Суббота, 8 февраля 2025

Як наладжана работа сельвыканкама з людзьмі? Расказалі жыхары Мокраўскага сельсавета

539

Падчас правядзення двухдзённага рэспубліканскага семінара-нарады «Актуалізацыя метадаў і формаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні» Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўзняў пытанні эфектыўнай зваротнай сувязі і даверлівага дыялогу ўлады з людзьмі. Гаварылася аб ролі мясцовых Саветаў, аб тым, што на месцах фарміруецца аўтарытэт улады. Разглядаліся і іншыя актуальныя пытанні, у тым ліку і выраўноўвання гарадскіх і сельскіх сацыяльных стандартаў.

Карэспандэнты «раёнкі» на канкрэтным прыкладзе вырашылі праверыць, ЦІ НА НАЛЕЖНЫМ УЗРОЎНІ ПАБУДАВАНА ЎЗАЕМАДЗЕЯННЕ СЕЛЬВЫКАНКАМА З НАСЕЛЬНІЦТВАМ, ЦІ ВЯДЗЕЦЦА САПРАЎДНЫ ДЫЯЛОГ, ЦІ АКАЗВАЕЦЦА РЭАЛЬНАЯ ДАПАМОГА?

Старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч.

З гэтымі пытаннямі мы завіталі ў Мокраўскі сельсавет, каб на свае вочы ўбачыць, як наладжана дадзеная работа. Старшыня сельвыканкама Вольга Грышкевіч згадзілася на гэтую форму дыялогу, але прапанавала наступнае: лепш пра тое, як наладжана работа ў сельсавеце, няхай раскажуць самі людзі. Ім збоку лепш бачна, ці працуе рэальна мясцовы орган кіравання і самакіравання, ці задаволена насельніцтва аказанымі паслугамі?

Вольга Віктараўна акрэсліла толькі некаторыя накірункі работы сельвыканкама, а карэспандэнты самі вырашылі спытаць на вуліцы: ці ўсё задавальняе жыхароў, ці, можа, патрэбна нешта змяніць?

НАКІРУНАК ПЕРШЫ: аказанне дапамогі людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, маламаёмнай катэгорыі грамадзян.

Галіна Сычэўнік.

Сапраўды, здараецца, што бяда падсцерагае цябе там, дзе яе зусім не чакаеш. Так здарылася і ў сям’і Галіны Сычэўнік з аг. Клепачы. Ці магла яна некалі падумаць, што давядзецца даглядаць мужа і дачку, якія на дадзены момант маюць І групу інваліднасці? Ды яшчэ ў дачушкі — сваіх трое дзетак. Не пазайздросціш, па-чалавечы шкада жанчыну. Але гэта словы, хоць і яны бываюць гаючымі, а ў такой сітуацыі часта патрэбна рэальная дапамога. Старшыня Вольга Грышкевіч ужо працяглы час падтрымлівае сувязь з ГА «Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа». І ў дадзенай сітуацыі гэтае супрацоўніцтва аказалася плённым: сям’і Сычэўнікаў быў выдадзены сертыфікат на суму ў 270 рублёў. Калі спатрэбіліся мыліцы для дачкі, і тут не пакінулі без увагі. Цяпер вось неабходна медыцынская кушэтка для зарадкі (дачушка ідзе на папраўку), і Галіна Сычэўнік верыць, што і тут Вольга Віктараўна дапаможа. Не забылі пра жанчыну і на Дзень маці, прыехалі з падарункамі, павіншавалі, пажадалі моцнага здароўя і, канечне, цярпення.

Дарэчы, Галіна Уладзіміраўна папрасіла праз газету пажадаць старшыні Мокраўскага сельвыканкама сіл маральных і фізічных, каб іх хапіла яшчэ надоўга для добрых спраў.

НАКІРУНАК ДРУГІ: правядзенне акцыі «Поезд міласэрнасці» разам з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Падчас яе вялікая ўвага ўдзяляецца пажылым людзям, а менавіта, былым вязням і тым, хто нарадзіўся да 9 мая 1945 года. Кожны год наведваюць іх з паштоўкамі, салодкімі падарункамі, сумесна з Кляпацкім, Мокраўскім Дамамі культуры і Рудніцкім сельскім клубам-бібліятэкай ладзяць канцэрты.

Лідзія Чарапенька.

Тое ж пацвярджае і Лідзія Чарапенька з Клепачоў. Калі ёй было чатыры гадкі, акупанты вывезлі сям’ю ў Беласток. Цяпер жанчыне 84 гады, і, зразумела, лішняй увагі для яе не бывае. Лідзія Серафімаўна дадае, што і на 8 Сакавіка прыязджаюць работнікі сельвыканкама з кветкамі, а для пажылой жанчыны — гэта як бальзам на душу, галоўнае — помняць. Здароўе таксама ў Лідзіі Чарапенька не жалезнае, гады бяруць сваё. Асабліва турбуе ціск, што ж, атрымайце, калі ласка, танометр. Каб пазбегнуць пажару, у доме Лідзіі Серафімаўны быў усталяваны пажарны апавяшчальнік. Удзел у акцыі таксама прымаюць валанцёры з атрада міласэрнасці, якія раздавалі людзям сталага ўзросту флікеры і камізэлькі для іх жа бяспекі. Не засталося ўбаку і КУВП «Камунальнік», работнікі прадпрыемства па жаданні і неабходнасці ўстанаўлівалі поручні ў прыватных дамах і ў ванных пакоях.

НАКІРУНАК ТРЭЦІ: добраўпарадкаванне тэрыторыі сельсавета.

Пытанне актуальнае на працягу ўсяго года, але цяпер патрабуе асаблівай увагі. Адна касьба чаго толькі каштуе. Вольга Грышкевіч сцвярджае, што ў любой справе патрэбны падыход да людзей, увага. Вось ужо не першы год велізарную дапамогу ў абкошванні аказвае жыхар в. Краснае Мікалай Шульга на асабістым трактары. І робіць гэта на грамадскіх пачатках, хіба што калі-нікалі забярэ сена.

Любоў Гугнюк.

Кветкавым афармленнем аг. Клепачы ўжо доўгі час займаецца адна са старастаў пасёлка Любоў Гугнюк, якая займае грамадскую пасаду больш за 10 гадоў. Жанчына стараецца, каб родны аграгарадок быў прыгожым, квітнеючым. Сама вырошчвае расаду кветак, супрацоўнічае ў гэтым плане з ДУА «Мокраўскі ВПК д/с-СШ» (займаецца абменам). І гэта атрымліваецца ў Любові Мікалаеўны: акуратныя клумбы красуюцца ў цэнтры Клепачоў. А каля свайго дома яна прадэманстравала карэспандэнтам «кветкавы веласіпед» уласнай вытворчасці. Кажа, што спыняцца на дасягнутым не збіраецца, ёсць яшчэ шмат планаў наконт азелянення пасёлка.

Не на апошняе месца стараста ставіць і іншыя свае грамадскія абавязкі. Расказвае, што стараецца цесна супрацоўнічаць са старшынёй сельскага Савета Вольгай Грышкевіч. Апошняя заўсёды адклікаецца на просьбы аб дапамозе ў вырашэнні таго ці іншага пытання. Разам наведваюць нядобранадзейныя сем’і, разглядаюць скаргі рознага характару. Адным словам, працуюць на вынік, а не дзеля справаздачы.

Не застаюцца ўбаку і многія іншыя жыхары сельсавета. Разумеюць, што трэба і самому прыкласці намаганні, каб малая радзіма выглядала чыста і ўтульна. У якасці прыкладу можна назваць і Вольгу Джэйкун, якая ў свой час у «Viber» стварыла групу, дзе вялася размова пра ўсталяванне кантэйнераў для смецця. І справа зрушылася з месца, праз некаторы час было ўстаноўлена 54 кантэйнеры для раздзельнага збору смецця на тэрыторыі сельсавета. А ў наш час пытанне гэтага накірунку стаіць востра і патрабуе пільнага кантролю.

Работы па палетках ААТ «Агра-Калядзічы».

Вялікі ўклад у навядзенне парадку ўносяць сельгаставарыствы «Агра-Калядзічы» і «Жураўлінае», якія размяшчаюцца на тэрыторыі сельсавета. Па словах Вольгі Грышкевіч, кіраўнікі гэтых гаспадарак Аляксандр Пішч і Дзмітрый Якутчык заўсёды гатовы дапамагчы. Гэта і расчыстка ўчасткаў, парослых дзікай расліннасцю з наступным уцягваннем іх у севазварот, і дапамога ў зносе пустуючых дамоў, якіх, як і ў любым сельсавеце, налічваецца нямала, а таксама абкошванне тэрыторый населеных пунктаў. Дарэчы, калі гаварыць пра разбор дамоў, то гэтая работа наогул выконваецца паскоранымі тэмпамі: за чатыры дні было знесена два дамы. Галоўнае, лічыць старшыня сельвыканкама, знайсці кропку сутыкнення, быць патрэбнымі адзін аднаму.

Зразумела, што гэта далёка не ўсе накірункі работы Мокраўскага сельскага Савета. Сярод асноўных Вольга Грышкевіч называе яшчэ інфармацыйную і тлумачальную работу, бо менавіта з прадстаўнікамі мясцовых выканкамаў, у першую чаргу, маюць зносіны сельскія жыхары. І іншыя надзённыя праблемы, якія таксама патрабуюць вырашэння. А пытанняў у насельніцтва заўсёды хапала і будзе хапаць. І да кожнага трэба знайсці падыход, добрае слова сказаць, нарэшце, проста выслухаць.

Вольга Віктараўна марыць у будучым правесці конкурс на лепшы падворак, тэрыторыі каля шматкватэрных дамоў. Пабываўшы ў Клепачах, карэспандэнты ўпэўніліся, што памочнікаў у старшыні будзе хапаць. Пажадаем ёй удачы!

Падрыхтаваў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік