Суббота, 8 февраля 2025

30 января – День белорусской науки

1 706

Больш за паўстагоддзя працуе ў Пружанах Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Тут функцыянуюць пяць навукова-вытворчых аддзелаў, дзе даследаваннямі займаюцца 27 супрацоўнікаў. Тры з іх з’яўляюцца кандыдатамі навук, яшчэ шэсць чалавек працуюць над кандыдацкімі дысертацыямі. Штогод на навуковыя даследаванні расходуецца 500-600 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў.

На станцыі вядуцца даследаванні па пладовых, збожжавых і зернебабовых, крупяных культурах, бульбе, шукаюцца магчымыя шляхі павышэння ўрадлівасці лёгкіх глебаў. За апошнія тры гады распрацаваны тэхналогіі вырошчвання рутвіцы рагатай, эспарцэта пясчанага і суданскай травы на корм і насенне. Вынікам селекцыйнай работы супрацоўнікаў станцыі з’яўляецца перадача ў сортавыпрабаванне сорту чумізы «золушка», суданскай травы «пружанская» і проса «западное».

Ужо сёлета на станцыі пачнуцца работы па адпрацоўцы тэхналагічных прыёмаў вырошчвання чумізы на зерне і насенне, а таксама прадоўжацца даследаванні па тэхналогіі вырошчвання соі і сланечніку.
Аксана Мікалаеўна Карпей — навуковы супрацоўнік аддзела кормавытворчасці, прыйшла сюды дзесяць гадоў назад пасля заканчэння Пружанскага саўгаса-тэхнікума. Пачынала ў аддзеле насенняводства, дзе прайшла шлях ад рабочай да агранома. Завочна закончыла Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Непасрэдна займалася распрацоўкай тэхналогіі вырошчвання рутвіцы рагатай і эспарцэта пясчанага на корм і насенне на лёгкіх глебах. Цяпер Аксана Мікалаеўна вучыцца завочна ў аспірантуры пры навукова-практычным Цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробству. У яе бліжэйшых планах — абарона дысертацыі на атрыманне навуковай ступені кандыдата сельскагаспадарчых навук.
НА ЗДЫМКУ: навуковы супрацоўнік аддзела кормавытворчасці РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» А.М.Карпей.
Мікола Архуцік, Аляксандр Мелеш (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *