Суббота, 15 марта 2025

Калі і як будзем выплачваць падаткі за 2022 год? На актуальныя пытанні адказала начальнік упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Святлана Жук

500

У падатковае заканадаўства Рэспублікі Беларусь былі ўнесены змяненні, якія датычацца вылічэння маёмасных падаткаў для фізічных асоб. Якім чынам будзе ажыццяўляцца выплата падаткаў за 2022 год, пра новы парадак вызначэння падатковай базы, адмену некаторых ільгот і іншыя змяненні расказала начальнік упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб інспекцыі па падатках і зборах па Пружанскім раёне Святлана Жук.

— Святлана Міхайлаўна, раскажыце, як змяніўся для фізічных асоб парадак вылічэння падатку на нерухомасць і зямельнага падатку?
— З 2022 года вылічэнне маёмасных падаткаў будзе рабіцца за мінулы каляндарны год. Пры гэтым будуць улічвацца ўсе змены, якія адбыліся на працягу года, з аб’ектамі нерухомай маёмасці і іх уладальнікамі.

Выплата падаткаў за 2022 год будзе ажыццяўляцца наступным чынам:

  • не пазней за 15.11.2022 — выплата авансавага плацяжу ў памеры 50% ад налічанай за 2022 год сумы маёмасных падаткаў;
  • не пазней за 15.11.2023 — выплата астатняй часткі маёмасных падаткаў за 2022 год.

Выплата маёмасных падаткаў за 2023-ці будзе ажыццяўляцца не пазней за 15 лістапада 2024 года і гэтак далей.

Таксама зменены парадак вызначэння падатковай базы для вылічэння падатку на нерухомую маёмасць. З мэтай выраўноўвання для ўсіх фізічных асоб умоў, звязаных з вылічэннем падатку на нерухомасць, з 2022 года Падатковым кодэксам прадугледжаны адзін спосаб вызначэння кошту нерухомасці, які базіруецца на разліковым кошце 1 кв.м тыпавога капітальнага збудавання.

Адменена льгота па падатку на нерухомую маёмасць адносна адной кватэры, якая знаходзіцца ва ўласнасці фізічнай асобы. Улічваючы, што да гэтага часу меў месца няроўны падыход у частцы падаткаабкладання нерухомасці, з 2022 года для ўсіх грамадзян устаноўлены аднолькавы падыход у частцы падаткаабкладання кватэр і жылых дамоў.

З мэтай абароны сацыяльна ўразлівых слаёў насельніцтва (пенсіянеры па ўзросце, дзеці да 18 гадоў, шматдзетныя сем‘і, інваліды I і II групы), належачыя ім адна кватэра і адзін жылы дом вызваляюцца ад падатку на нерухомасць у поўным памеры, незалежна ад рэгістрацыі ў такой нерухомасці працаздольных грамадзян.

Пры гэтым, калі ў пералічанай катэгорыі грамадзян ва ўласнасці знаходзяцца дзве і больш кватэры, або два і больш жылыя дамы, то толькі адна кватэра або адзін жылы дом з найбольшым коштам будуць поўнасцю вызваляцца ад падатку на нерухомую маёмасць. Аналагічна будуць абкладацца і зямельныя ўчасткі, за выключэннем зямельных участкаў, прызначаных для будаўніцтва і абслугоўвання гаражоў, садовых домікаў (дач), для агародніцтва, вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі.

Для ўсіх аб’ектаў нерухомасці стаўка падатку складае 0,1%.

У выніку сярэдні памер падатку на нерухомасць за адну кватэру ў г. Мінску складзе каля 50-60 руб., у абласных гарадах — каля 45-50 руб., у буйных раённых цэнтрах — каля 40 руб., у іншых населеных пунктах — каля 30 руб.

Для шматдзетных сем’яў ільгота захавалася па ўсіх аб’ектах, незалежна ад іх колькасці.

— А ў якія тэрміны фізічныя асобы атрымаюць апавяшчэнне пра неабходнасць выплаты маёмасных падаткаў?
— Паведамленне на выплату маёмасных падаткаў уручаецца штогод да 1 верасня з дапамогай паштовага адпраўлення або праз «Асабісты кабінет плацельшчыка». Каб пазбегнуць узнікнення пытанняў наконт накіравання паведамленняў не па адрасе, падатковая інспекцыя прапануе плацельшчыкам скарыстацца інтэрнэт-сэрвісам «Асабісты кабінет фізічнай асобы», размешчанага на партале Міністэрства па падатках і зборах www.portal.nalog.gov.by.

Для карыстання дадзеным сэрвісам плацельшчыку неабходна мець лагін і пароль. Іх можна атрымаць пры непасрэдным наведванні падатковага органа з прад’яўленнем дакумента, які засведчвае асобу, альбо самастойна зарэгістравацца ў асабістым кабінеце плацельшчыка на партале Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь праз міжбанкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі, выкарыстоўваючы спасылку «рэгістрацыя праз МСІ».

Плацельшчыкам арэнднай платы за зямлю трэба памятаць, што накіраванне паведамленняў на выплату арэнднай платы за зямлю заканадаўствам не прадугледжана. Памер арэнднай платы, тэрмін выплаты і рэквізіты на выплату пазначаны ў дагаворы арэнды.

— Як зрабіць аплату маёмасных падаткаў, не маючы паведамлення?
— Аплату маёмасных падаткаў і арэнднай платы за зямлю можна зрабіць як з паведамленнем, так і без яго праз аддзяленні банкаў, паштовай сувязі, праз сістэму АРІП з дапамогай інтэрнэт-банкінгу, мабільнага банкінгу, а таксама ў асабістым кабінеце плацельшчыка. Дастаткова ведаць свой уліковы нумар плацельшчыка (УНП). УНП, неабходны для аплаты падаткаў фiзiчнай асобы, можна даведацца на сайце МПЗ (www.portal.nalog.gov.by), не звяртаючыся пры гэтым у падатковую інспекцыю.

АЛГАРЫТМ ДЗЕЯННЯЎ ПОШУКУ УНП ФІЗІЧНАЙ АСОБЫ ТАКІ:

  • заходзім на сайт МПЗ;
  • выбіраем «Электронныя сэрвісы»;
  • выбіраем раздзел «Дзяржаўны рэестр плацельшчыка»;
  • выбіраем падраздзел «Пошук фізічных асоб».

Варыянты пошуку:

1) асабісты нумар (14 знакаў);
2) прозвішча, імя або пачатковая частка прозвішча, імя (не менш за 3 літары) і нумар дакумента, які засведчвае асобу, поўнасцю або асабісты нумар.

УВАГА! Літарныя значэнні УНП неабходна ўводзіць на англійскай раскладцы клавіятуры вялікімі літарамі.

Варта памятаць, што зямельны падатак, падатак на нерухомую маёмасць і арэндную плату за зямлю аплачваюць у бюджэт па месцы размяшчэння аб’екта падаткаабкладання.

ПРАПАНУЕМ АЛГАРЫТМ ВЫПЛАТЫ ПАДАТКАЎ ПРАЗ АРІП ПА АБ’ЕКТАХ У Г. ПРУЖАНЫ.

Выбіраем: Падаткі — Брэсцкая вобласць — Пружанскі раён — Пружанскі РВК, фінаддзел — выбіраем патрэбны падатак — уводзім свой уліковы нумар плацельшчыка (вялікімі літарамі на англійскай раскладцы) — аплачваем суму падатку.

Больш падрабязную інфармацыю па пытанні вылічэння і выплаты маёмасных падаткаў можна атрымаць у інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь па Пружанскім раёне па тэлефонах: 4-01-17, 4-02-30, 4-01-07, 2-17-76, 4-01-27.

Гутарыла Вольга Вадзяновіч