
Армія — гэта не проста месца службы, калектыў аднадумцаў, выконваючы святы абавязак па абароне Радзімы. Гэта для многіх яшчэ і сэнс жыцця, сапраўднае прызванне. Менавіта так склаўся лёс у Віктара Вікенцьевіча Якуты.
Нарадзіўся ён у г. Пружаны, закончыў Параслянскую СШ у 1994-м, у наступным годзе быў прызваны ў армію. Тэрміновую ваенную службу праходзіў на 181-й баявой верталётнай базе, дзе прыняў рашэнне звязаць сваё далейшае жыццё з Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь.
Ажаніўся, выхаваў цудоўных дзяцей — сына і дачку. А зусім нядаўна ў Віктара Вікенцьевіча нарадзіўся ўнук, і Якуту можна ўжо лічыць сапраўдным дзедам.
20 гадоў аддаў вайсковец 181-й верталётнай базе, якая стала яму роднай. Па службовай неабходнасці пасля быў пераведзены для далейшага праходжання ваеннай службы на 210-ы
авіяцыйны палігон, дзе старшына Якута працягнуў перадаваць атрыманы армейскі вопыт у забеспячэнні падрыхтоўкі лётчыкаў ВПС нашай любімай Радзімы.
— За 28 гадоў службы ў арміі я ніводнага разу не пашкадаваў, што звязаў сваё жыццё з Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь. І добра, што лёс склаўся менавіта так,— зазначае ўжо ветэран.
Віктар Вікенцьевіч з гонарам выканаў свой вайсковы абавязак і зараз гатовы прыносіць карысць сваёй краіне ўжо ў цывільным жыцці. Віншуем нашага ветэрана з надыходзячым святам — Днём абаронцаў Айчыны. Жадаем Вам доўгіх гадоў жыцця, здароўя і сямейнага дабрабыту, а таксама не супакойвацца і працягваць выхоўваць падрастаючае пакаленне патрыётамі нашай любімай Радзімы — Рэспублікі Беларусь.
Вадзім Сямак,
намеснік камандзіра
