Неверагодна густыя сняжынкі за акном і гучная духавая музыка на галоўнай вуліцы горада… Субота, 2 красавіка, пачалася для пружанцаў з сюрпрызаў. У дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, што вельмі сімвалічна, у Пружанах адбылося адкрыццё памятнага знака ў гонар стратэгічных ракетчыкаў.

Нягледзячы на «нялётнае» надвор’е, знакавае мерапрыемства распачалося ўрачыстым маршам з удзелам роты ганаровай варты, чаканіць крок якой дапамагаў ваенны аркестр. Сцяганосцы, салдаты і музыканты маршыравалі ад гарадскога Палаца культуры і спыніліся ў скверы, непадалёк ад дзіцячай школы мастацтваў, дзе і прайшло асноўнае дзейства.
Тут на невялікай пляцоўцы загадзя быў устаноўлены валун з гранітнай шыльдай, над якім сёння ўзвышаецца паменшаная стальная копія балістычнай ракеты Р-12.
Перадгісторыя
Нагадаем, некалькі гадоў таму ветэраны 31-й Гвардзейскай Бранска-Берлінскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава ракетнай дывізіі, часці якой у свой час базіраваліся на Пружаншчыне, выступілі з асаблівай ініцыятывай — усталяваць ў нашым горадзе памятны мемарыял з указаннем прозвішчаў камандзіраў дывізіі і часцей, якія размяшчаліся на тэрыторыі раёна. Тады ж было выбрана і месца ўстаноўкі — сквер каля будынка ДШМ, у якім, як сведчыць мемарыяльная шыльда на бакавым фасадзе, з 1962 па 1990 год размяшчаўся штаб 31-й дывізіі.

Агульны кошт манумента ацэньваўся на той час у 50 тысяч беларускіх рублёў. Грошы немалыя, таму ветэраны-ракетчыкі вымушаны былі звярнуцца да грамадскасці па добраахвотныя ахвяраванні. Для гэтай мэты быў нават адкрыты дабрачынны разліковы рахунак — і капейка «пайшла капаць»…
Знак яднання і патрыятызму
Ракетчыкі выбралі адпаведную, глыбока сімвалічную дату для адкрыцця помніка — 2 красавіка 2022 года — у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, у Год гістарычнай памяці ды яшчэ да 80-годдзя фарміравання самой дывізіі. Як кажуць, усе зоркі зышліся — і, нарэшце, настаў час надзець ракетчыкам свае парадныя мундзіры.
На ўрачыстае адкрыццё знака былі запрошаны ветэраны дывізіі з сем’ямі, многія з якіх засталіся жыць у Пружанах, прадстаўнікі раённай улады і актывісты грамадскіх аб’яднанняў, моладзь. Сведкамі падзеі з ўрачыстым вынасам сцяга беларускага саюза афіцэраў сталі вучні гарадскіх школ, Ружанскай і Шарашоўскай СШ, навучэнцы каледжа, проста неабыякавыя гараджане і госці горада.

Першым узяў слова старшыня райвыканкама Юрый Бісун. Ён распавёў пра доблеснае мінулае 31-й ракетнай дывізіі, якая ў свой час забяспечвала надзейны шчыт жыхарам усяго СССР ад патэнцыйнай знешняй пагрозы. Нагадаў пра служачых, якія годна неслі сваю вахту па ахове краіны і для якіх пазней наш горад стаў месцам пастаяннага жыхарства. Падкрэсліў значнасць новага помніка ў справе ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі.
— Хачу адзначыць, што Беларусь заўсёды была краінай дружбы і добрасуседства. І гэтая аксіёма запісана ў асноўным законе нашай дзяржавы. Беларускі народ ведае цану міру. Усім моцнага здароўя і мірнага неба над галавой! — пажадаў прысутным Юрый Юр’евіч.
Кіраўніку раённай адміністрацыі разам са старшынёй каардынацыйнага савета Брэсцкай арганізацыі «Асацыяцыя ветэранаў ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння» грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў», палкоўнікам у адстаўцы Уладзімірам Корсакавым было дадзена права адкрыць памятны знак.

Чарада далейшых выступоўцаў была вялікай і прадстаўнічай. Намеснік камандзіра 31 ракетнай дывізіі (1986-1989) генерал-маёр Васілій Рудэнка, намеснік старшыні камітэта па абароне Палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Яўген Зайцаў, старшыня савета ветэранаў ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння г.Пружаны Уладзімір Фралоў і іншыя – усе яны дзякавалі арганізатарам урачыстай цырымоніі за створаны настрой, будаўнікам і работнікам камунальнай службы за добраўпарадкаванне пляцоўкі. Віншавалі ветэранаў палка са святам і выказвалі спадзяванне на тое, што мемарыяльны знак стане напамінам цяперашняму і будучаму пакаленням пружанцаў пра людзей, для якіх службовы абавязак і адданасць роднай зямлі былі не проста словамі, а сэнсам жыцця.
Ветэраны РВСП з гонарам і непрыхаванай настальгіяй успаміналі гады ваеннай службы падчас «жалезнай заслоны» і абяцалі надалей рабіць усё магчымае, каб памяць пра «ядзерных» ракетчыкаў на Пружаншчыне жыла, не прымяншаючы пры гэтым ролі і годнасці іншых відаў і родаў войскаў узброеных сіл. Адметна, што ракетчыкі перадалі ў фонды музея-сядзібы «Пружанскі палацык», раённай бібліятэкі, а таксама ў ружанскую і шарашоўскую сярэднія школы кнігу ўспамінаў славутага камандзіра 31-й дывізіі Юрыя Жураўлёва «Честь имею. Судьба мира в наших руках».

Паміж выступленнямі святочны настрой прысутных падтрымлівалі салістка Брэсцкага гарадскога аркестра духавой і эстраднай музыкі Марына Жыцінёва і салістка Пружанскага ГПК Таццяна Паласьмак.

Напрыканцы мерапрыемства, у памяць аб тых, хто служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння, да помніка былі ўскладзены кветкі.
Праграма суботняй урачыстасці мела інтэрактыўны працяг: на месцы аўтастаянкі разгарнуліся палявая кухня, наладжаная работнікамі раённага аддзела МНС, і выстава зброі, арганізаваная служачымі разведвальна-дэсантнай роты 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады, якая базіруецца ў г.Брэст, і Бярозаўскага гарнізона. Свой «жывы» арсенал прадэманстравалі і работнікі раённага аддзела Дэпартамента аховы.

Людзі з апетытам частаваліся салдацкай кашай, запрашалі службовую аўчарку на сумеснае сэлфі і з задавальненнем пазіравалі на камеру.
Алена Зялевіч, фота аўтара
Больш фотаздымкаў тут: https://ok.ru/budni/album/938270218632