Понедельник, 28 апреля 2025

30 лет отданных любимому делу. Библиотекарь Татьяна Ракицкая о любви к книгам и людям

793

У нядзелю будзе адзначацца Дзень бібліятэк. Але чым жа была б бібліятэка без душы? І я зараз не пра кнігі.
Напісаць пра бібліятэкара Таццяну Сяргееўну Ракіцкую папрасілі чытачы гарадской бібліятэкі (філіял №5). Яны адзначылі яе ўважлівасць, уменне знайсці падыход да кожнага і, зразумела, ветлівасць.


Таццяна Сяргееўна працуе па спецыяльнасці ўжо звыш 30 гадоў. З выбарам прафесіі вызначылася яшчэ ў школе: любоў да кніг прывіла былая супрацоўніца Белавусаўшчынскай бібліятэкі Людміла Уладзіміраўна Дземідовіч (пасля шмат гадоў жанчына ўзначальвала раённы аддзел ЗАГС).
Пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума Таццяна Сяргееўна доўгі час працавала ў Мокрым. А апошнія 10 гадоў гаспадарыць у чытальнай зале філіяла №5. Сёння залу наведвае больш за 700 чытачоў. Здаецца, усіх іх Таццяна Сяргееўна ведае і па імёнах, і па літаратурных прыхільнасцях.
Разам з чытачамі ў філіяле ладзяцца самыя разнастайныя выставы. Знаходзіцца тут месца і для вырабаў, зробленых сваімі рукамі, і для рэдкіх рэчаў, накшталт старых ёлачных цацак ці паштовак. А сёлета да Новага года Таццяна Сяргееўна вырашыла знайсці незвычайныя фігуркі Дзедаў Марозаў і Снягурак.
Сярод абавязкаў сучаснага бібліятэкара — і правядзенне культурных мерапрыемстваў. Каля сямі гадоў Таццяна Ракіцкая працуе з дзецьмі ў экалагічным клубе “Лесавічок” пры цесным супрацоўніцтве з СШ №5 і настаўніцай Ірынай Дудко. А 21 верасня ў 10.30 гадзін філіял запрашае на свята… бульбы. Арганізатары запэўніваюць, што будзе цікава.
Работа ў чытальнай зале патрабуе дасканалага вывучэння перыёдыкі, таму на чытанне кніг застаецца менш часу (Таццяна Сяргееўна прызналася, што любіць чытаць усё, за выключэннем фантастыкі). Мабыць, адказны падыход да сваіх абавязкаў і прыродная назіральнасць і дапамагаюць ёй “адгадаць”, што бу-дзе цікава таму ці іншаму наведвальніку. Адметна, што па парады нашай гераіні прыязджаюць і з іншых мікрараёнаў горада, і нават з навакольных вёсак. Толькі адно выклікае сум у бібліятэкара са стажам: усё менш дзетак бавіць свой час у чытальнай зале. Але Таццяна Сяргееўна спадзяецца, што моладзь працягвае чытаць, проста робіць гэта іншымі спосабамі.
Пасля размовы асабіста я ўпэўнілася, што да Таццяны Ракіцкай прыходзяць не толькі па перыёдыку, а і па добры настрой.


Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).