На працягу мінулага тыдня работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях у складзе сельскіх аглядных камісій праводзілі абследаванне жылых дамоў у плане супрацьпажарнай бяспекі. У рамках акцыі «Апавяшчальнік у кожны дом» некаторым уласнікам жылля былі ўстаноўлены чуткія прыборы-дымааналізатары, якія адразу дадуць сігнал пры ўзнікненні небяспекі. Асаблівую ўвагу інспектары надавалі дамам беспрацоўных і грамадзян, якія злоўжываюць спіртным, разам з якімі жывуць састарэлыя бацькі. Як паказвае статыстыка, толькі так старых можна абараніць ад бесталковых «дзетак», якія нярэдка становяцца прычынамі пажараў. А пакутуюць ад гэтага тыя, хто жыве разам.

У гэтым мы пераканаліся падчас работы агляднай камісіі Шарашэўскага сельвыканкама. Старшыня мясцовай улады Святлана Амяльянец загадзя выбрала адрасы ў навакольных вёсках, па якіх існуе падобная пагроза. Напрыклад, у в. Купічы мясцовы жыхар С. не працуе працяглы час. Работы ў гэтай зоне хапае, але ж яна яму «не падабаецца». Тым больш, што «сталуецца» за кошт састарэлай маці. Каб крыху абараніць пажылую жанчыну ад бесталковасці сына, яе на зіму забрала да сябе дачка з Брэста. Што дало сыну поўную волю ва ўчынках. Як расказала Святлана Анатольеўна, па гэтым адрасе перыядычна збіраюцца кампаніі мясцовых выпівох. А там і да трагедыі недалёка. Пра што работнік РАНС Максім Талмачавец і нагадаў гаспадару, якога, як не дзіўна, у будні дзень мы заспелі дома. Акрамя таго, яму ж было прапанавана ўстанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, пры гэтым прыбор быў набыты за дзяржаўныя сродкі. Але мужчына катэгарычна адмовіўся: маўляў, добра ведаю супрацьпажарныя правілы і заўсёды іх выконваю.

Яшчэ адзін жыхар Купіч М. гаварыў нам тое ж самае якраз у той момант, калі пажарны інспектар разбіраў скрутак з правадоў, які знаходзіўся літаральна каля электрапліткі. Як высветлілася, у падаўжальнік, які, мяркуючы па сячэнні правадоў, быў разлічаны на настольную лямпу, былі ўключаны электрачайнік і электраплітка. Вілкі ад перанапружання расплавіліся і літаральна прыпаяліся да разетак. Інспектар з хрустам адключыў прыборы і выкінуў небяспечны падаўжальнік, хаця гаспадар прасіў пакінуць.

Не менш уражанняў мы атрымалі ад наведвання шэрага адрасоў у вёсках Крыніца, Ківачын, Белы Лясок. У першай мясцовы жыхар Дзмітрый займаўся рамонтам печкі. На пытанне «Чаму ён не рабіў гэтага загадзя, да пачатку зімы?» нам адказала старшыня сельвыканкама:

— А ён і зараз бы не рабіў нічога, але ж абваліўся ляжак на гарышчы, з-за чаго печкай увогуле стала немагчыма карыстацца.

Сапраўды, той дом не толькі знадворку, але і ўнутры выглядаў так, быццам тут не жывуць людзі гадоў з дваццаць. На кожным кроку відавочны былі парушэнні супрацьпажарных правілаў. І настолькі крытычныя, што кожнае можа ў любую мінуту стаць прычынай узгарання. У такой сітуацыі нават пажарны апавяшчальнік не дапаможа.
А вось суседцы такі прыбор будзе вельмі патрэбны. Жанчына выгадавала двух сыноў, якія і зараз жывуць з ёй. Вось толькі тыя і не думаюць працаўладкавацца: то хворыя, то вакансій няма. А часцей за ўсё іх звальнялі за прагулы і п’янства. Безумоўна, што і дома ўсю гаспадарку яна цягне сама. І такі клопат ад дзяржавы гаспадыня ўспрымае з удзячнасцю.

Дарэчы, здараецца, што і ўстаноўленыя аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі не дапамагаюць. Напрыклад, у той жа Крыніцы ў адным з катэджаў жыве М., які злоўжывае алкаголем. Ён жыве з маці, з-за чаго ў гэтай хаце быў раней устаноўлены прыбор. Але ў момант нашага візіту дымааналізатар знаходзіўся… на шафе. Разрадзілася батарэйка, і сынок яго проста зняў. Набыць «крону» яму грошай не хапае, ды і адкуль ім узяцца. Зараз маці знаходзіцца ў бальніцы сястрынскага догляду ў Сухопалі, таму большая частка пенсіі выплачваецца медыцынскай установе, якая арганізуе жанчыне неабходныя ўмовы. А сынок рэгулярна прымае «гасцей». Святлана Анатольеўна запытала ў 45-гадовага мужчыны, чаму ён не працуе.
— Дык нагу вывіхнуў, хаджу ледзь.
— Звяртайся па медыцынскую дапамогу.
— Дык прайшло ўжо…
Відавочна, што наўрад ці ўдасца дастукацца да сумлення гэтых людзей. Застаецца толькі прыняць усе намаганні, каб абараніць ад іх тых, хто вымушаны жыць разам. Як паведаміў Максім Талмачавец, за перыяд рэспубліканскай акцыі было абследавана 230 домаўладанняў. У дзевяці з іх устаноўлены АПА, яшчэ ў 20 дамах таксама будуць зманціраваны гэтыя прыборы.

У мінулым годзе, дзякуючы спрацоўкам апавяшчальнікаў, было выратавана 65 чалавек, у тым ліку і 21 дзіця. У бягучым годзе колькасць гісторый, якія, дзякуючы АПА, закончыліся паспяхова, набліжаецца ўжо да сотні. Гэты прыбор вельмі адчувальны нават да нязначнага задымлення ў памяшканні, што садзейнічае хуткаму выяўленню ўзгарання на ранняй стадыі яго развіцця.
Пры з’яўленні дыму ён дае гукавы сігнал, які можна пачуць на двары. Адзіны мінус — неабходнасць перыядычнай замены элемента сілкавання. Праверыць спраўнасць устройства вельмі проста: у адтуліну, што ў сярэдзіне корпуса, трэба ўставіць стрыжань ад ручкі і націснуць. Праз 10 секунд спачатку ўключыцца святлодыёд, а за ім і гукавы сігнал. Калі гэтага не адбылося, то батарэйку трэба замяніць, кіруючыся інструкцыяй.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік