Среда, 9 июля 2025

Наша апытанне да Дня настаўніка: Хто сардэчна запрашаў вас у першы клас?

1 116

Першая настаўніца… Яна можа быць рознай. І пажылой мілавіднай дамай, з добрымі вачыма. І нявопытнай, жыццярадаснай гарэзай — нядаўняй выпускніцай універсітэта. І строгай, неэмацыянальнай, але заўсёды гатовай дапамагчы… У любым выпадку, першы настаўнік заўсёды павінен быць чалавекам на сваім месцы. Менавіта з ім звязаны нашы галоўныя ўспаміны пра школу.

Журналісты “раёнкі” папрасілі пружанцаў узгадаць пра чалавека, які сказаў ім запаветныя словы: “Сардэчна запрашаю ў першы клас!”.

Васіль Васільевіч:

— Як жа можна забыць Вольгу Міхайлаўну Валюшка, якая 60 гадоў таму стала маёй “другой мамай”?! Яна была… звычайным педагогам: добрай, спагаднай, інтэлігентнай. Ніколі не павышала на нас голас, дастаткова было аднаго яе сумнага позірку, каб захацелася змяніцца ў лепшы бок. Памятаю, як хадзілі з ёй у паходы. На аўтобусе даязджалі да Запрудаў, а далей пешшу — да Кобрына і назад. Рамантыка! Цяпер у школе ўсё па-іншаму. Ад душы жадаю настаўнікам знаходзіць агульную мову з вучнямі і, вядома ж, не хварэць!

Надзея:

— Я пайшла ў СШ №1 у 1996 г. Першая настаўніца Святлана Васільеўна Баюра запомнілася, перш за ўсё, тым, што да вучняў заўсёды звярталася, выкарыстоўваючы памяншальна-ласкальныя імёны: Алежка, Сярожка, Надзюшка … Ніякіх прозвішчаў! Можа, таму нам было лёгка прывыкаць да школы. У класе заўсёды панавала добразычлівая атмасфера, хлопчыкі і дзяўчынкі паміж сабой не ваявалі. Мы любілі школу… Вельмі хочацца, каб так было і сёння. Хай вучні паважаюць сваіх настаўнікаў, а настаўнікі любяць іх, як уласных дзяцей!

Святлана:

— А хто не памятае сваю першую настаўніцу?! Маю звалі Таісія Міхайлаўна Кабась. Дзякуй Богу, жывая, здаровая, жыве ў в.Вялікі Зосін. Нядаўна ёй споўнілася 90 гадоў! Калі ездзім у той бок у грыбы, заўсёды яе наведваем. У тым далёкім 1970-м яна была вельмі моднай, стыльнай, заўсёды ў туфельках на абцасіках… Любіла дзяцей, усіх без выключэння, ва ўсякім разе, стаўленне яе да ўсіх было роўнае. Хочацца, каб так было ў кожнай школе і кожным класе. Таму жадаю ўсім настаўнікам здароўя, цярпення і разважлівасці.

Валянціна з дачкой Насцяй:

— Маю першую настаўніцу звалі Ірына Вячаславаўна Жорах. Напэўна, і цяпер педагог працуе ў СШ №3. Тады, у 2002 годзе, яна толькі скончыла ўніверсітэт — мы ў яе былі першымі вучнямі. Ірына Вячаславаўна сустракала нас з такой яркай усмешкай, што адразу захацелася ўзяць настаўніцу за руку ці абняць, як маму. Высокая, прыгожая, спартыўная, актыўная і вельмі добрая. Усмешка ніколі не сыходзіла з яе твару. Заўсёды ў добрым настроі, хоць мы, зразумела, падкідвалі ёй падстаў для хваляванняў. Аўтарытэт Ірыны Вячаславаўны быў бясспрэчны. Усім настаўнікам жадаю таго ж!

Галіна Паўлаўна:

— Мая дарагая Ніна Іванаўна Грук… Як я рада той нашай першай сустрэчы, якая адбылася ў 1974 годзе ў школе в.Аброва Івацэвіцкага раёна. Яна гаварыла з намі на беларускай мове. І гэтым толькі ўзмацніла маю любоў да роднай мовы, якая перадалася мне ад мамы. Добра памятаю вобраз першай настаўніцы: кароткія валасы і вернасць “настаўніцкаму” дрэс-коду. Класічная чорная спаднічка і светлая блузка — гэта было прыгожа, гэта было ўрачыста… Яна паважала кожнага вучня, была справядлівая і ніколі не павышала голас. Дзякуй! Жадаю ўсім настаўнікам заўсёды цёплага і ласкавага сонейка. Няхай кожны дзень будзе напоўнены радасцю і пяшчотай!

Думкамі цікавілася Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік