Суббота, 26 апреля 2025

33 унікальныя хрысціянскія рэліквіі, пакланіцца якім можа кожны, асвечаны ў пружанскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (+многа фота і відэа)

330

Сведкі ключавых момантаў гісторыі хрысціянства і сапраўдныя знакі нашай веры… Рэдкія і ўнікальныя рэліквіі, важныя абсалютна для кожнага, хто называе сябе хрысціянінам, цяпер можна ўбачыць у пружанскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Трыццаць тры святыні будуць даступныя кожнаму, хто жадае ім пакланіцца і такім чынам звярнуцца да Бога, святых, падзякаваць за апеку і дапамогу.

У мінулую нядзелю ў касцёле адбылася інтранізацыя — асвячэнне ўнесеных у храм рэліквій, якую правёў біскуп Пінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі Антоній Дзям’янка.

Няйнакш як Боская воля


Для храма, на долю якога выпала шмат цяжкасцей, у тым ліку перыяд, калі замест малітваў тут іграла гучная музыка і ладзіліся дыскатэкі, атрыманне рэліквій — падзея значная і запамінальная. А таму і біскупа Пінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі Антонія Дзям’янку, які неаднойчы бываў у касцёле і на гэты раз прыехаў, каб асабіста асвяціць рэліквіі, гасцінныя пружанскія каталікі сустракалі хлебам-соллю. Уласна, гэтак жа, як і ў 2009-м кардынала Казіміра Свёнтака. Гэтак жа, як і два гады таму — апостальскага нунцыя ў Беларусі Антэ Ёзіча.

Відэа Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі.

Тады, у 2021-м, ён асвяціў ікону Маці Божай «Апякунка лясоў». Новыя рэліквіі, як і ружанская ікона Святой Барбары, з’явіліся дзякуючы ахвяраванням аднаго і таго ж чалавека. Сваё імя ён жадае пакінуць у тайне. Тое, што інтранізацыя рэліквій амаль супала з урачыстасцю Маці Божай «Апякунка лясоў», як і колькасць рэліквій (33 — па кожнай на год жыцця Езуса), пробашч Павел Ярашэвіч лічыць сапраўдным Божым провідам.

— Для кагосьці гэта будзе проста збег акалічнасцяў, а вось веруючы чалавек убачыць у гэтым мудрасць Божую. Думаю, што выпадковасці тут быць не можа. Пан Бог праз такія дробязі чыніць пэўныя рэчы, заклікае вернікаў да касцёла. Што да колькасці святынь, то пра тое, што іх 33, я даведаўся, толькі размясціўшы іх у нашым касцёле. Гэта выключна Божае жаданне. Мабыць, такі Яго план, — кажа ксёндз Павел.

Унікальныя рэліквіі — унікальны касцёл


Дагэтуль ні ў адным храме краіны не было адначасова столькі святынь. Рэліквіі, што з’явіліся ў нашым касцёле, былі перададзены з храмаў Еўропы, якія па тых ці іншых прычынах зачыняюцца. Перад тым як заняць сваё пачэснае месца ў касцёле, яны былі адрэстаўраваны. Такую важную справу даверылі мастакам і рэстаўратарам (яны ж — муж і жонка) Алегу і Таццяне Арловым. Як пасля раскажа Алег, за трыццаць гадоў ён «вярнуў да жыцця» тысячы карцін і ікон і кожны раз, дакранаючыся да такіх рэчаў, адчуваў неверагоднае хваляванне, ачышчэнне, але ў той жа час і вялікую адказнасць.

Усе рэліквіі ў касцёле размешчаны іерархічна. Самыя важныя з іх — часцінкі Крыжа і Крыві Езуса Хрыста — у алтарнай частцы. Менавіта фрагмент Крыжа святар называе, бадай, самай каштоўнай рэліквіяй. Гэта, кажа пробашч, сапраўдная зброя хрысціяніна і пацвярджэнне нашага збаўлення.

— Ёсць два паказчыкі аўтэнтычнасці рэліквій. Першы — іх памер: чым меншая святыня, тым больш верагодна, што яна сапраўдная. Так рэліквія Крыжа памерам з пылінку, рэліквіярый — гэта толькі ўпрыгажэнне. Другі — пацвярджальныя дакументы ці пячаткі кардыналаў, біскупаў, якія сваім аўтарытэтам засведчваюць: рэліквіі — сапраўдныя. І нашы святыні менавіта такія, — кажа ксёндз Павел і дэманструе гэтыя самыя дакументы, змешчаныя побач са святынямі. Тут жа — кароткае апісанне, каб кожны вернік ведаў, што за рэліквія перад ім.

У пружанскім касцёле прадстаўлены рэліквіі пяці апосталаў (фрагменты мошчаў), але ёсць яшчэ аднаго — Андрэя Першазванага. Яго рэліквія — у выглядзе часцінкі крыжа, на якім распялі апостала. Пакланіцца ўсе жадаючыя могуць рэліквіям святога Мікалая, святога Францыска Асізскага і святога Падрэ Піо, а таксама святой Кацярыны, адной з першых хрысціянскіх велікамучаніц. Акрамя таго, захоўваюцца ў касцёле рэліквіі апекуноў пэўных галін, напрыклад, абаронцы медыкаў.

Вялікую каштоўнасць уяўляюць абразы. Праз заступніцтва літаральна кожнага са святых, якія на іх адлюстраваны, можна звяртацца да Бога ў той ці іншай патрэбе. Так святы Арханёл Міхаіл, апякун Беларусі і каталіцкага касцёла, дапамагае ў барацьбе са злом і спакусамі. Да Езуса Міласэрнага, ікона якога знаходзіцца справа ад цэнтральнага алтара, звяртаюцца з просьбамі за памерлых вернікаў ці пра навяртанне грэшнікаў. З левага боку — ікона святога Антонія Вялікага — апекуна ў справах абароны і трываласці веры. І такі прыклад — літаральна ў кожнай з прадстаўленых рэліквій.

Прыходзьце і пакланіцеся


Яны маглі б знаходзіцца ў прыватнай калекцыі, але, дзякуючы неабыякавасці і Божаму провіду, сёння яны ў Пружанах. Наш касцёл стане месцам пастаяннага захоўвання ўсіх 33 рэліквій. Безумоўна, застаецца тут і яшчэ адна — ікона Маці Божай «Апякунка лясоў».

Усе святыні даступны для пакланення любому жадаючаму. У летні перыяд, з 1 чэрвеня па 31 жніўня, дзверы касцёла, па словах ксёндза Паўла, будуць адкрыты з 10 да 17 гадзін, у нядзелю — з 10.00 да 15.00 гадзін.

— Перш за ўсё, я ўдзячны Пану Богу за тое, што дазволіў такому стацца. Безумоўна, словы вялікай падзякі хочацца выказаць нашаму мецэнату — за неабыякавасць да веры і тое, што дакрануцца да святыняў цяпер можа кожны. Са свайго боку, адчуваю вялікую адказнасць. Цяпер я, як і нашы прыхаджане, пакліканы распаўсюджваць веды і звесткі пра святых, а разам з тым — запрашаць людзей да набожнага жыцця, развіцця і ўмацавання сваёй веры, — сказаў ксёндз Павел.

Няхай жа гэтыя вялікія святыні стануць крыніцай дапамогі для ўсіх, хто праз іх будзе звяртацца да Бога, а разам з тым абараняюць пружанскі касцёл, наш край і нашу любімую краіну.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Юліі Янушка, Агенцтва тэленавін і Кацярыны Масік.

Паглядзець больш фота: https://vk.com/album-23306785_293274914