Пра бяспеку пазнавальна і цікава. Менавіта ў такой атмасферы ў Пружанах прайшла рэспубліканская прафілактычная акцыя «Адзіны дзень бяспекі». Галоўнымі героямі мерапрыемства, безумоўна, сталі дзеці.
Школьнікам горада, якія прынялі ўдзел у акцыі, была прадэманстравана дзейнасць аператыўных і аварыйных брыгад — райаддзела па надзвычайных сітуацыях, аддзела аховы, Пружанскага раёна газазабеспячэння і аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі райбальніцы. Гэта галоўныя службы, нумары тэлефонаў якіх для экстраннага выкліку ўсе добра ведаюць — 101, 102, 103 і 104.
Вось толькі нямногія змогуць расказаць пра тое аснашчэнне, якое маюць сучасныя выратавальнікі ад пажараў, хвароб, тэхнагенных катаклізмаў або супрацьпраўных дзеянняў. А ў дзень правядзення акцыі дзецям не толькі расказалі, а нават прадэманстравалі. Напрыклад, наколькі аператыўна з’яўляецца на ліквідацыю ўзгарання пажарны спецаўтамабіль. Дзятву захапілі цікавыя расказы пра тое, што хаваецца пад шматлікімі люкамі машыны, з чым могуць змагацца пажарныя. А яшчэ многія прымерылі абмундзіраванне, апранаць якое дапамагаў добра вядомы малым пружанцам Ратуйка.
Не менш цікава было і каля аўтамабіля ахоўнікаў. Каскі і бронекамізэлькі, спецыяльныя сродкі затрымання і нават службовы сабака, які не пасуе перад зламыснікамі, але пакорна дазваляе малым гладзіць сябе, захапілі маленькіх гасцей надоўга. Як і аператыўны аўтамабіль газавай службы разам са стэндам спецыяльнага аснашчэння, якое выкарыстоўваюць у сваёй рабоце спецыялісты. Многія дзівіліся, што газавікі могуць праз тоўшчу зямлі высветліць аварыю на магістралі, знайсці ўцечку там, дзе нават нюх сабакі бяссільны, у лічаныя мінуты выправіць недахопы без рызыкі для навакольных.
Спачатку аўтамабіль «хуткай дапамогі» па цікавасці прайграваў сваім «суседзям. Насамрэч, каго можна здзівіць пралятаючай па вуліцах населеных пунктаў белай машынай з чырвонай палоскай на борце і вялікімі лічбамі «103»? Аднак, калі малыя гледачы пабачылі, чым карыстаюцца медыкі ў аказанні палявой дапамогі, ім дазволілі патрымаць у руках прыборы і самім уявіць сябе на месцы лекараў, то ўнутры хуткай дапамогі праз некалькі мінут не было дзе яблыку ўпасці. А побач выстраілася чарга з нецярпеннем чакаючых.
Дзве гадзіны мерапрыемства прайшлі не толькі цікава і займальна, але і павучальна. Бясспрэчна, атрыманай інфармацыі дзецям хопіць, каб быць перакананымі, што дапамога побач, і ў складанай сітуацыі ёсць да каго звяртацца. А яшчэ яны праз конкурсы, што праводзілі члены Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, з раздадзеных лістовак даведаліся і пра тыя простыя правілы бяспекі, якія дапамогуць шчасліва бавіць час.
Алег Сідарэнка. Фота аўтара