На мінулым тыдні ў ДЮСШ № 1 г. Пружаны праходзіў III Рэспубліканскі турнір па грэка-рымскай барацьбе “Белавежская пушча”, у якім нашы юныя волаты аказалі годнае супраціўленне лепшым барцам вобласці і нават краіны.
Аб тым, што нашы спартсмены здольныя прадэманстраваць свой спрыт і выстаяць на барцоўскім крузе ў паядынку з любым з сямідзесяці барцоў з розных куткоў Беларусі, сведчылі ўжо папярэднія схваткі, якія пачаліся ў спартыўнай зале з самага ранку. Толькі пасля іх адбылася відовішчная цырымонія ўрачыстага адкрыцця турніру.
Камандаваў “парадам” трэнер Сяргей Паўлавіч Меншчыкаў, якому была даверана ганаровая місія галоўнага суддзі спаборніцтваў. А прымаў урачысты марш спартсменаў старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П. Кудравец. Пасля раўнення на Дзяржаўны сцяг ён звярнуўся з прывітальным словам да ўдзельнікаў першынства і пажадаў барцам поспехаў, таварыскай узаемадапамогі і набыцця новых надзейных сяброў.
Нарэшце пасля афіцыйных прадмоў заўзятары грэка-рымскай барацьбы пачалі ўважліва сачыць за відовішчнымі кідкамі і захопамі ў фінальных сутычках, у якіх і вызначаліся лепшыя з лепшых. Шчыра кажучы, на барцоўскім крузе бушавалі нежартоўныя пачуцці, аднак прыемна, што сапернікі на крузе і сябры “за кругам” праяўлялі відавочную павагу адзін да аднаго.
Па завяршэнні спаборніцтваў адбылося закрыццё турніру і ўзнагароджанне спартсменаў граматамі і медалямі ў кожнай узроставай групе і вагавой катэгорыі.
Такім чынам, у малодшай групе (2007-2008 г.н.) у вагавой катэгорыі да 44 кг вызначыўся пружанец Кірыл Ляўшыцкі, які атрымаў дыплом III ступені. У групе 2005–2007 г.н. у вазе да 54 кг таксама замкнуў тройку лідараў наш Кірыл Станкевіч.
У старэйшай групе (2002-2003 г.н.) у вазе да 65 кг II месца заняў Віктар Шаўчук, які, дарэчы, у мінулым годзе на турніры быў трэцім. А ў абсалютнай вагавой катэгорыі (больш за 80 кг) другі год запар ніхто не змог скласці канкурэнцыю пружанцу Уладзіміру Бондару, і юны волат зноў атрымаў дыплом I ступені.
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).