Суббота, 13 декабря 2025

Чаму армію называюць «школай жыцця», што дае служба ў войску і якімі якасцямі павінен валодаць сапраўдны абаронца Айчыны? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў ваенны камісар Кірыл Шаўчэнка

589

Душу — Богу, сэрца — жанчыне, жыццё — Айчыне. Знакавыя словы ў знакавы дзень… Але абаронцамі радзімы не нараджаюцца, імі становяцца. Напярэдадні свята мы сустрэліся з ваенным камісарам Пружанскага раёна падпалкоўнікам Кірылам Шаўчэнкам і пагаварылі пра тое, чаму армію называюць «школай жыцця».

— Кірыл Усеваладавіч, з чаго, на Ваш погляд, пачынаецца ўспрыманне вайсковай службы, як святога абавязку?
— Пачуццё гонару за Узброеныя Сілы і жаданне служыць Айчыне выхоўваюцца, перш за ўсё, у сям’і: з аповедаў дзядоў, бацькоў, старэйшых братоў, якія служылі ў арміі і маюць рэальнае ўяўленне аб тым, што там адбываецца.

— Наступны этап выхавання будучага салдата — гэта школа. Як дапамагаеце моладзі знайсці правільны шлях?
— Імкнёмся праводзіць з дзецьмі «ўрокі мужнасці», на якія запрашаем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў, афіцэраў і нават былых прызыўнікоў. Яны вяртаюцца ўзмужнелымі, упэўненымі ў сабе і з задавальненнем дзеляцца ўражаннем. Аповед людзей, якія толькі на некалькі гадоў старэйшыя за выпускнікоў школы, лепш за ўсё фармуе імідж арміі.

— Якімі, на Ваш погляд, якасцямі павінен валодаць сапраўдны мужчына, які вырашыў служыць?
— Чаму толькі мужчына? Смеласць, мэтанакіраванасць, рашучасць, ініцыятыўнасць, дысцыплінаванасць, вернасць маральным прынцыпам — гэты спіс можна працягнуць мноствам якасцей, характэрных не толькі для мужчын, але і для жанчын. Але галоўнымі з іх лічу любоў да Радзімы і жаданне служыць свайму народу.

— Які важнейшы ўрок Вам асабіста дала служба ў арміі, якую невыпадкова называюць «школай жыцця»?
— Асабіста мяне яна загартавала. Я стаў больш адказным. Многае абдумаў, узважыў і зразумеў, што патраціў час не дарма. Для ўсіх армія — гэта магчымасць раскрыць свае лепшыя рысы характару, сфарміраваць пачуццё абавязку і адказнасці не толькі за сябе, але і за таварышаў, у цэлым за людзей, з якімі зводзіць лёс. Армія — гэта вялікі шанец атрымаць у падарунак сапраўднае мужчынскае сяброўства, якое праходзіць выпрабаванне гадамі. Акрамя таго, знаходзячыся ўдалечыні ад дома, родных і блізкіх, у маладых людзей адбываецца пераацэньванне каштоўнасцей. Яны пачынаюць шанаваць усё лепшае, што ім далі бацькі.

— Але зараз усё часцей у маладых людзей з‘яўляецца магчымасць прайсці альтэрнатыўную службу або службу ў рэзерве.
— Так, і гэта таксама свайго роду «школы жыцця», а не спроба, як некаторым здаецца, «адкасіць». Падчас альтэрнатыўнай службы прызыўніка прыцягваюць да грамадска-карыснай дзейнасці ў арганізацыях аховы здароўя, сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай, сельскай і лясной гаспадарцы і г.д. У рэзерве ж маладыя людзі праходзяць службу ў воінскіх часцях на занятках і навучальных зборах і атрымліваюць там ваенна-ўліковую спецыяльнасць без спынення працоўнай дзейнасці.Такім чынам, усе віды службы дазваляюць рыхтаваць высокапрафесійны ваенна-навуковы рэзерв для Узброеных сіл краіны.

— На Ваш погляд, ці мяняецца стаўленне моладзі да службы ў арміі, незалежна ад усіх гэтых разнавіднасцей?
— Магу меркаваць толькі аб сітуацыі ў нашым раёне. Армейская служба лічыцца нашымі пружанцамі прэстыжнай, і мяне гэта радуе. На жаль, не ўсе, хто жадае служыць, могуць выканаць сваю мару ў сілу стану здароўя. Галоўны фактар, які вызначае гатоўнасць да службы, — гэта добрая фізічная падрыхтоўка. Ваенна-ўрачэбнай камісіяй устанаўліваецца спецыяльная графа прыгоднасці, на падставе якой і прымаецца рашэнне.

— Чым кіруецца прызыўная камісія пры размеркаванні маладых людзей па родах войскаў?
— Акрамя фізічнага развіцця, улічваецца ўзровень адукацыі прызыўніка, атрыманая ім спецыяльнасць і наяўнасць вадзіцельскага пасведчання.

— А якія перавагі ў тых, хто мае вышэйшую адукацыю?
— Тэрмін іх службы складае не паўтара года, а толькі 12 месяцаў.

— Ці падпадаюць прызыўнікі пад асаблівую сацыяльную абарону? Ці маюць пэўныя «льготы» пасля службы?
— Ваеннаслужачыя, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, падлягаюць, у прыватнасці, абавязковаму дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню на выпадак дасягнення пенсіённага ўзросту, інваліднасці ці страты карміцеля. Перыяд тэрміновай службы залічваецца ў страхавы стаж, неабходны для вызначэння права на працоўную пенсію.

Тыя, хто ўжо прайшоў службу, маюць дадатковыя льготы для падрыхтоўкі да паступлення ў навучальныя ўстановы, а таксама перавагі пры выбары месца працы пры размеркаванні. Акрамя таго, у год звальнення альбо ў год, які ідзе за ім, пры наяўнасці сярэдняга бала ў дакуменце аб адукацыі не ніжэй за «шэсць» ім даецца права на навучанне на падрыхтоўчых факультэтах і аддзяленнях у дзяржаўных установах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі за кошт бюджэтных сродкаў.

— Некалькі слоў скажыце пра сваю сям’ю. У дынастыі сям‘і Шаўчэнка існуюць нейкія вайсковыя традыцыі?
— Мой тата, мы з братам, а некаторы час і мае дзеці жылі ў ваенных гарнізонах. Ім добра знаёмыя многія традыцыі, але галоўнай была і застаецца — дружна адзначаць розныя святы, у тым ліку 23 лютага.

— Што Вы пажадаеце вашым родным, таварышам па службе і прызыўнікам у святочны дзень?
— Хацелася б спачатку павіншаваць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, вайны ў Афганістане, ветэранаў Узброеных Сіл. Пажадаць ім аптымізму, моцнага здароўя і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Родным — быць перакананымі, што ніякі вораг не пройдзе. А моладзі жадаю стаць сапраўднымі абаронцамі, гатовымі падставіць моцнае плячо не толькі сваім блізкім, а ўсім людзям, якія маюць патрэбу ў падтрымцы. І ўсім — мірнага неба над галавой!

Гутарыла Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік