За першае дзесяцігоддзе пасля Вялікай Айчыннай вайны Пружаншчына, разбураная баямі і акупацыяй, аднавілася толькі на трэць ад даваеннага стану. Каб падштурхнуць будаўніцтва вытворчых і жылых аб’ектаў, было вырашана стварыць міжкалгасную будаўнічую арганізацыю. Яна нарадзілася 21 лютага 1958 года і стала першым будаўнічым прадпрыемствам у раёне, цяпер вядомым усім пружанцам як ПМК-21.
У гэтыя дні адзначае ўнітарнае прадпрыемства «Пружанская ПМК-21» адзначае 65-годдзе з моманту ўтварэння.
За гэты час яна некалькі разоў змяняла назвы:
1958 год — Міжкалгасная будаўнічая арганізацыя,
1978 год — Міжкалгасная перасоўная механізаваная калона (МПМК)-15,
1986 год — МПМК-21, 1991 год — Райсельбуд,
1996 год — ПМК-21, з 2003 — УП «Пружанская ПМК-21», — але ранейшымі застаюцца прынцыпы работы і традыцыі.
Кіраўнікі будаўнічай арганізацыі:
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Пётр Фёдаравіч Белякоў — 1958-61 гг.,
Валянцін Аляксандравіч Дарафееў — 1961 г.,
Пётр Аляксандравіч Раманенка — 1961 г.,
Валянцін Цімафеевіч Калькоў — 1962-64 гг.,
Сяргей Сямёнавіч Тарасенка — 1964-71 гг.,
Іван Фёдаравіч Пунько — 1971-79 гг.,
Міхаіл Адамавіч Басак — 1979-83 гг.,
Сяргей Сцяпанавіч Зялевіч — 1983-96 гг.,
Васілій Сцяпанавіч Лук‘янчук — з 1996 года і па цяперашні час.
Калі паглядзець на аснашчанасць будаўнічых брыгад у тыя часы, калі ПМК-21 пачынала работу, то міжволі адчуваеш паблажлівасць: маўляў, што можна ўзвесці, калі работнікі праз аднаго маюць нават ручны інструмент, не гаворачы пра якую-небудзь механізацыю. З транспарту было толькі два кані з вазамі. Толькі праз некаторы час МБА атрымала першы трактар. Дарэчы, руль адзінай спецмашыны быў даручаны самаму адказнаму механізатару — Іосіфу Уладзіміравічу Віцько, нашчадкі якога і зараз працуюць у ПМК-21.
Аднак дзіву даешся той працоўнай энергіі, якой літаральна іскрылі людзі пасляваенных часоў. Няўжо магчыма пры такім узбраенні за год пабудаваць хаця б некалькі вытворчых збудаванняў і жылых дамоў? А калектыў МБА ў 1959 годзе рапартаваў аб заканчэнні ажно дзевяці будоўляў, сярод якіх кароўнікі, мехмайстэрні, кацельні, жылыя дамы, клубы і амбулаторыі. Хутчэй за ўсё, тлумачыцца гэта тым, што на трэць калектыў прадпрыемства складаўся з былых франтавікоў, якія вельмі жадалі аднавіць мірнае жыццё.
Да свайго 20-гадовага юбілею МБА ўжо трывала стаяла на нагах. У той час паралельна з выкананнем заданняў па раёне праводзілася будаўніцтва ўласнай вытворчай базы па вул. Свабоды. У 1960-я гады гэта была ўскраіна райцэнтра, таму давялося тут біць сваю артсвідравіну, праводзіць электраэнергію, а потым узводзіць склады, цэхі, гаражы, кантору. Трэба сказаць, што дзякуючы будаўнікам некаторыя гарадскія вуліцы таксама запаўняліся жыхарамі, бо з’язджаліся ў МБА на працу людзі з навакольных вёсак, якія будавалі жыллё на вуліцах Свабоды, Піянерскай, Чырвонаармейскай і іншых. Пры такіх укладаннях у калектыў і асноўныя фонды першая будаўнічая арганізацыя ў 1978 годзе мела амаль 400 работнікаў, 86 адзінак тэхнікі.
Трэба сказаць, што літаральна з першых гадоў дзейнасці будаўнічая арганізацыя набыла ўстойлівы аўтарытэт, таму прадпрыемству даручалі самыя адказныя заданні. Нават эксперыменты рэалізоўвалі будаўнікі МБА, напрыклад, першы кароўнік круглай формы ў Беларусі быў пабудаваны пружанскімі спецыялістамі ў в. Агароднікі. У наступныя гады так і павялося, у партфоліа арганізацыі на сённяшні дзень дзясяткі складаных аб’ектаў, якія ўзводзіліся па новых тэхналогіях.
Міжкалгасная будаўнічая арганізацыя стала і сапраўднай кузняй кадраў, у якой было «выхавана» больш за паўсотню перадавікоў рэспубліканскага ўзроўню, шэраг з якіх узнагароджаны працоўнымі медалямі. Ёсць тры ардэнаносцы — сталяр Мікалай Пятровіч Кавалевіч, кранаўшчык Генадзь Мікалаевіч Карпаў і прараб Паўліна Пятроўна Пятрань, узнагароджаныя ордэнам Працоўнай славы ІІІ ступені.
У гісторыю прадпрыемства ўпісана нямала прозвішчаў работнікаў, праца якіх садзейнічала славе будаўнічай арганізацыі. Сярод лепшых — галоўны інжынер А.Ф.Высоцкі, дыспетчары А.І.Віцько, В.А.Мелеш, бульдазерысты М.А.Рабец, А.І.Калінка, вадзіцелі М.І.Кабрынец, В.С.Кічоў, У.С.Грыцук, кранаўшчыкі В.І.Круцікаў, В.І.Ясечка, прарабы Ф.А.Шопік, В.І.Булавіцкі, А.А.Сарока, М.Р.Вараб’ёў, Ф.Ф.Венска, Р.М.Фіранчук, В.М.Кучаравы, П.М.Чэб, брыгадзіры А.С.Сушчык, С.М.Грышчук, М.М.Басалаеў, П.М.Макарэвіч, П.М.Мароз, В.І.Мархель, М.Я.Шатаў.
Ляцеў час, мяняліся будаўнічыя тэхналогіі, спосабы і патрабаванні. Адбываліся змены і ў назве арганізацыі. Нязменнымі заставаліся толькі прынцыпы адказнага стаўлення да даручанай справы, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Па самых сціплых падліках кожнае трэцяе збудаванне ў Пружанскім раёне ўзведзена будаўнікамі ПМК-21. Сярод найбольш знакавых аб’ектаў начальнік калоны Васілій Лук‘янчук называе будынкі станцыі абезжалезвання вады, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, пракуратуры, суда, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, сярэдніх школ № 3 і № 5, магазіна «Палявы», Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва, шмат жылых шматпавярховак і інтэрнатаў, а таксама санаторый «Белая Вежа» ў Камянецкім раёне. А яшчэ — праваслаўныя і каталіцкія храмы, помнікі Вялікай Айчыннай вайны, жыллё для перасяленцаў з забруджаных аварыяй на ЧАЭС землях…
Рэпутацыя пружанскіх будаўнікоў з ПМК-21 вядома ў кожнай вобласці Беларусі, а таксама ў расійскіх Падмаскоўі, г. Кастраме і на Паволжжы. Асабліва актыўна ў раённых будоўлях арганізацыя прымала ўдзел падчас падрыхтоўкі да «Дажынак-2003» і ў наступныя гады, з улікам чаго Васілій Сцяпанавіч у 2006 годзе быў названы Ганаровым грамадзянінам Пружанскага раёна.
Штогод скарбонка дасягненняў ПМК-21 працягвае ўзбагачацца. Мінулы 2022 год папоўніў яе. Самымі значнымі аб’ектамі года сталі новыя малочна-таварныя комплексы ў метале ў Кобрынскім раёне і ў ААТ «Вялікае Сяло», камбікормавы цэх у ААТ «Агра-Калядзічы». Таксама ўзведзены ўласны цэх металаканструкцый. Набываліся спецтэхніка і абсталяванне, арганізацыя папаўнялася маладымі спецыялістамі. У прыватнасці, сёння сярэдні ўзрост калектыву арганізацыі складае 38 гадоў. І вось менавіта гэтыя лічбы — 65 і 38 — уяўляюць даволі цікавае спалучэнне. Яны азначаюць, што ў механізаванай калоны ўжо нямала сваіх ветэранаў, рукамі якіх БЫЛА створана арганізацыя, зараз ЁСЦЬ нямала прафесіяналаў, якія працягваюць здабываць славу прадпрыемству. І яшчэ падрастаюць тыя, хто БУДЗЕ працаваць у ПМК-21. Бо праца будаўнікоў заўсёды застанецца запатрабаванай.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік