Вторник, 22 апреля 2025

«Беларускі Нік Вуйчыч» і чалавек з гарачым сэрцам. Аляксей Талай сустрэўся з пружанцамі

1 030

Яго гісторыя з разраду тых, да якіх дадаюць слова «насуперак». Насуперак страху, насуперак адчаю, насуперак уласнай бездапаможнасці, насуперак смерці…

Рэхам вайны адгукнулася зямля, дзе нямала засталося боепрыпасаў пасля жорсткіх баёў Вялікай Айчыннай, 8 мая 1999 года. 16-гадовы аршанскі падлетак вырашыў патушыць касцёр, які незнаёмыя хлопцы расклалі ў вёсцы, дзе жыў дзядуля. Падышоў да вогнішча. Раптам рэзкі выбух…

У гэты момант Аляксей Талай страціў рукі і ногі, але не сілу волі. Урачы амаль не давалі яму шанцаў, але ён выжыў. Выжыў, каб сваім прыкладам натхняць іншых і паказаць адну простую рэч: любоў і вера робяць цуды.

У мінулую пятніцу пазнаёміцца бліжэй з унікальным чалавекам, якога называюць «беларускім Нікам Вуйчычам», маглі жыхары нашага горада.

Сустрэча
Сустрэча з Аляксеем Талаем пачалася з кароткай відэавізітоўкі. З яе першых секунд стала зразумела, што праз імгненне на сцэне з’явіцца чалавек велізарнай вытрымкі. Чалавек, якога лёс спрабаваў зламаць, але ў гэтым паядынку менавіта Аляксей выйшаў пераможцам.

Уласна, і на сцэну Палаца культуры ён выйшаў. Самастойна, без чыёй-небудзь дапамогі. У гэты момант на вачах многіх прысутных выступілі слёзы. Але гэта былі не слёзы жалю, а слёзы сапраўднага захаплення. Сёння Аляксей Талай – шматразовы рэкардсмен свету і Еўропы, які зараз рыхтуецца да выступлення на Паралімпійскіх гульнях у Токіа. Неабыякавы Аляксей да тых людзей, якім патрэбна дапамога, таму і займаецца дабрачыннасцю. Цікавіць яго і будучыня краіны: Аляксей Талай уваходзіць у склад Канстытуцыйнай камісіі. У яе рабоце прымае ўдзел таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Пятровіч Кудравец, які, пазнаёміўшыся з унікальным чалавекам, запрасіў яго ў Пружаны. І вось матывацыйны спікер і бацька чацвярых дзяцей прыехаў у наш горад, каб расказаць, пра што давялося прайсці, падзяліцца тымі ўрокамі, якія дало яму само жыццё.

Прайсці праз боль, каб пачуць сябе
Свой аповед — і матывацыйны трэнінг Аляксей Талай, вядома, пачаў з трагедыі, якая змяніла яго жыццё. Выпадак больш як дваццацігадовай даўніны прымусіў яго пераасэнсаваць уласны светапогляд. Літаральна за некалькі месяцаў да таго, як падарваўся на міне, Аляксей Талай падышоў да дзяўчыны, якая вельмі падабалася яму.

— І вось я ляжу адзін, без рук і без ног. І ўсё, што круціцца ў галаве, – гэта ўспамін пра той першы нясмелы пацалунак, нашы сустрэчы… І думкі: як быць? Як жыць далей? Ці перанясуць бацькі гэтую трагедыю? А ці будуць яны любіць мяне такім? Можа, без мяне ім будзе куды лепей? Мне прыходзілі розныя думкі. Але я прайшоў праз гэта, перажыў момант, калі ламалася псіхіка, перажыў здраду. І сёння я самастойны чалавек, — падзяліўся з удзельнікамі сустрэчы Аляксей Талай.

Спыніўся ён і на тым, наколькі важна сёння быць адэкватным ва ўспрыманні рэчаіснасці і быць уважлівым як да самога сябе, так і да свайго цела. “Бог даў нам яго нездарма, каб мы клапаціліся пра сябе і вучыліся чуць саміх сябе. І былі ўдзячнымі. Менавіта падзяка — тое, што я адчуваў, калі ўбачыў, што ў мяне засталася частка рукі. Як бы я жыў. калі б і яе не было?”.

Здолець матываваць іншых
Да таго, каб выйсці на сцэну і расказаць пра сваю гісторыю, свой вопыт іншым, Аляксей Талай прыйшоў не адразу. Ён шчыра прызнаўся: спачатку выступаць на публіцы было цяжка маральна. Ён баяўся, саромеўся самога сабе.

— Выдатна памятаю той дзень, калі ўпершыню выйшаў на сцэну. Гэта было выступленне перад бізнес-супольнасцю. У мяне дрыжаў голас, не хапала дыхання, здавалася, не змагу вымавіць ні слова. Адыходзіў два тыдні. Але гэты страх удалося пераадолець. Пасля я думаў: а можа, усё было загадзя спланавана Богам? Спланавана для таго, каб я выйшаў да людзей, пачаў з імі гаварыць і натхняць?

Я баяўся таго, як успрымуць мяне дзеці. Як растлумачыць ім, чаму не такі, як іншыя? Але ў гэтым і ёсць індывідуальны шлях пазнання. Трэба разумець, што ты не адзін такі ў гэтым свеце. Жывуць людзі з яшчэ больш страшнымі дыягназамі. Усім бывае балюча і радасна, добра і цяжка. Таму трэба падымацца і смела ісці наперад, — сказаў Аляксей.

Вучыцца выграбаць «супраць буры»
Надзейным дарадцам, можна сказаць, уласным псіхолагам, для Аляксея Талая быў дзядуля.

— Ён гаварыў так: “Не заўсёды табе, унучак, будуць падсцілаць саломку, калі-небудзь табе самому давядзецца ўзяць усю волю ў кулак і грэбсці, як Сувораў супраць буры”. Дзед расказваў пра тое, як пайшоў на фронт, як ваяваў. Гэтыя сустрэчы адыгралі вялікую ролю. Родны чалавек дзяліўся са мной жыццёвым вопытам, сваім лёсам… Яго парады дапамаглі мне не звар‘яцець на месцы трагедыі, дапамагаюць і цяпер, — расказаў спартсмен.

Аляксей прызнаўся, што, калі б меў такую магчымасць, запісваў бы і занатоўваў усё, што казалі бабуля і дзядуля. І яшчэ раз падкрэсліў, наколькі важна цаніць адзін аднаго, берагчы і паважаць родных, даражыць сяброўствам.

«Любоў – гэта тое, што выцягнула мяне з пекла»
— Адразу пасля той трагедыі ўрачы казалі, што я — не жылец, папярэджвалі бацькоў пра магчымасць найгоршага. Дзесяць дзён, пакуль я быў у родным горадзе (потым мяне перавезлі ў мінскі ваенны шпіталь), былі сапраўдным мучэннем. Але менавіта яны дапамаглі зразумець, што толькі любоў здольная на цуды – мая любоў да бацькоў і іх бескарыслівая любоў да мяне…

Праз многа гадоў мама расказвала, што ніколі не забудзе той дзень, калі ўпершыню прыйшла да мяне ў рэанімацыю. Яна гаварыла наступнае: “Я села каля цябе, і ты павярнуўся, глянуў на мяне сваімі блакітнымі вачыма. Глядзеў пранікнёна-пранікнёна, у самую глыбіню маёй душы. І ў тваіх вачах не было страху ці болю. Тады ты прымаў рашэнне. На тваім твары было нямое пытанне: “Мама, ці патрэбен я вам такі?”.

І мацярынскія вочы тады адказалі мне, што патрэбен. Праз шчырасць, праз сваю любоў… Менавіта любоў распаліла ва мне агонь, і гэтым полымем я выпальваў і сваю хваробу, і ўсё дрэннае, што было ўнутры, — прызнаўся Аляксей.

Умець прабачаць сабе і іншым
Адзін з важнейшых момантаў у жыцці, па словах Аляксея, — умець прабачыць сабе, асабліва ў моманты адчаю.

— Калі-небудзь кожнаму з нас давядзецца прасіць прабачэння. Можа, нават перад Богам на каленях, каб скінуць увесь цяжар, які не дае жыць. Папрасіць — і пачаць новае жыццё. Гэты жыццёвы вопыт даўся мне цаной вялікіх страт, крыві і болю.

Але не толькі я страчваў. Страчвалі і мяне ўрачы на аперацыйным стале. Я перажываў клінічную смерць. І гэта быў незвычайны вопыт. Там, здаецца, няма часу. Я быў адначасова ва ўсіх момантах свайго жыцця. Гэта было радасна, але адначасова… страшна. Страшна ад самога сябе і сваіх учынкаў. Можа, гэта і ёсць пекла, пра якое гаворыць царква? Пасля гэтага я зразумеў, што мерай усяго павінна быць наша сумленне. Старайцеся зразумець сябе і выправіцца, папрасіць прабачэння ў іншых. Я зразумеў, наколькі каштоўнае жыццё, калі быў на валаску ад смерці. Радуйцеся кожнаму імгненню і пражывайце яго, — такую параду даў Аляксей пружанцам — удзельнікам яго трэнінгу.

Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).