Сёлета вартавыя парадку будуць адзначаць сваё прафесійнае свята ў 102 раз. І хаця паўстагоддзя таму на поўным сур’ёзе прагназавалася, што хутка прыйдзе такі час, калі ўвогуле міліцыя будзе непатрэбнай, служба аховы правапарадку і спакою грамадзян застаецца актуальнай і сёння. Напярэдадні прафесійнага свята начальнік райаддзела міліцыі А.В.Гук расказаў нам, якіх вынікаў дасягаюць міліцыянеры ў барацьбе са злачыннасцю.
— Рэалізаваныя ў мінулым годзе ў шчыльным супрацоўніцтве з органамі выканаўчай улады і з нашымі калегамі з іншых праваахоўных органаў мерапрыемствы дазволілі захаваць станоўчую дынаміку па зніжэнні крыміналізацыі грамадства,— расказвае Аляксандр Васільевіч. — У выніку атрыманы працэнт у разліку на колькасць насельніцтва на Пружаншчыне зараз адзін з самых нізкіх па вобласці. Для параўнання назаву статыстыку за апошнія 10 гадоў. У 2011 годзе на тэрыторыі раёна было зарэгістравана 756 злачынстваў, у тым ліку 463 крадзяжы, а выкрываемасць апошніх не дасягала і 38%. У 2018 годзе гэтыя лічбы склалі 322, 123 і амаль 62% адпаведна. Такія вынікі атрымаліся, дзякуючы рэалізацыі мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі і больш адказнаму стаўленню да аператыўна-службовай дзейнасці.

Напрыклад, даволі істотны эфект дае распаўсюджанне такога меркавання, як непазбежнасць пакарання, падмацаванае рэальнымі доказамі. Тры чвэрці ад усіх злачынстваў, якія былі зарэгістраваны на Пружаншчыне, выкрыты, асобы зламыснікаў устаноўлены і панеслі справядлівае пакаранне, а пацярпелыя атрымалі кампенсацыю маральнага і матэрыяльнага ўрону. Выкрыты ўсе цяжкія злачынствы.
Зніжэнне фіксуецца па многіх накірунках: на трэць меншая колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, больш чым на палову — п’янымі грамадзянамі і іншаземцамі. Таксама менш здзейснена крадзяжоў з жылля, паменшала колькасць наўмысна прычыненых цяжкіх цялесных пашкоджанняў, хуліганстваў, угонаў аўтатранспарту. Увогуле не рэгістраваліся вымагальніцтвы і грабяжы.
— Які від злачынстваў на сённяшні дзень трывожыць больш за іншыя і на якім узроўні адзначыце прафілактычную работу?
— Побач з поспехамі варта адзначыць і некаторыя праблемы, якія неабходна неадкладна вырашаць. Частка з іх мае даўнюю гісторыю. Гэта алкагалізацыя насельніцтва і напрамую звязаныя з ёй бытавая, рэцыдыўная злачыннасць, наркаманія, гібель людзей у дарожна-транспартных здарэннях. Апошнім часам масавасць набываюць іншыя віды злачынстваў, напрыклад, у сферы высокіх тэхналогій, дзе махляры ўзялі на ўзбраенне інтэрнэт. На маю думку, ахоп насельніцтва інфарматызацыяй расце больш хуткімі тэмпамі, чым навучанне людзей такім навінкам. У выніку пераважная большасць з нас УМЕЕ карыстацца сучаснымі тэхналогіямі, але не ВЕДАЕ пра іх амаль што нічога. Гэтым і карыстаюцца зламыснікі.

Нельга прамаўчаць і пра вельмі дзікія з пункту гледжання любога нармальнага чалавека злачынствы сексуальнага характару ў дачыненні да малалетніх, якія былі зарэгістраваны ў мінулым годзе. Таксама фіксаваліся і факты распаўсюджання матэрыялаў парнаграфічнага зместу з удзелам дзяцей. Лічу, што ў далейшым, з улікам вышэйназваных акалічнасцей, пры правядзенні прафілактычнай работы нам неабходна больш сканцэнтравацца на прававым навучанні моладзі.
Гэта работа будзе актуальнай і ў прафілактыцы наркаманіі. Летась мы ўдзялялі асаблівую ўвагу падобным правапарушэнням, пераважна збыту і незаконнаму абароту наркатычных сродкаў. Усяго выяўлена 9 такіх злачынстваў, з чым, мяркую, звязана тое, што ў 2018 годзе не зарэгістравана перадазіровак і выпадкаў атручвання наркатычнымі рэчывамі. Аднак высокі ўзровень наркапагрозы пакуль захоўваецца.
Варта спыніцца і на пытанні забеспячэння бяспекі дарожнага руху. Аўтатранспарту з году ў год у раёне большае, тэхнічныя асаблівасці аўто ўдасканальваюцца, а атрыманне правоў стала больш лёгкім. У выніку на дарогах захоўваецца высокая пагроза аварыйнасці, з-за чаго летась не ўдалося дасягнуць зніжэння колькасці ДТЗ. Больш засмучае, што церпіць не толькі «жалеза», але і людзі: пяць чалавек загінула, 25 — траўміравана. У якасці арыенціра трэба ўзяць 2015 год, калі высокі ўзровень прафілактыкі прывёў да таго, што не было зарэгістравана ніводнага выпадку гібелі лю-дзей. Лічу, што неабходна большы акцэнт рабіць на забеспячэнне якаснага кантролю за сітуацыяй на дарогах, працаваць над узмацненнем адказнага стаўлення да выпуску аўтатранспарту і кантролю за яго вадзіцелямі з боку спецыялістаў гаспадарак і прадпрыемстваў, а таксама дабівацца павышэння ўзроўню ўзаемаразумення паміж удзельнікамі дарожнага руху.

— Аляксандр Васільевіч, Вы нагадалі пра дэалкагалізацыю насельніцтва. Летась міліцыя выступала ініцыятарам правядзення «дзён цвярозасці» і абмежавання продажу спіртнога напярэдадні правядзення масавых мерапрыемстваў. Ці дало гэта вынік?
— Падобную адказнасць мы бяром на сябе і сёлета, бо гэта прафілактычная работа аказвае істотны ўплыў на стан правапарадку. Па выніках мінулага года назіраецца станоўчая тэндэнцыя зніжэння колькасці «п’яных» злачынстваў. Летась, напрыклад, зарэгістравана 2 ДТЗ, учыненых вадзіцелямі ў стане алкагольнага ап’янення супраць 10 у 2010 годзе. Не рэгістраваліся выпадкі атручвання сурагатным спіртным. Аднак пакуль не ўдаецца пераламіць сітуацыю з самагонаварэннем, хаця барацьбу праваахоўнікі сур’ёзна актывізавалі: на працягу 2018 года знішчана больш за 14 тон брагі і 350 літраў гатовага зелля.
— Якія накірункі на наступны год будуць прыярытэтнымі для пружанскай міліцыі?
— Высокую эфектыўнасць у раскрыцці злачынстваў паказала сістэма відэаназірання, з дапамогай якой летась было выкрыта больш за дзесяць замахаў на маёмасць грамадзян або арганізацый раёна. Згодна з адпаведным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, мы і далей будзем настойваць на інтэнсіфікацыі ўкаранення відэаназірання практычна ўсюды. Варта ўлічваць, што гэта не толькі супрацьстаіць злачыннасці, але і дапамагае ва ўмацаванні дысцыпліны на вытворчасці і ў месцах масавага збору людзей.
Побач з гэтым, аналізуючы стан і вынікі аператыўна-службовай дзейнасці РАУС, павінен адзначыць, што недахопы ў ёй ёсць, дзеючае заканадаўства, паўнамоцтвы і ўласныя сілы і сродкі мы яшчэ недастаткова выкарыстоўваем. Значыць, варта працаваць і над павышэннем прафесійнага ўзроўню вартавых парадку.
— Сёлета райаддзел міліцыі будзе адзначаць 80-гадовы юбілей з моманту заснавання. Пачатак года вызначыўся атрыманнем важнай узнагароды: райаддзел прызнаны лепшым у вобласці. На якія адзнакі яшчэ можна разлічваць?
— Ёсць у службоўцаў добрая прымаўка «Мы служым не за ўзнагароды», якая справядлівая і ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Прыемна, калі праца станоўча адзначаецца вышэйстаячым кіраўніцтвам, і ўдвая прыемней, калі адзнака заслужаная. Але больш за іншыя нам прыемней чуць падзяку ад простых грамадзян, якіх мы абаранілі ад зламыснікаў, дапамаглі дабіцца справядлівасці, пакараць злодзеяў і вярнуць страчаную маёмасць. Нам галоўнае, каб грамадзяне маглі спакойна гуляць па вячэрніх гарадскіх вуліцах, не баяцца ліхачоў на дарогах або хуліганаў пры правядзенні масавых мерапрыемстваў.

І патэнцыял для забеспячэння ўсяго гэтага ў нас ёсць. І ў супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, які ўзначальвае С.В.Курмыса, якія па многіх паказчыках з’яўляюцца ўзорнымі для іх калег з іншых раёнаў вобласці. І ў зла-джанага і прафесійнага калектыву аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі на чале з П.У.Сандрыгайлам, і ў інспектараў аддзялення ДАІ пад кіраўніцтвам А.Я.Міхальчука, і ў іх калег з інспекцыі па справах непаўналетніх, якой кіруе В.М.Клімашэвіч, або з крымінальна-выканаўчай інспекцыі на чале з Д.В.Фаменюком, якая, да слова, была вызначана лепшай на Брэстчыне. Немалую ролю ў дасягненні станоўчых вынікаў адыгрываюць і іншыя службы райаддзела, якія забяспечваюць фінансавую, тылавую і нават дакументазваротную падтрымку дзейнасці праваахоўнікаў.
З нагоды прафесійнага свята хачу выказаць усім вартавым правапарадку падзяку за добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў, пажадаць ім новых станоўчых вынікаў па службе і, зразумела, маральнай і матэрыяльнай аддачы ад гэтага. Здароўя і добрага настрою зычу нашым ветэранам, якія аказваюць сур’ёзную падтрымку ў захаванні міліцэйскіх традыцый і ў падрыхтоўцы маладога папаўнення. І асаблівыя віншаванні нашым жанчынам, праца якіх і нават проста служба побач з намі прымушаюць мужчын у пагонах заставацца годнымі свайго прызвання.
Гутарыў Алег СІДАРЭНКА, фота аўтара.