Юбілейныя, 5-я, спаборніцтвы па стральбе сярод членаў раённай арганізацыі ГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» зноў сабралі аматараў палявання. Нагадаем, што пасля працяглага перапынку гэтыя спаборніцтвы былі адноўлены ў 2017 годзе і сёлета прайшлі практычна ў мінулагоднім складзе. Не змянілася колькасць каманд-удзельніц, якія выставілі калектывы Пружанскага, Ліноўскага, Мокраўскага, Ружанскага і Зеляневіцкага паляўнічых падраздзяленняў. Амаль столькі ж засталося і ўдзельнікаў: у асабістых заліках сваю трапнасць выпрабоўвала 19 чалавек.
У бягучым сезоне некаторыя новаўвядзенні ўсё ж дабавіліся. Па-першае, ускладніліся этапы выпрабаванняў. Традыцыйны конкурс па стральбе па круглым стэндзе («талерачкі») уключаў у сябе ўжо тры пазіцыі: франтальную, на правым і левым баках. З-за гэтага і ў рэйтынгу прызёраў у дадзенай намінацыі адбыліся некаторыя перастаноўкі.
Па-другое, упершыню было вырашана арганізаваць спаборніцтвы па стральбе і для наступнага пакалення — патэнцыяльных будучых паляўнічых. Многія ўдзельнікі ўзялі з сабой на спаборніцтвы дзяцей і ўнукаў, для якіх быў усталяваны асобны стэнд і выдзелена пнеўматычная вінтоўка. І хаця сёлета за званне трапнага стралка змагаліся пераважна дзяўчынкі, будзем спадзявацца, што ў наступныя гады ў гэтай намінацыі з‘явіцца больш хлопчыкаў. Пакуль жа месцы тут размеркаваліся наступным чынам: Насця Гардзіеўская — «золата», Лера Касцюк — «серабро», Насця Пракопчык — «бронза». Усім прызёркам былі ўручаны дапаможнікі для пачынаючых паляўнічых і граматы ад ГА «БТПР».
«Дарослыя» ж выпрабаванні пачаліся з сур’ёзнай размовы. Галоўны паляўніцтвазнаўца раённай суполкі аматараў палявання Дзмітрый Пракопчык правёў з удзельнікамі інструктаж па праходжанні этапаў спаборніцтваў і азнаёміў з правіламі тэхнікі бяспекі.
Пасля жараб’ёўкі першым выпрабаваннем стала кулявая стральба па казулі. У гэтую мішэнь найбольшую колькасць разоў трапіў Леанід Ляўчук, які набраў 24 балы і стаў безумоўным лідарам. На сем ачкоў адсталі ад яго пераможцы былых гадоў Віктар Рачко і Уладзімір Саскевіч, для якіх быў праведзены дадатковы раўнд. У выніку ветэран таварыства В.Рачко саступіў свайму саперніку і заняў трэцяе месца.
У стральбе па «талерачках» практычна ўсім было складана набраць максімальную колькасць ачкоў. З дзесяці выстралаў амаль што ўсе ўдалыя (за выключэннем аднаго) былі ў трох паляўнічых, паміж якімі і былі напрыканцы разыграны прызавыя месцы. Дадатковае выпрабаванне прынесла перамогу Алегу Яворскаму: ён абышоў Віктара Рачко і Паўла Чэчку, якія занялі другое і трэцяе месцы адпаведна.
Аднак асабістыя залікі кожнага этапу толькі ўскосна паўплывалі на падвядзенне агульных вынікаў, згодна з якімі найбольшую колькасць балаў на сёлетніх раённых выпрабаваннях па стральбе набраў Віктар Рачко. Дарэчы, гэты паляўнічы з больш чым 40-гадовым стажам амаль штогод займаў прызавыя месцы сярод сваіх калег, літаральна здзіўляючы сваёй трапнасцю. І сёлета з 65 набранымі баламі яму не было канкурэнтаў у агульнай масе ўдзельнікаў. «Сярэбраны» прызёр Павел Чэчка набраў, да слова, 56 балаў. А вось на трэцюю прыступку ўзняўся Уладзімір Цямаў.
У агульнакамандным заліку самая важкая скарбонка атрымалася ў пружанскай каманды — 120 балаў. На другім месцы ліноўскі калектыў (96 балаў), а на трэцім — мокраўскі (91 бал).
Яшчэ адна адметнасць сёлетняга мерапрыемства выявілася падчас цырымоніі ўзнагароджання. Каб 5-я юбілейныя выпрабаванні засталіся запамінальнымі, Дзмітрый Пракопчык спецыяльна заказаў камандам-пераможцам эксклюзіўныя металічныя кубкі ў выглядзе стралка. Іх арганізатар мерапрыемства і ўручыў прадстаўнікам заслужаных калектываў. Таксама каштоўныя падарункі і граматы атрымалі пераможцы ў асабістых заліках.
Як зазначыў Дзмітрый Вячаслававіч, менавіта ім трэба зараз узмоцнена рыхтавацца, каб вынікова абараняць гонар нашай раённай суполкі на абласным этапе спаборніцтваў сярод паляўнічых.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы са спаборніцтваў: https://vk.com/album-23306785_285658789 і https://ok.ru/budni/album/945438340232