Пераўтварыць тэрыторыю, на якой жывеш, у сапраўдны сад ці аазіс, або зрабіць вакол свайго дома прыгожую зону адпачынку, дзе змесцяцца ўсе сябры, ці, напрыклад, выкапаць сажалку і каларытна аздобіць яе. Словам, добраўпарадкаваць падворак так, каб ім захапляліся суседзі і жыхары ўсяго раёна. Хіба гэта не сапраўднае майстэрства?
Добрых гаспадароў і дагледжаных сядзіб на Пружаншчыне хапае. Удвая прыемна, што на многіх з іх прыгажосць ствараюць маладыя сем’і – тыя, хто калісьці застаўся ў вёсцы і цяпер ажывіў яе. Якраз для такіх сем’яў аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама праводзіцца конкурс «Лепшы падворак».
Сёлета для ўдзелу ў так званым конкурсе дэкору, кветак і прыгажосці паступіла восем заявак. Менавіта столькі сем’яў вырашыла, што іх падворак павінен насіць назву лепшага ў раёне. Каб вызначыць тых, каму ж такі тытул дастанецца, было створана журы. На мінулым тыдні яго члены разам з карэспандэнтамі газеты здзейснілі сапраўдны «тур прыгажосці» – пабывалі на падворку кожнага ўдзельніка. Усе сядзібы ацэньваліся па шэрагу крытэрыяў, але ўсюды здзіўлялі па-свойму.
Напрыклад, сям’я Аляксандра Міхайлавіча і Вольгі Сяргееўны Кот са Сланімцоў удзельнічае ў конкурсе не ўпершыню. Аднак штораз стараецца ўразіць нечым новым. Напрыклад, клумбай, якую аздабляюць вялікія камяні, ці кветкавай кампазіцыяй. Яе зрабілі не проста, каб любавацца самім, але і каб прыгажосць цешыла дзетак – чатырохгадовага Глеба і Машаньку, якой хутка споўніцца два гадкі. Для дзяцей бацька пабудаваў арэлі, ёсць тут і пясочніца. Дарэчы, Вольга Кот не толькі займаецца добраўпарадкаваннем, але спявае, кулінарыць і вяжа. А ўся сям’я – актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця Пружанскага сельсавета.
Яшчэ аднымі «старажыламі» конкурсу можна назваць сям’ю Велікаселец з… Велікасельскага сельсавета! А дакладней, са Стараволі. Генадзь Генадзьевіч і Кацярына Юр’еўна выкупілі дом у мясцовай гаспадаркі і адразу ўзяліся за яго рамонт: памянялі перакрыцці, перапланавалі пакоі, змянілі яго як знешне, так і ўнутры. Цяпер на падворку – нібыта ў казцы! Ёсць вялікая альтанка з камінам, дзе ўлетку можна наладжваць пікнікі, а таксама арыгінальна аформлены склеп. Для двух дочак – Жэні і Дзіяны – тут таксама раздолле: горка, батут і нават драўляны самалёцік. Але хапае месца і для агарода.
А вось Алена Юр’еўна і Эдуард Мікалаевіч Лаўрусікі з Шанёў – садаводы. На ўчастку шмат пладовых дрэў, дапаўняюць якія туі, размешчаныя ўздоўж плоту. Мноства зеляніны толькі дадае балаў удзельнікам, бо адзін з крытэрыяў – якраз афармленне і азеляненне тэрыторыі вакол дома. А яшчэ Лаўрусікі з дзецьмі Мацвеям і Машай любяць улетку абедаць разам на свежым паветры. Для гэтага набылі спецыяльны столік і крэслы.
Сапраўднымі садаводамі можна назваць і сям’ю Аліфірук з аг.Калядзічы. Іх дом, які выдзеліла шматдзетным бацькам ААТ «Агра-Калядзічы», вельмі дагледжаны, а альтанка нібыта схавалася сярод дрэў і кветак. Акрамя таго, як адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі А.К.Момлік, прыемна было ўбачыць на сядзібе штучны ветраны млын і дэкаратыўных буслоў. Такім чынам Віктар Мікалаевіч і Сняжана Сяргееўна прывіваюць сваім дзеткам Арцёму, Уладзіку і Дзіяне любоў да роднай старонкі. А яшчэ тут выканалі адзін з крытэрыяў конкурсу – прысутнасць нацыянальных ідэй у афармленні.
Буслоў можна ўбачыць і каля сядзібы Вадзіма і Маргарыты Рудчыкаў з Навасёлак. Толькі калі ў Аліфірукоў яны штучныя, то тут – самыя што ні на ёсць сапраўдныя. Каб не рушыць буслянку, на якой асталявалася іншая сям’я – птушыная, Рудчыкі вырашылі пакінуць дрэва каля плота. А як вядома, буслінае суседства заўсёды лічылася шчасцем для гаспадароў. І муж, і жонка працуюць у ААТ «Мурава». Пра галаву сям’і не так даўно пісала «раёнка» як пра камбайнера, які стаў лепшым на жніве ў гаспадарцы. Нягледзячы на напружаную працу, Маргарыта Віктараўна знаходзіць час для ўдзелу ў мастацкай самадзейнасці Мураўскага СДК, а Вадзім Анатольевіч любіць майстраваць з дрэва і каменя. Напрыклад, падворак упрыгожвае кармушка, каля дэкаратыўнай сажалкі можна ўбачыць збанкі, маслабойку і кола. А пра тое, што сядзіба патанае ў кветках, і казаць не варта. Плюс да ўсяго, Рудчыкі трымаюць свойскую жывёлу – гэта таксама адзін з крытэрыяў конкурсу. Бацькам расце добрая дапамога – сыны Глеб, Савелій і дачушка Сафія.
Героем газеты сёлета быў і Алег Анатольевіч Месячык, які працуе ў філіяле «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга» і разам з жонкай Вікторыяй Сяргееўнай жыве ва ўласным доме ў Шэйпічах. Сям’я актыўная: сёлета прымалі ўдзел у раённым этапе конкурсу «Уладар сяла». Новы конкурс – чарговае выпрабаванне. Галоўнае, што неабходным крытэрыям сядзіба Месячыкаў адпавядае. Каля дома – парадак, на ўчастку кветкі і агародніна. Да таго ж сям’я трымае курэй, свіней і сабаку. З часам будуць прывучаць да працы дзетак – Данілу, якому восенню споўніцца тры гадкі, і Соню, якая нарадзілася летась.
Падворак сям’і Грыгаровіч з аг.Клепачы сустрэў нас яркімі астрамі. Калі агледзеліся – убачылі шмат кветкавых кампазіцый. Мікалай Віктаравіч і Вераніка Паўлаўна ўмудрыліся пасадзіць іх не толькі ў вазоны, але і нават у боты! Парадавалі вока дагледжаныя курачкі і агарод. Выдатны парадак у гэтых работнікаў ААТ «Жураўлінае» і ўнутры дома. Як заўважыў старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец — ён жа старшыня конкурснай камісіі, немагчыма зрабіць усё адразу. Сапраўды, толькі год, як маладая сям‘я атрымала дом. Многае яшчэ наперадзе, тым больш, што падрастае ўжо маленькі памочнік Арцём.
А вось сям’я Мартысевіч з Шарашэва – шматдзетная. Павел Сяргеевіч і Наталля Сяргееўна выхоўваюць траіх дочак – Маргарыту, Аліну і Карыну. Беленькі, чысценькі домік так і вабіць сваёй прыгажосцю. На ўчастку многа дэкаратыўных фігурак, выкапалі Мартысевічы і невялікую сажалку. У цёплы сезон сядзібу напаўняе пах ружаў, а адпачыць можна ў ценю вінаградніку.
***
«Тур прыгажосці» атрымаўся сапраўды яркім, насычаным. Магчыма, і хтосьці з чытачоў, натхніўшыся здымкамі, вырашыць зрабіць сваю сядзібу яшчэ больш прыгожай. Ну, а хто перамог у конкурсе «Лепшы падворак-2021»? Даведаемся пра гэта ўжо восенню, падчас свята-кірмашу «Пружанскі кашэль», і, вядома, раскажам вам.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік