Четверг, 22 февраля 2024

Трынаццацідзённы аўтапрабег «Сімвал адзінства» прайшоў праз Пружанскі раён. Кропкай прыпынку стаў палац роду Сапегаў

839

Трэцяга верасня праз Пружанскі раён прайшоў рэспубліканскі аўтапрабег «Сімвал адзінства». Ён стартаваў у Брэсцкай крэпасці і працягнецца да 15 верасня, калі ў сталіцы краіны будуць падведзены вынікі. Мэта гэтай акцыі — аб’яднанне ўсіх жыхароў нашай краіны ў адзіную грамадскую суполку ў рамках Года і Дня народнага адзінства.

Па Брэстчыне аўтапрабег прайшоў за два дні, а потым перадаў эстафету Гродзеншчыне. На працягу ўсяго маршруту яго ўдзельнікі праехалі больш за 700 кіламетраў практычна праз усе рэгіёны вобласці. На Пружаншчыне месцам сустрэчы калоны стаў г.п.Ружаны, палацавы комплекс роду Сапегаў, дзе прайшоў урачысты мітынг.

«Наша задача — паказаць, якая прыгожая ў нас краіна, якія добрыя тут жывуць людзі», — зазначыў Сяргей Рачкоўскі, кіраўнік рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі», якое ініцыявала правядзенне падобнай акцыі.

Сустракалі аўтапрабег прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх арганізацый і простыя пружанцы. Трэба сказаць, што маршрут быў складзены так, каб ахапіць усе раёны вобласці. У кожным рэгіёне ўдзельнікам акцыі «Сімвал адзінства» ўручалі мяшочак са збожжам сёлетняга ўраджаю. З сабранага са 118 раёнаў рэспублікі збожжа будзе выпечаны каравай, які і стане сімвалам адзінай Беларусі. Свой унёсак у агульную справу ў выглядзе зярнят, вырашчаных на Пружаншчыне, зрабілі і нашы жыхары.

Удзельнікі аўтапрабегу перадалі намесніку старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновічу спецыяльны знак, на якім адлюстраваны межы нашай краіны, — своеасаблівы сімвал — пацвярджэнне мірнай знешняй палітыкі Беларусі і ўнутранай згуртаванасці ўсіх яе куткоў.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік