэрце ў Шанях. Раніцай тут жа — у мітынгу каля помніка загінулым аднавяскоўцам. Да яго работнікі і выхаванцы садка прыходзяць не проста, каб ушанаваць памяць. Усе разам стараюцца падтрымліваць парадак і прыгажосць каля памятнага месца. Такім чынам з самага малога ўзросту ў дзетак выхоўваюць патрыятызм і паважлівае стаўленне да гісторыі краіны.

Гэтым малым сёння — ад 4 да 6 гадоў. Калі рыхтаваліся да выступленняў і здымак відэа, яны адчувалі вялікую адказнасць і хваляваліся. Так, магчыма, гэта і ёсць тое апошняе пакаленне, якое застане жывых ветэранаў. Але дзякуючы неабыякавасці выхавацеляў і бацькоў яны абавязкова будуць памятаць і ганарыцца. Мы ж спадзяёмся, што яшчэ не раз пачуем пра поспехі і новыя дасягненні выхаванцаў Шаняўскога дзіцячага садка.

Дарэчы, відэаролікі пераможцаў і ўдзельнікаў конкурса «Дзякуй вам, ветэраны!» дэманстраваліся на вялікім экране ў цэнтры горада.

Уладзіслаў Шпарла

Фота Кацярыны Масік і Вольгі Казбяровіч