Суббота, 12 октября 2024

35 гадоў аддала «Пружанскаму льнозаводу» здымальніца доўгага валакна Галіна Камарас

446

З добрым чалавекам, як кажуць, добра і паразмаўляць. Не проста пагутарыць, а набрацца жыццёвай мудрасці для сябе. Даведацца, што ж патрэбна для таго, каб годна пражыць жыццё, не ўдарыць тварам у бруд. Парадавацца, што ў нашай краіне ёсць шмат людзей, якія працуюць на сумленне і на рэзультат, імкнуцца, каб у роднай Беларусі заўсёды панавалі спакой і ўзаемаразуменне. А калі падумаць, то кожны з нас можа так рабіць. Патрэбны прыклад? Калі ласка, Галіна Мікалаеўна Камарас.

Ніколі не гналася Галіна Камарас за гучнай славай, не чакала фанфараў у адрас сваёй асобы, не імкнулася паставіць сябе вышэй за астатніх. А сумленна адпрацавала на Пружанскім ільнозаводзе амаль 35 гадоў. Канечне, пытанне кшталту: ці лёгка было ўцягвацца ў работу ў далёкім 1989 годзе — можна было б і не задаваць. Але ж усё-такі…

Адкрывала працоўны стаж на прадпрыемстве Галіна Мікалаеўна ў тагачасным цэху нятканых матэрыялаў. І гэта вам не цяперашняя аўтаматызацыя і, адпаведна, палёгка ў працы. Цяжкасцей хапала. Але ветліва сустрэў новую работніцу начальнік цэха Вацлаў Іосіфавіч Дронжык, надаў упэўненасці ў сваіх сілах, скіраваў жанчыну толькі на станоўчы вынік. Ды і калектыў падабраўся выдатны. І сёння з цеплынёй Галіна Камарас успамінае сваіх калег Марыю Вашкевіч, Ларысу Жураўлёву, Лідзію Вакульскую і Тамару Раманюк. А калі ёсць паразуменне і ўзаемавыручка, тады і на працу ідзецца і працуецца лёгка.

Здаецца, пачатак быў зусім нядаўна. І вось за плячыма без малога 35 гадоў працы на льнозаводзе, дзе апошні час займала пасаду здымальніцы доўгага валакна. Хочацца ўжо і адпачыць. Ды і заслужыла. Не, сілы ёсць, але ж цягне да сябе родны дом, хочацца больш увагі і клопату ўдзяляць мужу, дочкам і ўнукам. Дарэчы, па словах Галіны Камарас, з гэтых любімых людзей і складаецца яе простае, але такое сапраўднае жаночае шчасце.

Таму і развіталася з родным прадпрыемствам на мінулым тыдні, з лёгкай душой пайшла на заслужаны адпачынак. Словы ўдзячнасці за шчырую працу гучалі падчас развітання ад кіраўніцтва і прафсаюзнага камітэта льнозавода, канечне, прыгожы букет кветак. Няхай жа, паважаная Галіна Мікалаеўна, кожны наступны дзень будзе лепшы, чым папярэдні, душа заўсёды радуецца за блізкіх і родных і перапаўняе гонар за іх. Будзьце заўсёды здаровыя і жыццярадасныя!
Вадзім Раўнейка

На здымку: Галіна Мікалаеўна! Жадаем Вам усяго многа, каб роўнай была жыццёвая дарога!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік