Як паведаміў намеснік начальніка РАСК А.М.Марчук, за мінулы тыдзень супрацоўнікамі аддзела было ўзбуджана пяць крымінальных спраў.
+Наслухаўшыся, як часта людзі трапляюць на кручок да злодзеяў, што крадуць грошы з банкаўскіх картак, вырашыў прыкінуцца пацярпелым і жыхар Галасяціна. 30-гадовы мужчына звярнуўся ў міліцыю з заявай, у якой указаў, што невядомыя спісалі з яго карт-рахунка 340 рублёў. Не спыніла яго і папярэджанне аб адказнасці, якая пагражае за заведама лжывае паведамленне.
Вывесці заяўніка на чыстую ваду праваахоўнікам не склала цяжкасці: запісы камер відэаназірання, усталяваныя ў банкамаце, сведчылі, што ён сам зняў наяўныя грошы. За такую хлусню мужчына быў перакваліфікаваны ў абвінавачанага: згодна з часткай 1 артыкула 400 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь цяпер яму можа пагражаць да трох гадоў пазбаўлення волі.