Навукоўцы і даследчыкі даўно прыйшлі да высновы, што самым лепшым узростам для засваення замежнай мовы, спартыўных уменняў з’яўляецца пяцігадовы: маўляў, не перанасычаны ведамі дзіцячы мозг якраз набывае ўсе здольнасці для актыўнага навучання. А нядаўна была распрацавана яшчэ адна гіпотэза, згодна з якой менавіта ў гэтым узросце складаюцца ўсе падставы для развіцця лагічнага мыслення.
З улікам такой акалічнасці Нацыянальным паркам высокіх тэхналогій пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь быў распрацаваны праект «Інфарматыка без разеткі», рэалізацыя якога пачалася ў 2020/2021 навучальным годзе.
Першая спроба, у якой удзельнічалі некалькі дашкольных устаноў Мінска, прынесла станоўчыя вынікі, і праект «Інфарматыка без разеткі» было вырашана распаўсюдзіць на ўсю краіну. І ў наступным навучальным годзе да яго далучыліся дзясяткі дзіцячых садкоў па Беларусі, у тым ліку і на Пружаншчыне. Адной з такіх устаноў сталі яслі-сад №4 г.Пружаны.
Як тлумачаць складальнікі праекту, яго назва была абрана нездарма. Справа ў тым, што інфарматыка будуецца на алгарытмічных прынцыпах, дзеянне якіх поўнасцю адпавядае логіцы. Вось апошнюю і трэба развіваць, каб у будучым хутчэй авалодваць сучаснай навукай, лягчэй спасцігаць асновы камп’ютарнага праграмавання.
Як расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Наталія Зелянеева, папярэдне кандыдаты на ўдзел у праекце праходзілі дыстанцыйнае навучанне, здавалі праверачнае тэсціраванне, па выніках якога атрымлівалі адпаведныя сертыфікаты. Праз такія выпрабаванні вырашыла прайсці педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі гэтага дзіцячага садка Жанна Севасцьянчук.
— Пасля ўзгаднення цьютары (настаўнікі-ўдзельнікі) атрымалі пакеты электронных матэрыялаў для выкарыстання іх у навучальным працэсе, — тлумачыць Наталія Анатольеўна. — Дасланай метадычнай базы было дастаткова для арганізацыі заняткаў у старэйшай групе выхаванцаў садка двойчы на тыдзень. Яны арганізоўваліся ў выглядзе гуртка, заданні якога мелі гульнявы характар.
Праз цікавыя задачы, рэбусы малыя вучыліся разважаць. Напрыклад, па ключавых прыкметах раскладалі фрукты, засялялі жывёл у спецыяльна прызначаныя для іх домікі. Асвойваць заданні ім дапамагаў кот Алесік, які быў абраны ў якасці брэнда праекта.
— У выніку дзятву настолькі зацікавілі такія заняткі, што яны сталі з задавальненнем прыходзіць «у госці да Алесіка», — дзеліцца ўражаннямі Жанна Мікалаеўна. — Праз гульні і цікавыя выпрабаванні дзеці атрымалі даволі істотны штуршок для разумовага развіцця.
Па словах выхавальніцы, тыя, хто на працягу года вучыўся па новым праекце, значна адрозніваюцца ад сваіх равеснікаў. Жанна Мікалаеўна амаль 30 гадоў настаўнічае ў дзіцячым садку і за мінулыя гады нярэдка выкарыстоўвала розныя інавацыйныя падыходы. Але менавіта гэты ўразіў яе сваімі вынікамі. Самае галоўнае, малыя сталі смела выказваць свае думкі і меркаванні. Напрыклад, пераважная большасць дзяцей адгадваюць загадкі інтуітыўна. А маленькія «інфарматыкі» разважаюць, шукаюць адпаведнасці, вызначаюць прыкметы. І на падставе лагічнага алгарытму прыходзяць да правільнай высновы.
— У прыватных гутарках такія змены адзначылі і бацькі, асабліва больш дарослае стаўленне іх дачок-сыноў да бытавых пытанняў. Дзеці інакш сталі паводзіць сябе, стваралася ўражанне, што іх жыццёвы вопыт «на галаву» пераўзыходзіць тое, чым вызначаюцца аднагодкі. Напрыклад, адна мама заўважыла, што сын па-іншаму стаў гуляць у шашкі: раней ён проста перасоўваў фішкі, а цяпер стаў думаць на кожным чарговым ходам.
Першая група ўдзельнікаў праекта «Інфарматыка без разеткі» сёлета выпусцілася, хутка яны стануць школьнікамі. Мяркуецца, што гэтыя дзеці адразу вызначацца ўзроўнем падрыхтоўкі і разумовага развіцця. Са свайго боку кіраўніцтва дашкольнай установы прызнала праект даволі цікавым і карысным, на падставе чаго будуюцца планы працягваць удзел у ім і ў наступным навучальным годзе. Да таго ж, інавацыя лічыцца адкрытай для ўсіх жадаючых, нават бацькі могуць самастойна далучацца да яго.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік