У мінулыя выхадныя прайшлі чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіянату каманд Заходняй аматарскай хакейнай лігі. «Пружанскія кіты» дома гулялі з ХК «Кобрын».
Каманды знаходзяцца на розных полюсах турнірнай табліцы: нашы хакеісты яе ўзначальваюць, а госці — замыкаюць. Але, нягледзячы на гэта, балельшчыкаў сабралася ў Лядовым палацы нямала, паколькі пружанская каманда ўжо даўно не гуляла на сваёй пляцоўцы.
Роўная барацьба працягвалася толькі першыя дзесяць мінут. Потым нашы хакеісты трывала завалодалі ініцыятывай. У першым перыядзе балельшчыкі ўбачылі дзве закінутыя шайбы (вызначыліся Аляксандр Гараўцоў і Раман Чыжэўскі).
У другім гульнявым адрэзку шайба яшчэ двойчы пабывала ў варотах гасцей. Дубль аформіў Раман Чыжэўскі.
У трэцім перыядзе пайшлі выдаленні. Нашы хакеісты на працягу некалькіх мінут абараняліся ўтрох супраць пяцёркі саперніка. Выдатна гуляў на гэтым адрэзку матча наш варатар Павел Вакула, які неаднойчы зрываў апладысменты гледачоў. А ўвогуле па ходу сустрэчы варатар шмат разоў выручаў каманду, здавалася б, у самых безнадзейных сітуацыях.
На што хапіла гасцей, — гэта забіць гол прэстыжу за некалькі мінут да фінальнай сірэны.
Такім чынам, «Пружанскія кіты» атрымалі ўпэўненую перамогу з лікам 4:1.
Лепшымі ігракамі матча ў кожнай з каманд былі прызнаны варатары.
Цяпер пружанскім хакеістам у рэгулярным чэмпіянаце засталося правесці дзве гульні ў гасцях: супраць ХК «Лунінец» і «Гарынь» (Столін).
Вось які выгляд мае цяпер турнірная табліца (набраныя ачкі):
«Пружанскія кіты» 26
«Рысі» (Івацэвічы) 17
«Сталкер» (Баранавічы) 16
«Гарынь» (Столін) 13
ХК «Лунінец» 12
«Волат» (Пінск) 12
ХК «Кобрын» 6
Мікола Архуцік, фота Дзмітрыя Міхеева.