Нагода сустрэцца з такімі вядомымі і паважанымі людзьмі на Пружаншчыне, як Марыя Іванаўна і Іван Мікалаевіч Пачынчыкі была даўно. Па-першае, такое спалучэнне ведаў, вопыту і жыццёвай мудрасці, якімі валодаюць гэтыя людзі, – сапраўдная знаходка для журналіста. А па-другое, сёлета гэтая сямейная пара адзначыла 45-годдзе сумеснага жыцця. А значыць, з’явілася магчымасць пагаварыць не толькі пра медыцыну, якой гэтыя людзі прысвяцілі ўсё сваё працоўнае жыццё, але і пра іх сакрэты сямейнага шчасця.
Прафесійнае і сямейнае – неразлучна
—І ўсё ж, што было спачатку? – пытаюся ў Марыі Іванаўны.
—Відаць, выбар прафесіі, — адказвае яна. – Сама я – вясковая, з вёскі Цвярдоўка Пінскага раёна. Расла ў працавітай і прыстойнай сям’і, у якой прынцып “жыць годна” закладваўся з самага маленства. Тады ж і да сваёй малой радзімы прыкіпела, і сваіх родных палюбіла назаўсёды. Наша бацькоўская хата на беразе Ясельды, куды мы, трое сясцёр, рэгулярна прыязджаем з сем’ямі, дагэтуль патанае ў бэзе. Вось толькі мама з татам не сустракаюць на ганку ўжо шмат гадоў. А мне дагэтуль хочацца верыць, што яны ўсяго толькі некуды выйшлі на хвілінку…
Да слова, мы яшчэ дзецьмі засвоілі важную ісціну: за што б ні ўзяліся, усё трэба зрабіць належным чынам. Магчыма, таму школу закончыла з залатым медалём і… перакананнем, што стану ўрачом. Таму паспяхова паступіла і скончыла Мінскі медыцынскі інстытут. А вызначылася з прафесіяй яшчэ падчас вучобы ў школе, калі захварэла і трапіла ў Лагішынскую бальніцу. Чысціня і парадак, уважлівасць медперсаналу пакарылі… Дарэчы, мае сёстры таксама атрымалі вышэйшую адукацыю: адна прысвяціла сваё жыццё педагогіцы, другая, як і я, — медыцыне, была галоўным эндакрынолагам Калінінградскай вобласці.
—А калі ў Вашым жыцці з’явіўся Іван Мікалаевіч?
—Пасля медінстытута мяне размеркавалі на працу галоўным урачом Глубокаўскай участковай бальніцы Жабінкаўскага раёна, — успамінае Марыя Іванаўна. — Прыехала ў райбальніцу афармляцца, а мне, між іншым, і кажуць: “А ў нас тры халасцякі працуюць: неўролаг, хірург і тэрапеўт”. Так здарылася, што ў той жа дзень давялося з адным з іх і пазнаёміцца. І ў першую ж ноч на новым месцы гэты хірург і прысніўся… Праз некаторы перыяд сустрэч у 1974 годзе за яго і замуж выйшла. Каб быць побач з мужам, перайшла на новую работу – загадвала здраўпунктам на Жабінкаўскім цукровым заводзе, а мой Іван Мікалаевіч працягваў аперыраваць людзей у раённай бальніцы. У Жабінцы ў нас нарадзіўся сын Андрэй.
Тэгеранскі перыяд
Як прызнаецца Іван Мікалаевіч, у яго заўсёды было жаданне вучыцца, каб удасканальвацца і нешта мяняць у жыцці. На гэты раз рашэнне паступаць у спецардынатуру з вывучэннем французскай мовы было ў маладых мужа і жонкі ўзаемным. На той момант яны ўжо працавалі ў Столінскай раённай бальніцы.
Пасля заканчэння спецардынатуры ў 1980 годзе Івану Мікалаевічу прапаноўваюць пасаду галоўнага ўрача Ляхавіцкай бальніцы. А неўзабаве выклікаюць у Міністэрства аховы здароўя СССР і прапаноўваюць працягваць урачэбную дзейнасць на выбар у трох краінах: Манголіі, Нігерыі ці Іране. Вырашылі, што Іран найбліжэй… Спачатку туды накіраваўся муж, а затым у Тэгеран паляцела і жонка. Працавалі ўрачамі ў пасольстве СССР, абслугоўвалі грамадзян СССР, якія былі там на працы, і іранцаў.
—Там урач – гэта быццам Бог, — дзеліцца ўспамінамі Іван Мікалаевіч Пачынчык. – Бо ўсё, што бясплатна, у нас не цэніцца. Гэта я зразумеў, калі пасля аказання бясплатнай медыцынскай дапамогі ў СССР давялося лячыць людзей у Іране. Там медыцына заўсёды была платнай і я бачыў, як іранцы шануюць не толькі дзеянні, але і любую параду ўрача. Упэўнены, калі б там аб’явілі, што будуць бясплатна рабіць прышчэпкі, напрыклад, ад халеры, утварылася б сапраўднае стоўпатварэнне жадаючых. На жаль, гэтага не ведаюць ці не жадаюць ведаць некаторыя нашы праціўнікі прышчэпак…
—А акрамя медыцынскага вопыту, што яшчэ дало знаходжанне ў Іране? Наогул проста ці складана працаваць мужу і жонцы ў адной сферы?
—Няма розніцы, дзе ты працуеш, калі проста сумленна выконваеш свае абавязкі. Менавіта так да медыцынскай справы мы заўсёды ставіліся, — кажуць Пачынчыкі. — Дапамагала ў гэтым і адпаведная медыцынская літаратура. Яе заўсёды было ў нас шмат. А яшчэ – парады адзін аднаму і падтрымка. Паміж мужам і жонкай павінны быць павага і стрыманасць. Не трэба рабіць рэзкіх рухаў ні ў медыцыне, ні ў адносінах…
Самае галоўнае ў жыцці – здароўе
Пра гэта ў адзін голас гавораць і Іван Мікалаевіч, і Марыя Іванаўна. І не толькі маючы на ўвазе сябе, наогул усіх людзей. Магчыма, таму, дзе б ні працавалі і якія б ні займалі пасады, заўсёды кіраваліся адным прынцыпам – дапамагчы чалавеку.
Марыю Іванаўну ўдзячныя пружанцы запомняць як загадчыцу тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі, пасаду якой яна займала шмат гадоў, і, вядома ж, як урача-тэрапеўта кабінета прафаглядаў.
Іван Мікалаевіч Пачынчык, нягледзячы на тое, што шмат гадоў узначальваў Пружанскую раённую бальніцу, заўсёды заставаўся верным хірургіі. Кожны з гэтых людзей прысвяціў медыцынскай дзейнасці амаль паўстагоддзя. Таму выпадкаў, калі давялося ратаваць людзей, проста не пералічыць.
—Я заўсёды адчувала сапраўднае захапленне, калі знаходзіла ісціну і ставіла верны дыягназ, — дзеліцца думкамі Марыя Іванаўна. – Мне падабаліся неардынарныя выпадкі. Даводзілася нават перавышаць свае службовыя паўнамоцтвы. Многім гэта не падабалася. Аднак дзеля канчатковага станоўчага выніку я лічыла, што ўсе метады апраўданы. Дагэтуль памятаю вочы хлопчыка, цяжка траўмаванага пасля падзення з дрэва яшчэ падчас працы ў Жабінкаўскім раёне… Але ж ён застаўся жыць! І гэта — галоўнае.
— Амбіцый у справе лячэння людзей не павінна быць, — перакананы Іван Мікалаевіч. – Трэба вучыцца, у тым ліку маючы дастатковы вопыт і шаноўны ўзрост.
І так ён лічыў заўсёды: сярэднюю школу ў вёсцы Новы Двор Шчучынскага раёна скончыў з залатым медалём, Гродзенскі медінстытут — з чырвоным дыпломам. Падчас працы ў сферы аховы здароўя атрыманыя веды ўдасканальваў сам, таго ж патрабаваў ад падначаленых. Відаць, таму менавіта ў перыяд кіраўніцтва Пружанскай раённай бальніцай І.М.Пачынчыкам у Пружанах пачалі праводзіць ультрагукавыя даследаванні органаў, з’явіўся эндаскоп. Наш раён быў першым у вобласці, дзе пачалі рабіць аперацыі з дапамогай электронна-аптычнага ператваральніка. Гэта дазволіла значна палепшыць якасць медыцынскага абслугоўвання.
—Раней, калі ўсяго гэтага не было, — расказвае Іван Мікалаевіч, — кіраваліся выключна інтуіцыяй. І спадзявацца не было на каго: бясконцыя аперацыі, начныя выклікі… Сама сабой медыцынская справа стала неад’емнай часткай жыцця, якое цяпер не ўяўляю без медыцыны. Я хачу ісці ў аперацыйную, каб адчуваць унутранае задавальненне ад зробленага. Гэта нейкая свая, уласная марка, — зрабіць добра.
Калі медыцына яднае
—Вы ўсё пра медыцыну, — звяртаюся да мужа і жонкі Пачынчыкаў. – Давайце пра сям’ю.
—А сям’я – таксама на рабоце, — усміхаюцца яны.
– Жыццё нашага сына з дзяцінства было напоўнена размовамі пра медыцыну. І не толькі размовамі, — удакладняе Іван Мікалаевіч. – Марыя Іванаўна – на дзяжурстве. Мяне ўвечары тэрмінова выклікаюць на аперацыю. Сын плача, заставацца адзін не хоча. Даводзілася браць з сабой і дастаткова часта. Накіну на яго белы халат, пастаўлю ў куточку ў аперацыйнай, так і прастаіць, не зварухнуўшыся, усю аперацыю. Таму размоў пра выбар прафесійнага шляху з ім нават не заводзілі. Усё было зразумела з дзяцінства. А вось менавіта такую спецыялізацыю, як траўматалогія, парэкамендаваў сапраўды я.
І малодшы Пачынчык годна прайшоў сваё станаўленне. Выдатна скончыў школу, з чырвоным дыпломам — медыцынскі інстытут. Прайшоў удасканаленне кваліфікацыі ў вядучых нямецкіх лячэбных установах. Цяпер Андрэй Іванавіч — загадчык траўматалагічнага аддзялення ЦРБ, выдатнік аховы здароўя. Хаця пра яго дасягненні лепш гавораць лічбы: звыш 70% хворых, якія прайшлі лячэнне ў раённай траўматалогіі, былі паспяхова прааперыраваны.
Побач з мужам працуе і нявестка Пачынчыкаў – Алена Дзмітрыеўна. Шмат гадоў яна загадвае жаночай кансультацыяй паліклінікі. А вось іх дачка Кацярына з медыцынскай спецыялізацыяй пакуль не вызначылася, але як бабуля з дзядулем і мама з татам абавязкова будзе ўрачом – яна студэнтка-чацвёртакурсніца Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта.
—Дык у чым жа сакрэт такой еднасці?
—У камфортных узаемаадносінах, якія заўсёды існавалі ў нашай сям’і, і любові да абранай справы.
Галіна Каляда. Фота Сяргея Талашкевіча і з сямейнага архіва Пачынчыкаў.