Белавежская пушча захоўвае шмат таямніц. Ёсць у ёй і вельмі жахлівае месца, якое ўражвае сваёй нейкай апакаліптычнай энергетыкай, мемарыял “Падаючыя крыжы”. Штогод у першую нядзелю жніўня тут праходзіць памятны мітынг.
Падзея
Стаіш пад шатамі векавых соснаў, глядзіш на велізарную бетонную стэлу ў выглядзе навечна счэпленых крыжоў – і душу пачынаюць халадзіць думкі пра падзею, прыхаваную ў лабірынтах помніка.
Страшная бяда адбылася тут 80 гадоў таму. Пачатак жніўня 1941 года быў вельмі гарачым: ішла жорсткая “зачыстка” пушчы ад “ворагаў рэйху”. У выніку было выселена некалькі тысяч людзей, спалены дзясяткі населеных пунктаў, расстраляны сотні актывістаў і іх сем’яў. Толькі ў лясным кар’еры карнікі паліцэйскага батальёна № 322 пазбавілі жыццяў каля 130 жыхароў з Белавежы, Гайнаўкі, Шарашэва, Роўбіцка, Чадзеля, Борак, Малога Красніка і іншых навакольных вёсак.
Доўгія гады месца расстрэлу заставалася невядомым. Толькі з цягам часу сталі вядомы падрабязнасці той трагедыі. У 1952 годзе падчас рамонту лясной дарогі пад каўшом экскаватара ў старым кар’еры адкрылася жудаснае відовішча…
Астанкі 85 чалавек былі ідэнтыфікаваныя. Імёны гэтых белавежскіх пакутнікаў выгравіраваны на пяці мармуровых плітах, іх будуць памятаць заўсёды. На жаль, пушча раскрыла адну з таямніц ваеннага ліхалецця толькі часткова: колькі ўсяго беларусаў і палякаў, яўрэяў і ўкраінцаў, мужчын і жанчын, старых і дзяцей знаходзіцца ў яе брацкіх магілах, дакладна не скажа ніхто.
Імёны
Але ў гісторыі свае планы. З часам усплылі канкрэтныя імёны нацысцкіх злачынцаў. Праўда, яны засталіся жыць пасля вайны і нават пазбеглі справядлівага пакарання, паколькі суд прысяжных у 1962 г. палічыў, што яны не маглі без небяспекі для ўласнага жыцця адмовіцца ад выканання загадаў аб расстрэлах сотняў ні ў чым не вінаватых людзей. Добра ведаем мы, але не бу-дзем іх называць дзеля нашчадкаў і прозвішчы здраднікаў, імёны якіх ляглі праклёнам на ўвесь род, і якіх ніхто ніколі не ўзгадае добрым словам…
Як бы лёс ні распарадзіўся, апошняга і самага справядлівага Суда ні карнікам, ні здраднікам адназначна не пазбегнуць. Менавіта пра гэта — казаў у сваёй, ці не самай шчырай і пранікнёнай на мітынгу, прамове настаяцель Свята-Троіцкага касцёла г.п.Шарашэва ксёндз Яцэк Дубіцкі.
Таксама святар нагадаў, што менавіта ў гэтыя дні ўзгадваецца яшчэ адна трагедыя, якая адбылася ў нашых суседзяў — падаўленне Варшаўскага паўстання, калі немцы вырашылі, як самі казалі, “зэканоміць кулі на польскіх і яўрэйскіх вылюдках”. Яны выстройвалі дзяцей у рады, каб адной куляй забіваць адразу па некалькі чалавек…
— Гэта не проста страшная трагедыя, а жахлівая несправядлівасць, якую і цяпер немагчыма ўспамінаць без слёз. Кроў забітых заклікае да Неба. Так, іх мучыцелі жылі доўга і пазбеглі чалавечага прысуду, але іх чакае Страшны Суд. Мы молімся Богу і верым, што справядлівасць будзе адноўлена, у гэта вераць нават атэісты: адныя будуць у Раі, другія — у пекле.
Уважліва слухалі святара прадстаўнікі раённай і шарашэўскай пасялковай улады, вайскоўцы пагранзаставы, неабыякавыя жыхары Сухопальскага і Шарашэўскага сельсаветаў, а таксама госці з Расіі, родныя якіх загінулі ў гэтым месцы.
У прыватнасці, штогод прыязджаюць на малую радзіму ў в.Белы Лясок Алена Хоркіна і Ларыса Муцяну і абавязкова наведваюць мемарыял, дзе расстралялі іх родных.
— Майму дзядулі Івану Казаку на той момант было толькі 37 гадоў! Ён жыў у Белавежы і гадаваў чатырох дзяцей. Вёў актыўнае грамадскае жыццё, па некаторых сведчаннях быў дэпутатам і нават узначальваў сельскі Савет, таму адным з першых трапіў у “чорны спіс” здраднікаў. Дарэчы, тады забралі і бабулю, але потым цудам яе адпусцілі. Забралі і нашу сваячку, таксама актывістку, Лідзію Вашкевіч, у якой было маленькае дзіця… Толькі праз дзесяць год даведаліся, што іх расстралялі ў пушчы. Мая бабуля ў раскапаным кар’еры пад пяском убачыла дзядулеў пінжак, — са слязамі на вачах распавяла Алена.
— Калі я знаходжуся ў гэтым месцы, мне здаецца, бачу, як яны, нашы родныя, ідуць апошнія метры на сваю галгофу… Яны ведалі, што ўжо не вернуцца… Цяжкі помнік, цяжкае месца. Заўсёды кажу, што трэба пра гэта помніць і перадаваць нашчадкам, каб у іх нават жадання не ўзнікла гуляць у вайну. Не дай Бог, нам перажыць падобную бяду, — плача ўслед за сяброўкай і Ларыса…
Памяць
Падчас мітынгу наогул плакала шмат людзей, не ў апошнюю чаргу з-за як ніколі шчырых прамоў усіх выступоўцаў.
Намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч падкрэсліў, што падобных жудасных месцаў расстрэлу мірнага насельніцтва ў Пружанскім раёне не адзін дзясятак, і амаль кожны з прысутных можа распавесці пра горкія страты, якія падчас Вялікай Айчыннай вайны спасціглі іх род.
Пра тое, што трэба захоўваць памяць пра кожнага загінулага салдата і мірнага жыхара, казаў і старшыня раённага савета ветэранаў У.А.Яцкевіч. Ён нагадаў і пра актыўнасць партызанскага руху на нашых землях, з-за якога вораг вымушаны быў адцягваць сюды з фронту сілы рэгулярных войскаў, распавёў і пра стойкасць нашых салдатаў, якія цаной уласнага жыцця стрымлівалі ворага і паказалі ўсёй Еўропе, як трэба змагацца.
— Гінулі, але не здаваліся, таму што за спінай была Радзіма… І тут ляжаць героі, якія вырашылі памерці, стоечы, каб не жыць на каленях… Сёння цяжкія часы, але ў адзінстве народа наша сіла. Пра гэта трэба расказваць нашым дзецям, каб не страціць памяць. Інакш мы, як дзяржава, загінем, — адзначыў Уладзімір Аляксандравіч.
Маўчанне…
Ва ўнісон з ім гучала прамова і работніцы Сухопальскай бібліятэкі Таццяны Георгіеўны Глушко, якая таксама казала пра тое, што чалавечая памяць павінна жыць, каб прадухіліць новыя канфлікты і нават войны. А яны, як трапна заўважыў (спасылаючыся на словы пісьменніка Эрыха Марыі Рэмарка) настаяцель навазасімавіцкага храма іконы Багародзіцы “Неспадзяваная радасць” айцец Сергій Сысаляцін, узнікаюць тады, калі адзін чалавек не можа да канца адчуць, як пакутуе іншы. Уздзеянне гэтых трапных слоў на слухачоў яшчэ больш узмацнілі жалобныя праваслаўныя песнапенні ў выкананні вакальнага ансамбля “Амафор” Навазасімавіцкага СДК пад кіраўніцтвам Наталлі Данцовай.
А потым наступіла цішыня, якая ўражвала сваёй глыбінёй. Падчас мінуты маўчання здавалася, што чутны нават “голас” полымя вечнага агню…
Усяго адна мінута. Але калі б усё чалавецтва дало святы зарок ушанаваць мінутай маўчання кожнага загінулага ў той вайне, то маўчанне б доўжылася не адзін дзясятак гадоў.
Алена Зялевіч, Кацярына Масік (фота), Уладзіслаў Шпарла (відэа).
Больш фотаздымкаў тут: https://ok.ru/budni/album/925336408456