Воскресенье, 18 января 2026

Фотафакт. Прагуляліся па гарадскім парку і разам з маленькімі пружанцамі паспрабавалі пералічыць замочкі кахання

5 663

Лета — пара не толькі адпачынкаў і вандровак. Гэта і выдатны час для правядзення вяселля. Маладыя пары ўсё часцей імкнуцца скараціць цырымонію ці наогул вырашаюць выдаткаваць усе грошы на рамантычны тур. Але ж большасць усё ж хоча, каб вяселле заставалася традыцыйнай імпрэзай з вялікай колькасцю сваякоў, разнастайнымі конкурсамі і, вядома, з казачна-прыгожай белай сукенкай.

Разнастайныя абрады робяць свята незабыўным, напоўненым таямнічым сэнсам і чароўнымі момантамі. Адной з простых, але вельмі рамантычных традыцый з‘яўляецца сімвалічны рытуал замыкання «замочка кахання» з імёнамі маладых.

Чамусьці прынята лічыць, што традыцыя вешаць замкі на вяселлі мае глыбокія карані. Але гэта не зусім так: напрыканцы XX стагоддзя італьянскім пісьменнікам быў выдадзены раман, у якім юнак і дзяўчына клянуцца адзін аднаму ў вечным каханні і вернасці, стоячы на мосце. У падмацаванне клятвы апаясваюць ланцугом фанарны слуп на мосце і вешаюць на яго замок, ключы ад якога выкідваюць у раку. Мост і слуп, апісаныя ў рамане, існуюць у Рыме насамрэч. Адразу пасля апублікавання рамана тут з‘явілася шмат ахвотнікаў «увекавечыць» сваё каханне. Улады горада занепакоіліся тым, што слуп паступова губляў устойлівасць пад вагой шматлікіх знакаў кахання.

Цяпер падобныя масты і мосцікі з замочкамі ёсць паўсюдна. Каб не перагрувашчваць іх лішнім цяжарам, ствараюцца спецыяльныя зоны для вясельных рытуалаў. І ў нашым горадзе ёсць такое месца. Ля ўваходу ў гарадскі парк некалькі гадоў таму з‘явілася металічная канструкцыя ў выглядзе чырвонага сэрца з надпісам: «Каб дом быў любы ды моцны шлюбам».

Калі меркаваць па колькасці замочкаў, месца вясельнай фотасесіі з відам на Пружанскі палацык спадабалася пружанскім закаханым. Такія замкі з надпісамі з’яўляюцца своеасаблівым доказам таго, што маладая сям’я імкнецца прайсці праз усе жыццёвыя выпрабаванні і пранесці сваё моцнае каханне праз гады. А яшчэ ў многіх сямейных пар з‘явілася традыцыя прыходзіць на месца, дзе яны павесілі замочак кахання падчас вяселля, ужо са сваімі дзеткамі.
Мы з маімі маленькімі памочнікамі Жэняй, Андрэем і Дыянай спрабавалі пералічыць замочкі, але так захапіліся іх незвычайнай формай, гравіроўкай, знакамі, малюнкамі, рознымі імёнамі, крылатымі фразамі і пажаданнямі, што зусім забыліся пра падлік.

Кацярына Масік, тэкст і фота