Вторник, 18 марта 2025

Знаёмім з пераможцамі конкурсаў на лепшае навагодняе афармленне. Палюбуйцеся яркімі фотаздымкамі святочнай ілюмінацыі!

1 748

Зіма на гэты раз зноў выдалася нейкай капрызнай і маласнежнай. Вельмі не хапала белага покрыва ў пераднавагодні час, але да такіх прыродных анамалій мы, здаецца, ужо прывыклі. А вось уявіць горад і раён напярэдадні Новага года і Каляд без святочнай ілюмінацыі амаль немагчыма. Кожны раз арганізацыі і жыхары Пружаншчыны стараюцца прыдумаць нешта новае, выклікаць захапленне і хоць на імгненне перанесці пружанцаў у казку. Пацвердзілі гэта традыцыйныя конкурсы на лепшае навагодняе афармленне.

За тыдзень да 2022-га пра старт такога конкурсу аб’явіў райвыканкам. Як расказалі ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, заяўкі па ўсіх трох намінацыях пачалі паступаць з самага першага дня. Таму журы конкурсу і карэспандэнтам «раёнкі» было на што паглядзець і чаму здзівіцца.

Наш маршрут пачаўся з санаторыя «Ружанскі». Своеасаблівым экскурсаводам тут стала начальнік гаспадарчага ўпраўлення Марыя Мяцечка, якая сустрэла нас каля святлавой кампазіцыі з лічбамі новага года. Праходзім далей – і бачым упрыгожаныя будынкі гасцінічных комплексаў і кафэ. Усяго на вуліцы і ўнутры будынкаў размясцілася больш за 60 прыгажунь-ёлак. Навінкай гэтага навагодняга сезона стала вялікая фотазона. Для таго, каб зрабіць яе, на туі павесілі амаль паўкіламетра ілюмінацыі. Галоўным генератарам ідэй з’яўляецца дырэктар санаторыя, а ўсё, што бачаць адпачывальнікі – вынік агульнага «мазгавога штурму». Нядзіўна, што за такую прыгажосць санаторыю было прысуджана першае месца сярод устаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, спорту і турызму.

Другое месца ў гэтай намінацыі прысудзілі яслям-садку №3. Тут, як і летась, на вокнах можна было ўбачыць сняжынкі, а фасад установы ўпрыгожвала падсветка. Сёлета яшчэ дадалі кампазіцыі ў выглядзе доміка і вялікага падарунка. Па-новаму зайгралі і скульптуры з казачнымі героямі, зробленыя Аляксандрам Кійко, пра якога ўжо расказвала наша газета.

Бронзавую ўзнагароду ў дадзенай намінацыі атрымаў Мокраўскі сельвыканкам. Яго работнікі заўсёды падыходзяць да ўпрыгожвання тэрыторыі з вялікай адказнасцю. На гэты раз тут з’явіліся алені, якія паварочваліся, нібыта вітаючы прахожых. Святочныя агеньчыкі размясціліся на фасадзе, туях і дрэўцах, а ў кветачніцах «выраслі» маленькія яркія ёлачкі.

Варта сказаць, што пастараліся стварыць святочны настрой і іншыя ўстановы. Яркімі агнямі вітаў нас будынак Ружанскага сельвыканкама, святочнымі кампазіцыямі і прыгажуняй-ёлкай – Ліноўскага. Кампазіцыяй «Каляды ў стылі этна» парадаваў Старавольскі СДК: тут былі самаробныя алені, ручнікі і нават яслі.

Сярод прамысловых, сельскагаспадарчых, будаўнічых, транспартных, лесагаспадарчых прадпрыемстваў, арганізацый ЖКГ і банкаўскай сферы першае месца па праву прысуджана ААТ «Ружаны-Агра». Адміністрацыйны будынак гэтай гаспадаркі літаральна патанае ў рознакаляровых гірляндах, побач з ім – упрыгожаныя туі. Здзіўляе і яшчэ адна навагодняя кампазіцыя: тут вам і ёлкі з падарункамі, і снегавічкі, і лічбы новага года. Словам, прадпрыемства паклапацілася і пра тое, каб ружанцы маглі зрабіць яркія сэлфі, і пра ўласны імідж.

Многа фотаздымкаў зрабілі пружанцы таксама каля будынка ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», які заняў другое месца. А трэцяе прысуджана ААТ «Пружанскі малочны камбінат». З мінулагодняга афармлення тут вырашылі пакінуць кампазіцыю са снегавікоў-музыкаў, дадалі сані з гадзіннікам, на якім змешчана назва брэнда «Шчодрыя Пружаны».

Далучыліся да складвання навагодняга пазла і жыхары раёна. Канкурэнтамі ў намінацыі сярод грамадзян, якія з’яўляюцца ўласнікамі аднакватэрных жылых дамоў і кватэр, было пяць сем’яў.

Здалёк відаць сядзібу Андрэя і Юліі Скобляў у аг. Калядзічы. Усе дрэвы, ёлачкі, плот і сам дом патанаюць у гірляндах. Дапаўняюць кампазіцыю снегавічкі і алені. Словам, тут разумееш, што ты трапіў у сапраўдную казку. За яе гаспадарам і прысуджана першае месца.

Фёдар Анатольевіч Чуеў з аг. Мурава расказаў, што спроба стаць пераможцамі конкурсу ў сям’і была два гады таму. На гэты раз вырашылі ўзяць рэванш — і занялі другое месца. Прычым, абсалютна заслужана: каля дома размясціліся шар і кампазіцыя са снегавікоў, шматлікія ёлкі. Гірлянды развесілі на дрэвах, ад чаго светлым і ўрачыстым стала ўсё навокал. Дапаўняла гэтую прыгажосць лазерная падсветка. Зразумела, не забыліся пра афармленне туй і самога жылога будынка.

Уладальнікі бронзавай узнагароды ў гэтай намінацыі пакарылі журы крэатывам. Каля дома Валянціна Вячаслававіча і Сафіі Канстанцінаўны Несцеравых у Пружанах размяшчаюцца шматлікія каваныя кампазіцыі – справа рук гаспадара. Тут сабраліся лятучыя мышы, совы, каты… «Вартавы» сабачка адпалохвае надпісам «Асцярожна! Злы сабака, а ланцуг – кітайскі». Навагоднюю кампазіцыю размясцілі і на балконе.

Адзначу, што прыгожай была сядзіба сям’і Пазняк з в.Казлы. Тут да мінулагодняга ўпрыгожвання дадалі лазерную падсветку. Ёсць чаму павучыцца ў сям’і Люкевіч з Пружан: яны аздобілі двор шматлікімі кампазіцыямі.

Арганізацыі і гаспадары прыватных падворкаў, якія перамаглі ў конкурсе, атрымалі пяць базавых велічынь – за першае месца, тры – за другое, і дзве – за трэцяе.


Яшчэ адзін агляд-конкурс на лепшае навагодняе афармленне — сярод пярвічных прафсаюзных арганізацый — упершыню аб’явіў райкам прафсаюза работнікаў АПК.

Яго старшыня Дзмітрый Чайкоўскі расказаў, што пазмагацца за званне лепшых у гэтым сезоне вырашыла 11 пярвічак. Цікава, што абсалютнымі пераможцамі тут сталі ААТ «Ружаны-Агра» і «Пружанскі райаграсэрвіс». На другім месцы размясцілася ААТ «Шані-аграпрадукт», каля канторы гэтай арганізацыі можна было ўбачыць вялікую карэту, запрэжаную аленем, прыгожыя дрэўцы. Трэцім стаў Пружанскі льнозавод, дзе ў святочныя дні не толькі работнікі прадпрыемства, навакольныя жыхары, але і ўсе, хто праязджаў міма па трасе, любаваліся аркай у выглядзе гадзінніка.

Па словах Дзмітрыя Уладзіміравіча, згодна з палажэннем аб конкурсе, пераможцы атрымаюць адпаведна сумы ў 300, 200 і 100 рублёў. А ААТ «Мурава», «Жураўлінае», «Радзіма», філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі», аграрна-тэхнічны каледж, Пружанскае ПМС, малочны камбінат за ўдзел у конкурсе заахвоцяць каштоўнымі падарункамі.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Яшчэ больш фотаздымкаў навагодняй прыгажосці тут: https://vk.com/album-23306785_282221134