Четверг, 16 января 2025

500 силуэтов Григория Печникова

2 005

Сёмага лютага, у дзень нараджэння мастака, у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адкрылася выстава работ Рыгора Піліпавіча Печнікава. “Сілуэты” – такую назву носіць выстава – увабралі ў сябе 508 накідаў, зробленых у 60-70-ых гадах мінулага стагоддзя.  Накіды выкананы тушшу, гуашшу, пастэллю, алоўкам. Частка з іх рабілася яшчэ ў студэнцкія гады мастака. Многія з накідаў сталі карцінамі, некаторыя з іх упрыгожвалі і ўпрыгожваюць установы раёна. Выстава адразу здзіўляе. І колькасцю работ, і іх незвычайным афармленнем. Складваецца ўражанне, што вы патрапілі ў майстэрню мастака. З’яўляецца жаданне больш цесна пазнаёміцца з творчасцю Рыгора Піліпавіча, прасачыць далейшы лёс накідаў. А вось мастацтвазнаўцы сцвярджаюць, што прафесійна зроблены накід сам па сабе з’яўляецца творам мастацтва. Накід не дапускае лішніх рухаў, патрабуе дакладнасці рукі і вастрыні вока.

Сярод запрошаных на вернісаж былі і вучні Рыгора Піліпавіча. Напрыклад, вядомы ўжо скульптар Віталь Раманоўскі выказаў спадзяванне, што знойдуцца грошы, каб выдаць альбом з накідамі, каб як мага большая колькасць людзей атрымала магчымасць азнаёміцца з імі. Дарэчы, Віталь Раманоўскі не адзін знакаміты вучань Рыгора Печнікава. Вучыў і натхняў ён такіх творцаў, як Наталля Грыцко, Эдуард Валасевіч, Кацярына Бушук.

Павіншаваць мастака з двайным святам прыйшоў Якаў Сямёнавіч Малайчук, былы дырэктар школы мастацтваў імя Рыгора Шырмы. Менавіта пры ім школа з музычнай ператварылася ў школу мастацтваў, а першым настаўнікам юных мастакоў стаў Рыгор Піліпавіч.

Прыхільнікам творчасці Печнікава з’яўляецца і прадпрымальнік Аляксей Іванавіч Радзівончык. Ён даўно набыў некалькі  карцін і скульптур для свайго прыватнага музея. Адкрыццё выставы наведалі юныя мастакі. Павіншавала бацьку і дачка Анастасія, таксама мастачка.

Прызнаннем заслуг стала Падзячнае пісьмо райвыканкама, якое было ўручана Рыгору Піліпавічу.

Каму, акрамя мастакоў, будзе карысным наведаць выставу?  Усім тым, хто жадае акунуцца ў атмасферу 60-ых. У накідах вы абавязкова ўбачыце знаёмыя сюжэты, падгледжаныя на старых фотаздымках ці ў кадрах савецкіх кінафільмаў.

Кацярына Пашкевіч, Аляксандр  Мелеш (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *