У мінулую суботу вялікая зала гарадскога Палаца культуры літаральна разрывалася ад гукаў труб і саксафонаў, ударных і акардэонаў, скрыпак і віяланчэляў… Тут праходзіў VII Міжрэгіянальны конкурс інструментальнай музыкі «Музычны калейдаскоп».
На жаль, аматараў «жывой» класічнай музыкі фестываль сабраў няшмат, але конкурс атрымаўся. Атмасферу свята і здаровай творчай канкурэнцыі адчулі самі музыканты і, вядома, журы, у якое ўвайшлі выкладчыкі Брэсцкага і Баранавіцкага музычных каледжаў, а таксама Пружанскай ДШМ.
Вызначаліся пераможцы ў пяці намінацыях (у кожнай па дзве ўзроставыя катэгорыі). Ацэньваліся, перш за ўсё, ступень валодання інструментам, чысціня інтанацыі, сцэнічная культура выканаўцаў і многія іншыя крытэрыі.
Задача ў суддзяў была не з лёгкіх. Вызначыць лепшых сярод больш за трыццаць прафесійных і аматарскіх аркестравых калектываў і інструментальных ансамбляў з усёй Брэстчыны было складана. Усе нумары атрымаліся яркімі і запамінальнымі. Улічваючы, што кожны калектыў на суд журы прадставіў па два рознахарактарныя творы, такіх нумароў было больш за семдзесят. Гукі розных музычных інструментаў стваралі ўсё новыя і новыя ўзоры.
Як адзначыў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця конкурсу начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш, традыцыйна шырокая геаграфія конкурсу і «зорныя» назвы калектываў сведчаць пра яго папулярнасць у музычным асяроддзі.
Ганаровая місія адкрываць конкурсную праграму выпала дзіцячаму духавому аркестру Ліноўскай ДШМ пад кіраўніцтвам Аляксандра Малайчука. Са сваёй задачай калектыў справіўся, адыграў зладжана, арганічна і быў узнагароджаны дыпломам II ступені.
Шчырымі апладысментамі сустракалі гледачы і іншага дыпламанта мінулагодняга конкурсу — духавы аркестр Пружанскай ДШМ (кіраўнік Сяргей Більшэвіч), які сёлета святкуе 30-годдзе прысваення яму звання «Узорны». Марш і полька Гаеўскага прынеслі калектыву перамогу ў намінацыі «Аркестры духавыя».
Эстафету прыняў народны эстрадны аркестр «Біг-бэнд» Пружанскага ГПК, які быў заяўлены ў намінацыі «Аркестры эстрадныя» (дарослыя) і атрымаў дыплом I ступені.
У намінацыі «Народныя аркестры» наш раён прадстаўлялі два дзіцячыя ўзорныя калектывы з Пружанскай ДШМ — аркестр народных інструментаў «Скоморошина» (кіраўнік Людміла Кавалевіч) і баянны аркестр «Імпрэс» (кіраўнік Валянціна Захаркіў), якія занялі другое і трэцяе месцы адпаведна.
У гэтай жа намінацыі сярод дарослых калектываў лепшым стаў народны аркестр народных інструментаў Пружанскай ДШМ пад кіраўніцтвам Галіны Швед. Дарэчы, сапернікі ў пружанцаў былі годныя, у прыватнасці, народны аркестр «Роднасць» з Драгічынскай ДШМ, які неаднойчы станавіўся лаўрэатам прэстыжных міжнародных конкурсаў. Але нашы музыканты справіліся з хваляваннем і паказалі вышэйшы клас.
Найбольшая канкурэнцыя склалася ў намінацыі «Ансамблі народныя», дзе было заяўлена ажно дзевяць дзіцячых і сем дарослых калектываў. У малодшай узроставай катэгорыі перамаглі госці з Івацэвічаў і Белаазёрска. У тройку прызёраў увайшлі ансамбль дамрыстаў «Сябрукі» і ансамбль цымбалістаў «Спатканне» з Новазасімавіцкай ДШМ, якія былі ўзнагароджаны дыпломамі II і III ступені адпаведна. Трэцяе месца з апошнімі падзяліў зорны ансамбль дамрыстаў «Вясёлкавыя ноткі» з Ліноўскай ДШМ.
У дарослай катэгорыі народны ансамбль народных інструментаў «Пружанскі палацык» (кіраўнік Святлана Бартноўская) заняў ганаровае трэцяе месца. А лепшым быў прызнаны ансамбль «ВдохNOWение» з Маларыцкай ДШМ, інструментальную аснову якога складаюць цымбалы. Гэты ўнікальны інструмент дадаў «Музычнаму калейдаскопу» асаблівых беларускіх нацыянальных нотак і дапамог ансамблю заслужана атрымаць Гран-пры фэстывалю.
Званне Гран-пры было дадзена і ў намінацыі «Ансамблі класічныя». Яго атрымаў ансамбль «Anima» з Івацэвічаў. А ансамбль скрыпачоў з Новых Засімавічаў і народны струнны ансамбль «ARCHI» з Ліноўскага СПК былі ўзнагароджаны дыпломамі III ступені.
У апошняй намінацыі «Ансамблі эстрадныя» гонар раёна адстойвалі два калектывы трубачоў з Ліноўскай ДШМ (кіраўнік Аляксандр Малайчук), якія былі ўзнагароджаны дыпломамі II ступені, і ансамбль настаўнікаў Новазасімавіцкай ДШМ «Камільфо», які заняў трэцяе месца…
У пружанскую скарбонку ўзнагарод, да вялікай радасці нешматлікіх гледачоў, музыканты раёна дадалі ажно пятнаццаць ганаровых дыпломаў. Так, падчас іх выступленняў зала пуставала, але ў гэтым, пры жаданні, можна было знайсці свае плюсы: выступоўцы шчыра падтрымлівалі адзін аднаго і сярод сапернікаў набывалі новых сяброў, з якімі яны яшчэ не раз сустрэнуцца ў чароўным свеце эксклюзіўнага музычнага мастацтва.
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_283342789