Воскресенье, 12 января 2025

Увесь час шукае штосьці новае, спяшаецца жыць, ствараць і любіць сацыяльны педагог Ружанскай СШ Ала Стасюкевіч

618

Яе завуць Ала. Яна разумная і прыгожая, упэўненая ў сабе і самадастатковая. А яшчэ яна — адзіны ў раёне сацыяльны педагог вышэйшай катэгорыі, а значыць, ведае лепшыя спосабы сацыяльнай адаптацыі і выратавання пакрыўджаных лёсам дзяцей.

З Алай Стасюкевіч мы сустрэліся на працоўным месцы — у Ружанскай сярэдняй школе. У калідоры вакол маладой жанчыны чародкай увіваліся малыя, кожны нешта шчабятаў, хапаў за руку, нібы маму, задаваў пытанні, зазіраў у вочы. А ў адказ разам са шчырай усмешкай атрымліваў сваю порцыю ўвагі…

Празвінеў званок, і, пажадаўшы школьнікам поспеху, маладая настаўніца з задавальненнем пагутарыла з журналістамі. Як аказалася, яна дачка вельмі добрых людзей, якія неаднаразова станавіліся героямі нашых публікацый: мама — інструктар Шарашоўскага неўралагічнага дома-інтэрната, а тата — вядомы ў мінулым культработнік, у свой час больш за трыццаць гадоў узначальваў Шарашоўскі Цэнтр культуры і вольнага часу.

— І мне з дзяцінства даводзілася яму дапамагаць, — успамінае Ала Генадзьеўна. — Я спявала, танцавала і нават выступала ў ролі вядучай. Добры сцэнічны вопыт набыла ў тым ліку і ў Шарашоўскай ДШМ, дзе асвоіла ігру на баяне.

Нядзіўна, што пасля заканчэння школы дзяўчына працягнула асвойваць «культурную» сферу ў Гродзенскім дзяржаўным педагагічным каледжы па спецыяльнасці «Музычная адукацыя» (спецыялізацыя «Творчая дзейнасць»). Энтузіязм і патэнцыял таленавітай навучэнкі, якая жадала выступаць заўсёды і ўсюды, неўзабаве былі ацэнены па заслугах: Ала атрымала некалькі падзячных лістоў ад кіраўніцтва каледжа і нават прыняла ўдзел у навуковай канферэнцыі ў Гродне.

Пасля заканчэння вучобы актывістка мела магчымасць застацца ў любімым горадзе, але па сямейных абставінах вымушана была вярнуцца на Пружаншчыну, працавала кіраўніком студыі рытмікі і харэаграфіі ў Ружанскай ДШМ. Тут выйшла замуж, нарадзіла дачку. І праз некаторы час вырашыла змяніць род дзейнасці.

— Магчыма, са з’яўленнем дзіцяці я пасталела і зразумела, што хачу чагосьці большага, чым танцы, — прызнаецца Ала.

Яна паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Сацыяльная педагогіка. Выхаваўчая праца ва ўстановах сацыяльна-культурнай сферы». І ўжо на трэцім курсе прыняла запрашэнне працаваць у Ружанскай СШ сацыяльным педагогам.

У 2013 годзе стала прызёрам раённага конкурсу на лепшую рэкламную прадукцыю па актывізацыі сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

— І панеслася: конкурсы, спаборніцтвы, акцыі, турзлёты… Жыццё завіравала ключом. Я ўвесь час шукала чагосьці новага, спяшалася жыць, нібы баялася, што не паспею, — смяецца маладая настаўніца.

Паспела і перамагла. Перамагла сумненні ва ўласных сілах, ва ўласнай значнасці, канчаткова пазбавіўшыся ад комплексаў, навязаных звонку.

У 2015 годзе Ала Стасюкевіч удзельнічала ў раённым этапе рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «Новыя імёны Беларусі». У 2016-м перамагла ў раённым конкурсе кабінетаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. У 2017 годзе была ўзнагароджана граматай аддзела па адукацыі райвыканкама за актыўны ўдзел у раённым конкурсе сацыяльнай праграмы сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот. А яшчэ праз год атрымала Падзячнае пісьмо райвыканкама за высокі прафесіяналізм, абарону правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх.

Неўзабаве сацыяльнаму педагогу Ружанскай СШ даручылі важную місію ўзаемадзеяння з Беларускім Таварыствам Чырвонага Крыжа. Летась Ала паспяхова паўдзельнічала ў абласным конкурсе творчых работ «100 гадоў на ніве міласэрнасці», прымеркаваным да 100-годдзя БТЧК.

Сёння сфера яе адказнасці і, у той жа час, уплыву вельмі вялікая. Цяпер у ружанскай школе навучаецца адзінаццаць з дзевятнаццаці дзяцей раёна, якія засталіся без апекі бацькоў, яны выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях. Таксама ў пасёлку ёсць тры апякунскія сям’і і адзін дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзе ўзята на выхаванне дзесяць дзяцей.

— Каласальная адказнасць кладзецца не толькі на прыёмных бацькоў, але і на мяне. Я ў адказе за ўсіх нашых падапечных, — з лёгкай дрыготкай у голасе кажа Ала Генадзьеўна.

Толькі ёй адной вядома, што робіцца ў яе ў душы, калі глядзіць на дзяцей, якія жывуць ў голадзе і холадзе, калі просіць іх бестурботных бацькоў адумацца, калі выслухоўвае ў след праклёны і адкрытыя пагрозы. Стрэс назапашваецца…

Як педагогу ўдаецца змагацца з бурай у душы? Аказваецца, рэцэптаў у яе мноства! Па-першае, Ала ўдзельнічае ў «Гульнях розуму», што наладжваюцца ў райцэнтры. Сабрала каманду «Народжаныя ў СССР», касцяк якой складаюць людзі старэйшага ўзросту, і атрымлівае каласальнае задавальненне ад самога працэсу.

— Гульня дорыць магчымасць далучыцца да супольнасці светлых, разумных, эрудзіраваных людзей. Хоць, мая каманда яшчэ не трапляла ў лік лепшых, але затое мы шчаслівыя і задаволеныя. У нас усё наперадзе!

Акрамя таго, Ала любіць тэатр. У свой час, калі адпачывала на моры, не адмовілася ад магчымасці пабываць у Адэскім тэатры. А зараз штомесяц імкнецца наведаць Слонімскі, пры магчымасці выязджае ў Гродзенскі драмтэатр.

— Меў рацыю Гогаль, калі параўнаў тэатр з кафедрай, з якой можна сказаць свету шмат добрага… А яшчэ я пішу вершы. Вядома, мне далёка да Цвятаевай, ну і няхай! Пакуль радкі льюцца самі сабой, буду спяшацца іх запісваць…

«Когда чуть за тридцать уже на пороге
И время летит второпях,
Остановитесь, друзья, у дороги
И оглянитесь назад:
Там детство, там юность,
Там молодость ваша,
Там светлые чувства, мечты.
Коснитесь душою родного порога
И верьте: вся жизнь впереди!»

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік