Увесь гэты час Аляксандр Бабрук працуе на адным месцы — у газавай службе.
Скончыўшы Пружанскі аграрны тэхнікум, хлопец з Шубічаў адразу трапіў на тэрміновую армейскую службу. Пасля дэмабілізацыі ўдалося працаўладкавацца ў раённае ўпраўленне газавай гаспадаркі. Спачатку быў слесарам аварыйнай службы, потым стаў вадзіцелем гэтага ж падраздзялення. Варта адзначыць, што спецыялісты аварыйнай брыгады — сапраўдныя майстры на ўсе рукі, здольныя выканаць любую задачу. Вось і Аляксандр Яўгенавіч не толькі круціць баранку, але і прымае ўдзел у рамонце газавага абсталявання, падключэнні газавых прыбораў і іншых справах. У свой час Аляксандр Бабрук вучыўся гэтаму ў ветэранаў прадпрыемства — Аляксандра Іванавіча Казака, Фёдара Сцяпанавіча Люкевіча і іншых калег. Пасля тую ж навуку сам перадаваў у спадчыну моладзі, якой таксама паказваў прыклад адказнага стаўлення да ўскладзеных задач і выканання працоўнай дысцыпліны.
— Не трэба здзіўляцца таму, што я столькі гадоў ад-працаваў на адным месцы, — зазначае Аляксандр Яўгенавіч. — У нас нямала работ-нікаў, якія хутка таксама змогуць пахваліцца падобным стажам. «Вінавата» ў гэтым спецыфіка газавай службы: яна насамрэч зацягвае і не адпускае.
Немалаважным фактарам з’яўляецца і тое, як сама арганізацыя ставіцца да сваіх работнікаў. Аснашчанасць, вырашэнне працоўных пытанняў, годная зарплата — усё гэта заўсёды пад увагай кіраўніцтва. А яшчэ, як сцвярджае ветэран, варта ўлічыць пастаяннае павышэнне тэхналагічнасці працы. Толькі спецыялісты могуць працаваць з сучасным газавым абсталяваннем, для асваення якога патрэбна нямала часу. Дык навошта набываць вопыт, калі не збіраешся затрымлівацца? Вось таму выпадковых людзей у газавай арганізацыі няма. Такі ж чалавек і Аляксандр Бабрук, які сярод калег карыстаецца заслужаным аўтарытэтам. Тое ж самае назіраецца і ў сям’і Аляксандра Яўгенавіча, нездарма ж і сын пайшоў па слядах бацькі і зараз асвойвае ўжо, можна сказаць, дынастычную прафесію механіка ў Пружанскім аграрна-тэхнічным каледжы.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік