Суббота, 19 апреля 2025

Сацыяльныя скідкі ў магазінах. Падрабязна расказваем, для каго і дзе

710

У сярэдзіне студзеня Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю заключыла пагадненне з шэрагам буйных рознічных аператараў краіны, у якім вызначаны тавары з раздзела «сацыяльна значных» з абумоўленнем асаблівасцей іх рэалізацыі. Прадугледжаны продаж харчовых прадуктаў са скідкай 10% для сацыяльна ўразлівых катэгорый насельніцтва.

На жаль, распрацоўка неабходнага алгарытму абслугоўвання такіх пакупнікоў стала абавязкам саміх гандлёвых аператараў. У выніку гэта, у прыватнасці, на Пружаншчыне, прывяло да ўзнікнення некаторых непаразуменняў і шэрагу пытанняў амаль ва ўсе інстанцыі, пачынаючы ад магазінаў, сацыяльных службаў і заканчваючы выканаўчым камітэтам. Відавочна, што з цягам часу сістэма наладзіцца і стане больш звыклай, хаця ўжо зараз у яе дзеянні бачны некаторыя недасканаласці.

Грунтоўна да ўкаранення новых прапаноў для пакупнікоў падышлі ў райспажыўтаварыстве. Як расказвае начальнік гандлёвага аддзела Вольга Царанок, дзеянне гэтай праграмы пружанскі каапгандаль імкнецца распаўсюдзіць не толькі на райцэнтр, але і сельскую мясцовасць.

— Абмежаванні накладае неабходнасць выкарыстання камп’ютарызаваных касавых сістэм, што выклікана правіламі дзеяння сацыяльнай праграмы, — паведамляе Вольга Аляксандраўна. — У нас такое абсталяванне ёсць у пяці магазінах. Сярод гарадскіх — «Шанец» на вул.Вашкевіча, №17 на вул.Касцякова і №18 на вул.Кобрынскай, сярод вясковых — магазіны вёсак Слабудка і Новыя Засімавічы.

ХТО МОЖА АТРЫМАЦЬ ГАНДЛЁВУЮ ЛЬГОТУ?
Сацыяльна ўразлівая катэгорыя грамадзян уключае:
— пенсіянераў;
— шматдзетныя сем’і;
— атрымальнікаў дзяржаўнай адраснай дапамогі ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі. У лік іх уваходзяць інваліды і іншыя грамадзяне, якія атрымліваюць штомесяц сацыяльныя выплаты ад дзяржавы.

ЯК АТРЫМАЦЬ САЦЫЯЛЬНУЮ КАРТКУ «РОДНЫ КУТ»?
Кошт карткі складае 49 капеек. Для афармлення неабходна зайсці ў бліжэйшы з названых вышэй магазінаў і запоўніць прапануемую анкету. Дарэчы, яе разам з заявай могуць напісаць не толькі атрымальнікі льготы, але і іх афіцыйныя прадстаўнікі, апекуны або сацыяльныя работнікі.

Пацвярджэннем адпаведнага сацыяльнага статусу з’яўляюцца:
— пенсіённае пасведчанне;
— пасведчанне шматдзетнай сям’і разам з дакументам, які пацвярджае асобу (пашпарт);
— даведка аб атрыманні дзяржаўнай адраснай дапамогі плюс дакумент, які засведчвае асобу.

Патрэбна актывацыя карткі для прывязкі да асабістага рахунку. Гэтую працэдуру гандлёвая арганізацыя выконвае самастойна, а абаненту прыходзіць СМС ці Viber-паведамленне аб пачатку дзеяння льготы. Калі тэлефона няма, то можна на працягу 15-дзённага тэрміну звярнуцца ў краму і атрымаць неабходную інфармацыю ад прадаўцоў.

У магазінах райспажыўтаварыства на стэндах размешчана інфармацыя з пералікам сацыяльна значных прадуктаў.

Трэба адзначыць, што кааперацыя па магчымасці пашырыла сацыяльную праграму і такой карткай можна карыстацца не толькі ў названых вышэй магазінах Пружаншчыны, але і ў любым гандлёвым аб’екце спажывецкага гандлю па ўсёй рэспубліцы. Галоўнае, каб гэты магазін быў уключаны ў адпаведную сістэму. З такім спісам можна азнаёміцца на сайце Белкаапсаюза www.bks.by.

ЦІ ПРАЦУЕ ЎЖО ПРАГРАМА?
Па словах Вольгі Царанок, пакуль ідзе рэалізацыя картак. Дарэчы, назіраецца павышаны попыт на іх, гэта азначае, што першыя атрымальнікі не пазней 10 лютага змогуць набываць прадукты са скідкамі.

Каб пераканацца ў тым, што магазіны раёна гатовы да працы па новай сістэме, мы заехалі ў Новыя Засімавічы. Прадавец Вольга Курапацкая расказала, што першыя наведвальнікі ўжо атрымалі сацыяльныя карткі. Таксама ўсе работнікі магазіна праінструктаваны і могуць падрабязна патлумачыць умовы і акалічнасці скідачнай праграмы, паказаць месцы выкладкі адпаведных прадуктаў.

— У нашым магазіне можна набыць амаль усё з пералічаных катэгорый, у тым ліку мяса, садавіну і агародніну, — зазначае Вольга Мікалаеўна.— Асартымент папаўняецца або штодзённа, або ў вызначаныя дні тыдня. Калі ж попыт перавысіць мяркуемыя ліміты, то на наступны дзень прывязём усё патрэбнае.

ВАЖНЫЯ АКАЛІЧНАСЦІ САЦЫЯЛЬНАЙ ПРАГРАМЫ

  1. Для набыцця «сацыяльна значных» прадуктаў з устаноўленага скідачнага спісу ў райспажыўтаварыстве не ўводзілі часовыя абмежаванні. Набыць патрэбныя тавары можна ў любы час і дзень, калі адкрыты магазін.
  2. Для разліку за гэтыя прадукты неабходна падаць разам з грашыма або плацёжнай карткай сацыяльную картку «РОДНЫ КУТ» і дакумент, які засведчвае асобу.
  3. На месяц даецца лімітаваная сума пакупак — 288,01 рублёў (роўная бюджэту пражытачнага мінімуму). Такім чынам на працягу месяца са спісу сацыяльных прадуктаў можна набыць тавараў толькі ў гэтых межах. Калі ліміт вычарпаны, то давядзецца плаціць поўны кошт да заканчэння справаздачнага месяца. З першага чысла наступнага месяца дзеянне скідкі аднаўляецца, але назапашванне сум не прадугледжана, яны кожны месяц абнуляюцца.
  4. Перыядычна ў пералічаных магазінах могуць праводзіцца дадатковыя акцыі. Калі яны ахопяць пералічаныя «сацыяльна значныя» тавары, то дзеянне сацыяльнай ільготы на іх прыпыняецца.
  5. Ільготныя скідкі будуць даступны да 17 ліпеня бягучага года (тэрмін дзеяння заключанага пагаднення).

На здымках: у магазіне в.Новыя Засімавічы.

Падрыхтаваў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік