Чысціня і парадак любога населенага пункта – вынік неабыякавасці і працавітасці яго жыхароў. Тое, што яны гатовыя рабіць свой родны куточак – Пружанскі раён – прыгожым, паказаў месячнік па добраўпарадкаванні. Яго фінальнай і самай масавай падзеяй стаў рэспубліканскі суботнік, які прайшоў 16 красавіка.
Шмат гадоў запар патрэбная справа аб’ядноўвае людзей розных прафесій. Вось і на Пружаншчыне разам працавалі кіраўнікі і іх падначаленыя, настаўнікі і вучні, прадстаўнікі камунальнай службы і многія іншыя. Яшчэ да суботніка было аб’яўлена, што ў Год гістарычнай памяці частка заробленых на ім сродкаў пойдзе на капітальны рамонт з мадэрнізацыяй і элементамі рэстаўрацыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Таму многія ўдзельнікі марафону чысціні і парадку прызнаваліся: мець дачыненне да гэтай падзеі вельмі важна і адказна.

Навядзенне парадку ў раёне пачалося з самага ранку. У адных толькі Пружанах работы вяліся на дзясятках лакацый. Асаблівая ўвага была нададзена гарадскому парку. Падчас суботніка тут з’явілася некалькі новых алеяў. Саджанцы арэху, клёну, вязу і барбарысу высадзілі супрацоўнікі райвыканкама, якія ў гэты дзень змянілі дзелавыя касцюмы на рабочае адзенне. Побач з усімі працавалі старшыня райвыканкама Юрый Бісун, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец і многія іншыя.

Непадалёк шчыравалі работнікі КУВП «Камунальнік», якія вывозілі голле дрэў і прыводзілі ў парадак тэрыторыю амфітэатра. Менавіта ён стане новай пляцоўкай для летніх канцэртаў.

Больш яркімі і прыгожымі сталі лавачкі ў парку. Іх афарбавалі прадстаўнікі фінансавага аддзела райвыканкама і інспекцыі па падатках і зборах. А вось афарбоўкай агароджы па вул. Паркавай займаліся супрацоўнікі нашай рэдакцыі, а таксама ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва.

Работы вяліся і ў іншых месцах горада. Так, на вул. Е.Полацкай карэспандэнты ўбачылі работнікаў электрасетак. Яны вырубвалі зараснікі і расчышчалі тэрыторыю вакол цеплавога пункта. Аналагічныя работы, але ўздоўж праезда паміж дамамі №29 і 31 на Савецкай, выканалі супрацоўнікі станцыі хімізацыі.

Педагогі і настаўнікі СШ №1 імя ЧБВА, а разам з імі работнікі «Камунальніка» падчас суботніка працавалі на гарадскіх могілках. Першыя прыводзілі ў парадак пахаванні, другія – вырубвалі зараснікі. Калектывы гімназіі і СШ №5 высадзілі кветкі і прыбралі тэрыторыі сваіх устаноў адукацыі. Далучыліся да суботніка і выратавальнікі: прыбралі тэрыторыю РАНС і дапамаглі камунальшчыкам у высечцы зараснікаў уздоўж водаадводнага канала ў райцэнтры. Міні-суботнікі па ўборцы тэрыторый вакол пад’ездаў праводзілі жыхары многіх шматпавярховак у Пружанах.
І гэта толькі невялікая частка работ. Актыўнымі яны былі і на тэрыторыях сельсаветаў. У парку прыроды імя Рэкуця ў Ружанах шчыравала каля 100 чалавек – работнікі сельвыканкама, ружанскага ўчастка «Камунальніка», ДШМ, шматпрофільнага цэнтра, «Ружанскай мэблевай кампаніі», вучні і настаўнікі школы. Нераўнадушныя жыхары Калазубаў расчысцілі ад смецця лесапаласу ўздоўж могілак у Варанілавічах.

А вось тэрыторыя каля вадаёма ў Рудніках стала чыстай і прыгожай дзякуючы работнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Каля помніка ахвярам фашызму ў Красным працавалі работнікі аддзела і Палаца культуры, цэнтралізаванай клубнай сістэмы. Не засталіся ўбаку вучні Мокраўскага ВПК, якія высадзілі дрэвы каля воінскага пахавання ў аграгарадку. Суботнік прайшоў таксама ў в.Сілічы Мокраўскага сельсавета.
Вялікі аб’ём работ выканалі шарашэўцы. Работнікі мясцовага ўчастка «Камунальніка» і «Пружанскага райаграсэрвісу» высеклі кустоўе, вучні і настаўнікі школы прывялі ў парадак брацкую магілу, работнікі сельвыканкама і члены мясцовай суполкі Беларускага саюза жанчын высаджвалі бярозы і елкі. Што да Ліноўскага сельвыканкама, то яго работнікі наводзілі парадак на зоне адпачынку ў Лінове.

Увогуле апісаць увесь аб’ём выкананых работ проста немагчыма. Таму лепш прывядзём лічбы. Па інфармацыі аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі ў рэспубліканскім суботніку-2022 прыняло ўдзел 14115 жыхароў раёна — значна больш, чым летась. Падчас суботніку нашымі землякамі зароблена 35 тыс. руб., якія пойдуць на далейшае добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў і мемарыяльных комплексаў.
Такім чынам, пружанцы ў мінулую суботу выканалі як мінімум дзве важныя справы: прывялі ў парадак сваю малую радзіму і зрабілі пасільны ўнёсак у захаванне памяці пра падзеі вайны. Няхай жа наш раён заўсёды будзе чыстым і ўтульным, а неба над галавой — толькі мірным.
Уладзіслаў Шпарла, фота і відэарэпартаж аўтара
Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_283634791