Шлях да спорту не заўсёды бывае простым не толькі з пункту гледжання самадысцыпліны, але і з-за шматлікай разнастайнасці спартыўных накірункаў. Сучаснае стагоддзе прапануе агромністы выбар відаў фізічнай актыўнасці, і метадам спроб і памылак можна знайсці той від спорту, які будзе адпавядаць менавіта вашым патрэбам. Гераіня нашага артыкула Марыя Ляонава пасля даволі працяглых блуканняў спынілася на ёзе — незвычайным для многіх з нас відзе фізічнай актыўнасці, які прыводзіць не толькі да змен у целе, але і да трансфармацый у галаве.
Слухаць сваё цела
У юнацтве Марыя Ляонава хацела звязаць жыццё з творчасцю. Не атрымаўшы бацькоўскага блаславення на «заручыны» з культурай, яна пэўны час знаходзілася ў пошуку іншага жыццёвага арыенціра. У выніку ўсё роўна прыйшла да сваёй мары і зараз працуе культарганізатарам у Палацы культуры. Дасягнуць доўгачаканай гармоніі дапамагла і ёга, якой жанчына займаецца ўжо тры гады.
У сям’і Ляонавых рухавіком у плане фізічнай актыўнасці з’яўляецца менавіта Марыя Леанідаўна.

— Ды не скажу, што я такая ўжо спартсменка. Ёга — гэта, хутчэй, спосаб жыцця, чым спорт. Шчыра кажучы, мы з дзецьмі нават зарадку не заўсёды выконваем. Кепскіх вы сабе герояў на спартыўную рубрыку знайшлі! — смяецца жанчына.
І тым не менш у свой час культарганізатар удзельнічала ў ранішніх марафонах, практыкавала пад’ём у пяць гадзін раніцы, прабежкі — у шэсць, але ўсё гэта было для яе сапраўдным выпрабаваннем. Жанчына адчувала: нават з улікам працы і хатніх спраў ёй прасцей займацца вечарам.
— Вельмі важна навучыцца слухаць сваё цела, быць да сябе больш уважлівым. Арганізм павінен быць вашым памочнікам, не трэба вымушаць яго супраціўляцца, — кажа мая суразмоўца.
Да слова, увагу свайму здароўю Марыя надавала заўсёды. Займалася і фітбоксам, і тайскім боксам, цела было звыклым да фізічных нагрузак.
— А аднойчы ў адзін звычайны, але цяпер я разумею, наколькі важны для мяне, вечар я вырашыла разаслаць гімнастычны дыванок… — згадвае жанчына сваю першую спробу практыкавання ёгі. — Зразумела, гэта было «па-школьнаму», без ведання тэхнікі, але мне спадабалася, і я паставіла сабе мэту: выпрацаваць звычку да заняткаў. Дрэсіравала розум, выхоўвала дысцыпліну і паступова ўцягнулася.
Што такое ёга?
Першыя апісанні ёгі датуюцца Х—ІХ стст. да н.э. У перакладзе з санскрыту ёга значыць «яднанне» і «ўтаймаванне». Напэўна, гэта сапраўды больш культурнае паняцце, якое ўключае ў сабе безліч напрамкаў і адгалінаванняў. Прафесіяналы лічаць, што колькасць відаў ёгі прама адпавядае колькасці трэнераў па ёй, бо кожны выкладчык прыўносіць у паняцце штосьці сваё, асаблівае. У той жа час шмат людзей ус-прымае ёгу павярхоўна, выключна як «індыйскую зарадку». Ды не ўсё так проста.
— Пачынаюць усе прыкладна аднолькава — з практыкаванняў (для іх у ёзе ёсць спецыяльны тэрмін — асаны). Распрацаваў мабільнасць суставаў і расцяжку, даў прыемнае напружанне касцям, прывёў у тонус мышцы — і, здаецца, справа выканана! Але з цягам часу пачынаеш паглыбляцца ў сутнасць ёгі, прыслухоўвацца да свайго розуму, звяртацца да сябе. І тады пачынаюцца ўнутраныя змяненні, — расказвае Марыя Ляонава.
Цікава, што ва ўсходняй культуры наш розум параўноў-ваецца з малпай. Гэта звязана з уласцівасцямі мысліцельнага працэсу чалавечай істоты, які такі ж неўтаймаваны, неспакойны, імклівы, як сама малпа: у нашай галаве ўвесь час непрыкметна кішаць думкі, натуральна, без усякага дадатковага намагання ўзнікаюць пытанні-адказы, і гэты паток не спыняецца ні на хвіліну, хаця часам мы яго нават не заўважаем…

— Калі мы на аўтамаце робім простыя паўсядзённыя рэчы і рухаемся ў «вавёрчыным коле» па маршруце праца-дом, то выпадаем з моманту «тут і цяпер», жывём машынальна. Але ўсё, што каштоўна і важна, знаходзіцца ўнутры нас. Ёга вучыць заспакойваць сваю «малпу», дапамагае «зазямліцца» і знайсці жыццёвы баланс, — кажа жанчына.
Вельмі спрыяе гэтаму практыка медытацый. Марыя Ляонава расказвае, што спачатку не разумела ўсю глыбіню гэтага працэсу. Эфекту расслаблення розуму жанчына дасягнула з трэцяга разу, а пазней даведалася, што не ўсе ёгі могуць паспытаць такога шчасця. Культарганізатар прызнаецца, што гэты вопыт змяніў яе назаўсёды.
— У той момант я адчула свой мозг як расслабленую мышцу і толькі тады зразумела, што ён увесь час быў моцна сціснуты. Разумовая дзейнасць поўнасцю прыпынілася, я быццам бы зірнула на сябе звонку і адчула, што радыё, якое бесперапынна працуе ў галаве, нарэшце змоўкла, — усхвалявана кажа субяседніца. — У першы раз гэта нават пужае. Ты перастаеш адчуваць свае цела, розум пашыраецца, з галавой накрывае радасць, прыходзіць першародная эйфарыя.
Вобразна сутнасць гэтага працэсу жанчына патлумачыла яшчэ і так: свядомасць — закрыты бутон кветкі, які падчас медытацыі распускаецца ў пялёсткі. Прыгожа, праўда?
Упэўнена стаяць на… цвіках!
Цвікастаянне — гэта аздараўляльная практыка, якая адрозніваецца ад выканання звычайных асан і часта выконваецца падрыхтаванымі ёгамі. На цвіках любіць стаяць і Марыя Ляонава. Яна сцвярджае, што гэта проста захапляльна.
— Мы не ведаем, які багаж нясём за сабой. За пэўны перыяд жыцця ў нас можа быць падаўлена вялікая колькасць эмоцый. Дык вось цвікі з’яўляюцца іх выйсцем, — тлумачыць жанчына. — Спачатку настаўнік рыхтуе вас да вырашальнага кроку, якому папярэднічае цэлая цырымонія. Перад тым, як уставаць на цвікі, трэба абавязкова задаць сабе пытанне, «стварыць намер», без якога не будзе сэнсу ў гэтым удзельнічаць. Важна прадумаць не проста голае жаданне, якое вы хочаце рэа-лізаваць, а акрэсліць кожны крок на шляху да сваёй мэты. З гэтым звычайна дапамагае інструктар.
У нас на ступнях, зыходзячы з уяўленняў ёгаў, знаходзіцца карта ўсяго цела, таму, калі чалавек становіцца на цвікі, актывуецца кожная з кропак яго арганізма. Па словах Марыі Леанідаўны, гэта цікавы і пры тым балючы працэс. Цвікі вельмі вострыя, але бяспечныя.

— Першае, што хочацца зрабіць, калі становішся на цвікі, — адразу злезці з іх. Але калі ты перамог цела і пера-адолеў боль, з’яўляецца неверагодная цеплыня ў нагах, і хутка адбываецца быццам бы расслаенне істоты на складнікі фізічнага і духоўнага, — кажа Марыя Ляонава.
Чалавек павінен разумець, што калі ён вырашыўся на такі сур’ёзны крок, то павінен быць гатовы да разнастайных рэакцый з боку свайго арганізма. Ніхто не ведае дакладна, як цела адрэагуе на цвікі. Адзін будзе пець, другі — танцаваць, трэці — смяяцца. Добры інструктар адразу папярэдзіць, што ўсё гэта норма і абавязкова напомніць, што эмоцыі нельга падаўляць.
— Я моцна плакала. У момант майка стала мокрай, але гэта былі зусім не пакутніцкія слёзы. Са мной адбыўся працэс ачышчэння, — трапятліва расказвае жанчына і падводзіць да думкі пра тое, што ёга хоць і не лічыцца рэлігіяй, але набліжае да боскага. Па-сутнасці, вучэнне ёгаў зыходзіць з асноўных запаведзяў сусветных рэлігій.
— Напрыклад, традыцыйны індыйскі жэст «намастэ» ў ёзе трактуецца не проста як пры-вітанне. Ён значыць значна больш, і, злучаючы дзве далоні перад сабой, ты кажаш чалавеку: «Маё боскае вітае боскае ў табе». Гэта даніна павагі кожнай душы, што сустракаецца на тваім шляху, — тлумачыць Марыя Ляонава. — Выходзіць, што ёга — гэта зліццё фізічнага цела, разумовага працэсу і чалавечага духа.
Стварыць цёплае жаночае асяроддзе
За плячыма ў Марыі нямала адукацыйных курсаў па ёзе, аб паспяховым заканчэнні якіх сведчыць стос сертыфікатаў. Навічкі нярэдка звяртаюцца з пытаннямі наконт правільнага выканання асан і медытацыі. Але жанчына пакуль не набірае вучнёўскія групы па ёзе: сціп-ла тлумачыць, што гэта вялікая адказнасць за людзей і што яшчэ трэба крыху падвучыцца.
— На дадзены момант у ёзе мяне больш цікавіць унутраны змест: хачу дапамагаць лю-дзям ствараць намеры, ста-віць мэты, — кажа культарганізатар.
Акрамя таго, Марыя Ляонава марыць развіваць напрамак танцавальнай ёгі (нацья-ёгі). Яна ўпэўнена, што выкананне асан у танцы дапаможа жанчынам знайсці ў сабе баланс, адчуць разняволенне, абстрагавацца ад праблем, раскрыць сваю сексуальнасць.

— На жаль, у сучасным грамадстве чаша з жаночай энергіяй усё пусцее і мы губляем тое, што раней згуртоўвала сясцёр, дачок, матуль, бабуль. Але генетычная памяць — рэч моцная, і таму мы назіраем, як паступова ствараюцца разнастайныя жаночыя гурткі, — заўважае Марыя Леанідаўна. — Мне хацелася б аднавіць цёплае жаночае асяроддзе, у якім будзе ўтульна кожнай з нас. Я мару, каб з’явілася месца, дзе жанчына магла б быць сабой, адчувала сябе бяспечна і на сто працэнтаў камфортна, магла выпусціць «унутранага звера», бо падаўленыя эмоцыі не прывядуць да дабра.
Дакладна магу сказаць, што Марыя Ляонава можа гутарыць пра ёгу неабмежаваны час. З агнём у вачах жанчына тлумачыла розніцу паміж аштанга-ёгай і хатха-ёгай, расказвала пра традыцыйныя асаны, пра ёгаў-сучаснікаў, якія з’яўляюцца роданачальнікамі новых плыняў, — і гэта было настолькі цікава!
— У любым пачынанні вельмі важная падтрымка блізкіх і родных людзей. Калі з разуменнем да тваіх цікавасцяў ставіцца сям’я, калі дзеці з гонарам кажуць, што мама займаецца ёгай, а муж натхнёна расказвае сябрам пра твае дасягненні, тады асабліва моцна хочацца ісці ўсё далей і далей, — падвяла рысу гутаркі мая субяседніца.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік