У сувязі з пандэміяй каранавіруса з 10 красавіка на тэрыторыі рэспублікі пачало дзейнічаць такое абмежавальнае мерапрыемства, як самаізаляцыя. Які парадак яго выканання, хто павінен адпраўляцца на самаізаляцыю і як караюць парушальнікаў? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Пружанскага раёна, галоўны ўрач Пружанскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі А.У.Шырын.

— Андрэй Уладзіміравіч, пачнем з самага пачатку. Якія катэгорыі грамадзян павінны знаходзіцца на самаізаляцыі і напрацягу якога тэрміну?
— Згодна з дакументам, на самаізаляцыю павінны накіроўвацца грамадзяне Беларусі і іншаземцы, у якіх дыягнаставаны каранавірус і кантакты 1-га і 2-га ўзроўняў. А таксама грамадзяне, якія прыбылі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на працягу апошніх 14 дзён з краін, у якіх з-за віруса CoVID-19 пагоршана эпідэміялагічная абстаноўка.
Кантакты 1-га ўзроўню павінны самаізалявацца на 14 дзён з моманту апошняга кантакту, а кантакты 2-га ўзроўню — толькі пры наяўнасці рэспіраторных сімптомаў (кашаль, боль у горле, задышка, павышаная тэмпература).
Самаізаляцыя, як правіла, працягваецца 14 дзён, але можа быць працягнута па рашэнні ўрача. Гэта неабходна для ўласнай бяспекі і бяспекі навакольных людзей.
— Колькі жыхароў Пружаншчыны і якіх катэгорый сёння знаходзяцца на самаізаляцыі?
— Па дадзеных на 30 красавіка на самаізаляцыі знаходзілася 64 чалавекі – кантактныя і тыя, хто прыбыў з-за мяжы. Заўважу, іх колькасць мяняецца кожны дзень: адных здымаюць з кантролю, іншых на кантроль ставяць.
— Якія ведамствы непасрэдна кантралююць выкананне рэжыму самаізаляцыі?
— Па пытаннях самаізаляцыі ўзаемадзейнічаюць Міністэрства аховы здароўя, МУС і Дзяржаўны пагранічны камітэт. Гэтыя ведамствы збіраюць звесткі аб асобах, якія перасякаюць мяжу ці з’яўляюцца кантактнымі, і рассылаюць іх ва ўсе падведамасныя арганізацыі раёна. Мы аналізуем атрыманыя дадзеныя, далей перадаем у бальніцу для аператыўнай арганізацыі медыцынскага назірання.
Грамадзянам, якія адпраўляюцца на самаізаляцыю, уручаецца так званае “Патрабаванне”, у якім выразна рэгламентуюцца ўсе іх далейшыя дзеянні: што дазваляецца рабіць, а што — не.
— Якія канкрэтна абавязацельствы накладаюцца на гэтых асоб?
— Людзі, якія знаходзяцца на самаізаляцыі, павінны, перш за ўсё, паведаміць наймальніка аб прычыне адсутнасці на працы і не пакідаць месца пражывання (знаходжання), у тым ліку не хадзіць на працу (вучобу), не наведваць аб’екты гандлю, спартыўныя, выставачныя і канцэртныя залы, кінатэатры, вакзалы і іншыя месцы масавага знаходжання людзей. Дазваляецца толькі выйсці ў бліжэйшы прадуктовы магазін і аптэку, а таксама вынесці смецце.
Пры выхадзе з жылога памяшкання ў выпадках крайняй неабходнасці яны павінны выкарыстоўваць маску і не дапускаць кантактаў з іншымі асобамі, акрамя выпадкаў, калі такія паслугі патрабуюцца для забеспячэння бяспекі жыцця-дзейнасці.
— А што ім рабіць, калі пагоршыўся стан здароўя?
— Трэба звярнуцца ў хуткую медыцынскую дапамогу па тэлефоне 103 або адправіць СМС-паведамленне (усё прапісана ў выданным ім патрабаванні). Неабходна таксама паведаміць пры гэтым пра знаходжанне ў самаізаляцыі.
— Як кантралюецца захаванне імі рэжыму самаізаляцыі?
— Штодня, у тым ліку ў выхадныя і ў святочныя дні, мы арганізоўваем выезд спецыялістаў нашага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі сумесна з супрацоўнікам РАУС. Папярэдне тэлефануем, даведваемся: ці ўсе на месцы. Калі чалавека дома няма, ён абавязаны прывесці важкія доказы таго, з якой прычыны адсутнічаў. Напрыклад, калі выходзіў у магазін, то павінен паказаць касавы чэк.
— Ці прадугледжана нейкая адказнасць за парушэнне рэжыму самаізаляцыі?
— За парушэнне ўмоў самаізаляцыі супрацоўнікамі РАУС складаюцца пратаколы па артыкуле 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню цягне накладанне штрафу ў памеры ад 2 да 50 (1350 рублёў) базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.
Спецыялісты РЦГіЭ таксама валодаюць паўнамоцтвамі выпісваць штраф. Яны складаюць пратаколы па артыкуле 16.8. “Парушэнне санітарных нормаў, правілаў і гігіенічных нарматываў”, пакаранне — да 30 базавых велічынь. На сённяшні дзень супрацоўнікамі РАУС ужо складзена 2 пратаколы на несумленных грамадзян. Гэтыя пратаколы перададзены ў суд. На жаль, некаторыя людзі так і не зразумелі, што рэжым самаізаляцыі — гэта вельмі сур’ёзна.
Гутарыла Алена Зялевіч.