Вторник, 21 января 2025

Немалаважную ролю ў развіцці малочнага камбіната адыгрываюць усмешлівыя, старанныя і вельмі працавітыя жанчыны!

880

Дырэктар ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Аляксандр Лось:

— Наш малочны камбінат выпускае прадукцыю высокай якасці, і гэта пацвярджаецца шматлікімі ўзнагародамі, якія мы прывозім кожны год з выстаў рознага маштабу. Вышэйсказанае дае падставу гаварыць аб тым, што калектыў у нас працавіты, згуртаваны і накіраваны на заваяванне новых прафесійных вяршынь. І вельмі прыемна, што немалаважную ролю ў справе развіцця прадпрыемства адыгрываюць нашы непараўнаныя цудоўныя жанчыны.

Зразумела, каб выказаць сваё захапленне жанчыне, не патрэбна шукаць асаблівую нагоду. Гэта, па магчымасці, трэба рабіць кожны дзень, каб яна адчувала сябе патрэбнай, паважанай, каханай. Але ёсць дзень, калі мы, мужчыны, павінны прыкласці ўсе намаганні для таго, каб яна, наша непаўторная, адчула сябе каралевай, той, дзеля якой хочацца ствараць, за якую можна і пазмагацца. Канечне, размова ідзе пра Міжнародны жаночы дзень 8 Сакавіка. Дзень, які разам з букетамі ружаў і цюльпанаў прыносіць неймаверную атмасферу цеплыні і ўтульнасці ў кожны дом.

А жанчына — гэта ж яшчэ і цудоўная гаспадыня, якая часам з нічога можа зрабіць шэдэўр кулінарыі. Вось тут вельмі добра падыходзіць выраз «залатыя рукі». І для пацвярджэння гэтага хадзіць далёка не трэба. Узяць хаця б наша таварыства, яго прадукцыю. Ці ж былі б такімі смачнымі нашы сыры, масла, тварог, сыроватка, каб не нястомныя рукі нашых працаўніц? Зразумела, не. Бо менавіта жанчыны з душой адносяцца да сваіх абавязкаў, выконваюць усю работу адказна, нярэдка з’яўляюцца прыкладам для мужчын і паказваюць, што «слабая палавіна» часам можа быць моцнай, патрабавальнай і строгай. Не на апошнім месцы, канечне, і работа па кантролі за якасцю, па стандартызацыі і сертыфікацыі прадукцыі. Справа таксама вельмі важная, бо ад яе залежыць, ці будуць пружанскія малочныя прысмакі на стале не толькі спажыўцоў нашай рэспублікі, але і за яе межамі. Шматлікія граматы, дыпломы і кубкі даказваюць, што кожная з нашых незаменных жанчын знаходзіцца на сваім месцы, а ўсе разам стараюцца агульнымі намаганнямі прынесці годны прыбытак свайму прадпрыемству. Няхай і надалей так і будзе!

А мы, мужчыны, павінны прыкладаць усе намаганні для таго, каб з твараў нашых жанчын ніколі не сыходзіла ўсмешка шчасця, каб яны заўсёды сябе адчувалі ў цэнтры ўвагі і былі ўпэўненыя ў тым, што лепшы падарунак для мужчыны — тая непаўторная і адзіная, што знаходзіцца побач.

Са святам 8 Сакавіка!


Вядучы інжынер па якасці Наталля Феранец, інжынер-тэхнолаг Таццяна Наумчык, інжынер па стандартызацыі і сертыфікацыі Вераніка Патапчук, інжынер па якасці Ірына Такарчук.

І смак, і якасць — на кантролі,
Мы не падводзім камбінат ніколі.
Стараемся — таму і вынік маем.
А што прыгожыя — таксама знаем.


Сыраробны цэх: аператары лініі вытворчасці харчовай прадукцыі Іна Каляда, Іна Букса, Ганна Касянюк, Таццяна Сушчук, Вольга Кулапіна.

Нашы сыры ўсім даспадобы,
Бо ведаюць справу сваю сыраробы.
А па-за работай — мы проста жанчыны,
Насіць на руках такіх трэба, мужчыны!


Участак вытворчасці масла: апаратчык пастэрызацыі Святлана Кульгаўчук, старшы майстар Наталля Вакульская, маслароб-майстар Алеся Казак.

І масла вельмі смачнае ў нас,
Што пацвярджаюць усе ў які ўжо раз.
Таму што робіцца старанна і з ахвотай,
Душу ўкладаем мы ў сваю работу.


Участак вытворчасці сухіх малочных прадуктаў: старшы майстар Надзея Гумяняк, апаратчык пастэрызацыі Лідзія Жыгар, майстар вытворчасці Алёна Францэвіч, экспедытар Святлана Фралова, аператары аўтаматычных ліній Ганна Гічан і Ірына Дарафейчык.

Што такое «сухі малочны прадукт»?
З чым есці трэба гэты «фрукт»?
Задавайце дзяўчатам такое пытанне:
Ім можна даверыць любое заданне.


А самае галоўнае ў рабоце прадпрыемства — гэта тое, што ААТ «Пружанскі малочны камбінат» стараецца дагадзіць густу кожнага спажыўца, падаць на прылаўкі магазінаў прадукцыю, якая не толькі прыгожа выглядае, але і прыносіць карысць.

Паглядзіце, колькі гатункаў сыроў прапануюць работніцы сыраробнага цэха: тут вам і цыліндрычныя, і фасаваныя, і плаўленыя, з рознымі смакавымі характарыстыкамі. Выбірай, што душа пажадае!

Нагадаем, што нядаўна на выставе «Прадэкспа» ў Маскве пружанцы атрымалі найвышэйшую ўзнагароду – дыплом «Лепшае прадпрыемства-2022» і кубак за высокую якасць выпускаемай прадукцыі. Таксама прадпрыемства прывезла немалую колькасць узнагарод, сярод якіх залатыя медалі вышэйшай пробы за сыры «Рамзэс», «Сметанковы», «Пружанскі», «Грунваль». Плаўленыя сыны «Сметанковы» і «Шакаладны» адзначаны дыпломам «Лепшы прадукт-2022» і сярэбраным медалём.

Ганаровым прызам «Дасягненні ў імпартазамяшчэнні» і дыпломам лаўрэата адзначаны сыр «VAN GOLD STATUS». Дыпломам і кубкам за лепшы інавацыйны прадукт — сыр «VAN GOLD SHEDEVR».

Зразумела, на гэтым малочны камбінат спыняцца не будзе, таму ў хуткім часе чакаем навінак!

Вадзім Раўнейка. Фота Сяргея Талашкевіча, Кацярыны Масік, Алега Сідарэнкі