У іх ужо было сярэбранае, залатое і нават брыльянтавае вяселле. Сёння Мікалай Васільевіч і Кацярына Сідараўна Рубель з аграгарадка Роўбіцк ужо рыхтуюцца сустрэць «каменную» — 67-ую гадавіну стварэння сваёй сям’і. Дата не круглая, скажаце вы. Але пажылыя «маладыя» радуюцца цяпер не тое што кожнаму сумесна пражытаму году, а і дню.
Сказ пра разбітае яйка
А пачыналася ўсё ў Рублёў даволі далікатна, як у казцы, — з гісторыі пра разбітае яйка. Яны былі тады яшчэ маленькімі дзецьмі. Абое, нарадзіўшыся «за польскім часам» (гаспадар — у 1929, а гаспадыня годам пазней), хадзілі ў польскую школу ў Роўбіцку. І неяк мама дала дзяўчынцы яйка, каб «купіла» сабе новае пяро, а яйка тое разбілася.
— Грошай жа тады не было, толькі натуральны абмен, — пачынае тлумачыць Кацярына Сідараўна. — Я неабачліва паклала яйка на парту, а хлапчукі бегалі, бегалі вакол і незнарок разбілі яго. Не паспела і заўважыць, хто менавіта зрабіў гэта, але ўсе паказалі на Колю Рубля. Горка плачу я, настаўніца супакойвае, а Коля пабег дадому за новым яйкам. І прынёс.
Далей жылі-пажывалі, як усе вясковыя дзеці: вучыліся, і працавалі, і Богу маліліся. Абое яшчэ да вайны паспелі пахадзіць у савецкую школу, але ўспамінаць пра яе не асабліва хочуць.
— У польскай школе хоць Закону Божаму і малітвам вучылі, а ў рускай ужо на першым уроку сказалі: «Бога няма». Зноў плачу я і бягу са скаргай да таты, а той мне і адказвае: «Бог быў, ёсць і будзе. Гэта нас калі-небудзь не будзе, а Ён будзе», — працягвае свой сказ бабуля.
Калі немцы прыйшлі, дзеці не вучыліся: дапамагалі дарослым гадаваць малодшых дзяцей. Рана асірацелых Кацю і яе сястрычку выхоўвала мачаха, у якой было яшчэ трое сваіх дзяцей, але да падчарыц яна ставілася з любоўю. А ў Колі ў сям’і гадаваліся яшчэ чатыры сястры і брацік. Так за працай прабегла малалецтва і наступіла юнацтва.
Прарочыя сны
Прысніўся неяк маладой Кацярыне дзіўны сон: нібы засцілае яна ложак прыгожым саматканым пакрывалам, і прыехалі да яе музыкі з суседняй вёскі Прыкалесь, каб кудысьці яе праводзіць. Ранкам расказала дзяўчына пра ўбачанае ў сне сваёй маме. А тая вазьмі і прызнайся, што ў тую ж ноч ёй снілася, як прыйшоў да іх Коля Рубель і надзеў бацькаў кафтан.
— Усё, кажа мне, рыхтуйся: пойдзеш замуж за Рубля. А я тады працавала на цагельні і ні пра якое замужжа нават не думала, — успамінае Кацярына Сідараўна.
Яна не думала, а Коля ж і сапраўды надумаў жаніцца і прыйшоў сватацца. «Ах, як вы будзеце жыць?» — забожкалі бацька і мачаха. «Як-небудзь пражывём», — запэўніў Мікалай, які працаваў у будаўнічай брыгадзе калгаса і добра ведаў, як з нуля дом пабудаваць. Можа, таму, ведаючы, які гэты юнак працавіты, дзяўчына і пагадзілася выйсці за яго?
— Так, мой Коля — не гультай, але спадабаўся ён мне не залатымі рукамі, а красамоўствам і абыходлівасцю, — прызнаецца Кацярына Сідараўна. — Ужо вельмі ён прыгожа вершы ўмеў чытаць і гаварыў складна. Таму я і прыняла рашэнне. Бацькі не ўмешваліся.
Забілі кабанчыка і справілі ў хаце сціплае вяселле.
Жылі—пажывалі і дабра нажывалі
— Ды якое тады дабро было? Адны цяжкасці, — уключаецца ў гутарку пажылы гаспадар. — Першую зіму пражылі ў маіх бацькоў, праз год нарадзіўся сынок, а яшчэ праз год, у 1953-м, нарэшце пераехалі ў сваю хату.
Усё ў доме Мікалай Васільевіч зрабіў сам: і печ склаў, і вокны падвойныя ўставіў, і дроў нарыхтаваў, каб жонка з сынам не мерзлі. Каб падтрымаць дзяцей, бацькі падарылі ім двух парасят і карову.
— А ў нас спачатку і не было чым іх карміць. Ні бульбіны, ні сена, ні саломы на подсціл. Ох, як цяжка пачыналі, — успамінае стары. — І на карову нашу нейкае ліха напала. Усяго трынаццаць кароў у нас звялося: толькі завядзём, а яны гінуць. Нібы хтосьці пракляў! А без малака цяжка, дзяцей няма чым карміць. Так і пачыналі «з пяці пальцаў»: ні мяшка, ні іголкі, ні сякеры.
Балазе, што рукі ў абоіх працавітыя — з часам і абжыліся. Кацярына Сідараўна наткала палатна, нашыла кашуль і навышывала ручнікоў. А Мікалай Васільевіч уздымаў гаспадарку. Жылі дружна і ва ўсім адзін аднаму дапамагалі.
— Але самае галоўнае, — запэўніваюць «маладыя», — мы ўсё адзін аднаму даравалі. Вядома, як ва ўсіх звычайных сем’ях, былі і крыўды, і сваркі, але за цяжкай працай нават думкі пра развод у галаву не прыходзілі. Ды і пра дзяцей у першую чаргу трэба было клапаціцца.
Дзякуючы ахвярнай бацькоўскай любові, выраслі іх дзеці годнымі людзьмі. Старэйшы сын Мікалай сёння жыве ў Брэсце, пасля заканчэння тэхнікума працуе там шафёрам. Дочкі Лідзія і Алена атрымалі вышэйшую адукацыю і раз’ехаліся хто куды: адна — у Мінск, другая — у Кобрын. Як і бацькі, пабудаваўшы дамы свае не на пяску, а на камені — з «замесам» цярпення, любові і павагі — жывуць вельмі шчасліва.
— Сем унукаў у нас і сем праўнукаў. Як прыедуць усе разам, то аж хата трашчыць ад дзіцячага смеху. Добра ім — і нам добра. І ўсе такія прыгожыя, як мая жонка, — пражыўшы амаль семдзесят гадоў разам, Мікалай Васільевіч не перастае захапляцца сваёй прыгажуняй Кацярынай.
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).
