У паветры лунае пах першага верасня: хутка школы зноў напоўняцца дзіцячымі галасамі, школьнікаў пакліча на ўрок першы званок. І хоць некаторыя дзеці сумна ўздыхаюць з нагоды пачатку навучальнага года, усе з нецярпеннем чакаюць гэтага дня. Сустрэцца з сябрамі, расказаць пра летнія ўражанні, паслухаць іншых… А яшчэ паглядзець, чым сустракае сваіх гадаванцаў школа.
Як расказвае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама І.А.Казарэз, за летнія месяцы выкананы сур’ёзны аб’ём аднаўленчых, а часам і капітальных работ па падрыхтоўцы навучальных устаноў.
— У надыходзячым 2021/22 навучальным годзе дзяцей будзе прымаць 51 установа адукацыі, — паведамляе Ірына Анатольеўна. — Усе яны сустрэнуць першае верасня абноўленымі. Рамонты рабіліся дзякуючы прыцягненню падрадных будаўнічых арганізацый, дапамозе цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. І, безумоўна, гэта вялікая праца педагагічных калектываў і нават бацькоў.
Самым глабальным мерапрыемствам можна назваць капітальны рамонт харчаблока СШ №3. На гэтыя работы было выдаткавана больш за мільён рублёў, да іх завяршэння засталіся лічаныя дні. Згодна з праектам, памяшканне змянілася поўнасцю — і ўнутры, і звонку. Унутраная перабудова закранула абедзенную частку, якая паменшала па плошчы, але за кошт гэтага пашырылася тэхналагічную зону. Устаноўлена сучаснае абсталяванне, дзякуючы чаму школьнікі будуць харчавацца больш якасна і, спадзяюся, смачней. Праведзены новыя камунікацыі — ацяпленне, вентыляцыя, водаправод. Канешне, ранейшая актавая зала ў агульную канцэпцыю «не ўпісалася», для пераабсталявання яе неабходна будзе прыстасаваць іншыя плошчы.
Бягучыя рамонты, на якія было выдаткавана больш за 200 тысяч рублёў, закранулі іншыя гарадскія школы. У пятай зроблены рамонт столі спартыўнай залы, а таксама абноўлены санітарныя памяшканні і душавыя. У СШ №1 адрамантаваны сцены і столь спартзалы, устаноўлены супрацьпажарныя дзверы.
У сельскай мясцовасці вырашана набалелае пытанне Шчарчоўскай сярэдняй школы, дзе працяглы час непрывабным было дваровае пакрыццё. Сёлета яно адрамантавана і больш не будзе выклікаць нараканні настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў. Дробныя работы праведзены і ў іншых установах адукацыі, пачынаючы ад устаноўкі агароджы і заканчваючы рамонтамі дахаў. Традыцыйна камісія, у якую прадстаўнікі розных адказных службаў, наведала ўсе аб’екты, кожны з якіх дапушчаны да эксплуатацыі згодна з агульным пацвярджэннем поўнай гатоўнасці.
На жаль, у параўнанні з мінулым годам навучальных устаноў стала менш на тры. З-за скарачэння колькасці дзяцей вымушаны былі закрыць два дзіцячыя садкі — Рудніцкі і Роўбіцкі, а таксама Бакунскі-1 вучэбна-педагагічны комплекс «Дзіцячы садок — базавая школа». Па той жа прычыне свой статус змяніў Старавольскі ВПК: у новым навучальным годзе школа тут рэарганізавана з базавай у пачатковую.
— Наколькі глыбокі дэмаграфічны спад назіраецца ў бягучым годзе?
— Калі меркаваць па колькасці школьнікаў, то сітуацыю нельга назваць крытычнай. За парты сярэдніх адукацыйных устаноў сядуць сёлета 4878 вучняў, у параўнанні з мінулым годам гэта менш усяго на 26 чалавек. У першы клас пойдзе 487 дзяцей супраць 517 мінулагодніх першакласнікаў. А вось дашкалят паменшала істотна: мяркуем прыняць 1669 малых, што амаль на 100 чалавек менш за леташні паказчык.
— Штогод раённая сістэма адукацыі пацвярджае сваю кампетэнтнасць шляхам перамог на алімпіядах рознага ўзроўню. Стабільна пераважная большасць выпускнікоў паступаюць у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ці захаваецца такое становішча ў будучым?
— Пружанскую школу можна назваць высокапрафесійнай, бо там працуе кваліфікаваны і вопытны педагагічны калектыў. Ён у асноўным складаецца з настаўнікаў, якія маюць багатую практыку. Больш за 85% з іх маюць першую і вышэйшую катэгорыі, яны пастаянна працуюць над павышэннем сваёй кваліфікацыі, вывучаюць сучасны вопыт, укараняюць новыя тэхналогіі навучання.
Варта адзначыць, што сам адукацыйны працэс, які наладжаны на Пружаншчыне, грунтоўны. Напрыклад, увядзенне педагагічных класаў поўнасцю сябе апраўдала: 9 выпускнікоў з 15 паступілі ў педагагічныя ВНУ і ў будучым таксама вернуцца ў школу, але ўжо ў якасці настаўнікаў. Атрыманы грунтоўныя вынікі і ад агранамічных класаў, пераважная большасць школьнікаў, якія там займаліся, цяпер атрымлівае сельгаспрафесіі. Найлепшы паказчык у Варанілавіцкай школы, дзе палова дзяцей з такога класа паступіла ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Пакуль рана сцвярджаць пра выніковасць класаў прававой накіраванасці, што дзейнічаюць у СШ №5, але, мяркую, што і там будзе пэўная аддача ад укладзеных намаганняў.
Сістэма прафесійнага арыентавання будзе развівацца ў надыходзячым навучальным годзе. Для хлопцаў мяркуем арганізаваць падрыхтоўку на базе аграрна-тэхнічнага каледжа, дзе яны будуць асвойваць «азы» спецыяльнасці сталяра. Дзяўчаты маюць магчымасць атрымаць першасную падрыхтоўку швачак на базе СШ №3, а для ўсіх дзесяцікласнікаў разам будзе адкрыта асваенне прафесіі «рабочы па зялёным будаўніцтве» ў розных школах.
— А што за новыя настаўнікі — ваенрукі — павінны з’явіцца ў школах? І ўвогуле, як абстаяць справы з кадрамі?
— Вакансіі, што былі ў мінулых гадах, зараз закрываем, пераводзячы педагогаў з тых устаноў, што спынілі сваю работу. Пакуль невырашанай застаецца праблема з забеспячэннем спецыялістамі псіхалагічнай і сацыяльна-педагагічнай дзейнасці ў школах. Справа ў тым, што там патрабуюцца людзі са спецыялізаванай адукацыяй, але ўзровень заробкаў з-за няпоўнай занятасці невысокі. Для вырашэння пытання наладзілі перападрыхтоўку ўласных кадраў на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
А яшчэ сёлета настаўніцкі калектыў Пружаншчыны папоўніўся 15 выпускнікамі ВНУ і каледжаў, якія атрымалі першае працоўнае месца. Спадзяемся, што ім у нас спадабаецца і яны застануцца пасля адпрацоўкі.
Што тычыцца ўвядзення кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, якіх па аналогіі з савецкай школай называюць «ваенрукамі», то яны будуць выкладаць не новы прадмет. Проста змяніліся патрабаванні да саміх выкладчыкаў дапрызыўнай падрыхтоўкі і арганізатараў адпаведных пазакласных мерапрыемстваў. Яны павінны мець спалучэнне педагагічнай адукацыі са службай у арміі ці іншых сілавых органах. Цяпер з улікам новых патрабаванняў неабходна знайсці адпаведныя кадры для школ, дзе колькасць вучняў перавышае 50 чалавек.
— Традыцыйна першае верасня пачынаецца з «Урока Міру». Якой тэме будуць прысвячацца гэтыя заняткі?
— Як паказаў час, для падрастаючага пакалення актуальнай з’яўляецца праблема адзінства, у тым ліку і нацыянальнага. Таму «Урок Міру» пройдзе пад сапраўды мірным дэвізам «Адзінства беларускага народа — аснова незалежнай краіны». У нашай гісторыі і ў сучаснасці шмат станоўчых прыкладаў вырашэння балючых пытанняў разам, у агульнай звязцы. Усё гэта павінны ведаць дзеці, разумець неабходнасць яднання.
— Нягледзячы на сум па мінулых летніх канікулах, першае верасня было і застаецца святам, на якое ўсе ідуць з кветкамі і ўсмешкамі. З гэтай нагоды што б Вы пажадалі школьнікам і іх бацькам, а таксама настаўнікам?
— Няхай для нашых дзяцей новы навучальны год будзе яркім, запамінальным, цікавым і поўным перамог. Настаўнікам жадаю больш лёгкай рэалізацыі сваіх ідэй, атрымання ад гэтага станоўчых вынікаў і прафесійнай асалоды. А яшчэ зычу ўсім здароўя малым і дарослым, не забывайце пра ўласную бяспеку і захоўвайце меры гігіенічнай перасцярогі. А таксама нагадаю пра карысць прафілактычных мерапрыемстваў у выглядзе вакцынацыі. Каб ні адна хвароба не перашкаджала вучыцца, пазнаваць новае і марыць.
Гутарыў Алег Сідарэнка